Жанр: баявік, прыгоды
Рэжысёр: Казуакі Кірыя
У ролях: Клайв Оўэн, Морган Фрыман, Кліф Кёрціс, Аксель Хені, Цуёсі Іхара, Шорэ Агдашлу, Пейман Мааадзі, Ан Сон Гі, Пак Сі Ен
Краіна: Паўднёвая Карэя, ЗША, 115 хв.
Адзнака: 7

Сярэднявечча, міжусобныя звады паміж дробнымі каралеўствамі. Іх кіраўнікі нарошчваюць уласныя вайсковыя сілы. Толькі высакародны воін, кароль Бартак, бачыць сілу і будучыню ў адзінстве.

Пры падтрымцы сваіх адданых і загартаваных ў бітвах рыцараў ён здольны аб'яднаць землі. Але ворагі дамагліся смяротнага пакарання Бартака. Яго нашчадкі і верныя рыцары на чале з рыцарам Райдэнам вымушаныя пакінуць радзіму і стаць бадзягамі. Але, хаваючыся ад пераследу ўладаў, Райдэн і яго найлепшыя воіны рыхтуюцца ўзяць рэванш коштам уласных жыццяў.

Сюжэт адсылае да старажытнай японскай легенды пра 47 ронінаў (самотных самураеў), якія пасля гібелі свайго гаспадара згаварыліся адпомсціць яго забойцам адпаведна запаветам бусіда.

Гэты сюжэт быў перанесены сцэнарыстамі ва ўмоўны свет сярэднявечнай Еўропы, дзе кіраўнікі раздробленых каралеўстваў змагаюцца за ўладу не заўжды сумленнымі спосабамі.

Адсылак да сапраўдных гістарычных падзей не даецца, такім чынам узнікае фэнтэзійны свет або альтэрнатыўная гісторыя ў сярэднявечных дэкарацыях.

Здымкі адбываліся ў Чэхіі, у кадры паўстаюць суровыя заснежаныя краявіды і замкі. Няблага пастаўленыя баі ўраўнаважваюцца псіхалагічна моцнымі сцэнамі супрацьстаяння пыхлівага імператара і яго прыхвасняў з сумленнымі і справядлівымі людзьмі караля.

Нягледзячы на пэўную другаснасць сюжэту, нельга не адзначыць выдатную гульню двух зорак — Моргана Фрымана (загінулага караля Бартака) і Клайва Оўэна (рыцара Райдэна).

Каларытным атрымаўся і галоўны злодзей — дарадца імператара Геза Мот, ролю якога выканаў нарвежскі акцёр Аксель Хені («Паляўнічыя за галовамі», 2011).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?