09.04.2015 / 17:59

Апазіцыя ўзгадніла ўмовы, пры выкананні якіх выбары могуць быць прызнаныя дэмсіламі і міжнароднай супольнасцю 3

Шэсць апазіцыйных палітычных структур узгаднілі ўмовы, пры выкананні якіх вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі могуць быць прызнаныя дэмакратычнымі сіламі і міжнароднай супольнасцю.Адпаведную заяву абнародавалі старшыні Аб`яднанай грамадзянскай партыі (АГП) і Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Анатоль Лябедзька і Сяргей Калякін на прэс-канферэнцыі ў Мінску 9 красавіка.

Акрамя Лябедзькі і Калякіна заяву падпісалі лідары Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард, аргкамітэта па стварэнні Беларускай партыі жанчын «Надзея» Алена Яськова, аргкамітэта па стварэнні Беларускай партыі працы Аляксандр Бухвостаў і сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі і Павел Севярынец. 

У заяве адзначаецца, што на выбарах у Беларусі назіраюцца сістэматычныя парушэнні заканадаўства выбаркамамі. Гэта, у прыватнасці, тычыцца працэдуры падліку галасоў, злоўжыванняў пры правядзенні галасавання па месцы знаходжання выбаршчыкаў, прымушэння грамадзян да датэрміновага галасавання. Усё гэта ставіць пад сумненне факт адпаведнасці афіцыйных вынікаў выбараў рэальнаму волевыяўленню выбаршчыкаў, а значыць, і легітымнасць улады.

На думку аўтараў заявы, адсутнасць рэальнай магчымасці выбіраць уладу прывяло «да рэзкага падзення аўтарытэту Беларусі на міжнароднай арэне, згортвання эканамічнага супрацоўніцтва і пагаршэння матэрыяльнага становішча насельніцтва».

Для пераадолення росту праблем беларускім уладам неабходна вярнуць «вяршэнства закону, выконваць канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян, аднавіць прыстойныя адносіны з усімі краінамі-суседзямі і сусветнай супольнасцю, дамагацца кансалідацыі і згоды паміж уладай і грамадствам праз арганізацыю сур`ёзнага грамадска-палітычнага дыялогу ўнутры краіны».

Падпісанты заявы мяркуюць, што прэзідэнцкія выбары з`яўляюцца «спрыяльным момантам для магчымасці змены сітуацыі да лепшага». Каб іх дэмакратычны характар і вынікі маглі быць прызнаныя ўнутры краіны і за яе межамі, уладзе неабходна: вызваліць палітзняволеных і вярнуць ім усе грамадзянскія правы і свабоды і спыніць палітычны пераслед; зарэгістраваць усе грамадскія аб`яднанні і партыі, якім раней у гэтым адмаўлялася; стварыць роўныя ўмовы дзейнасці дзяржаўных і недзяржаўных СМІ і спрасціць працэдуры іх рэгістрацыі.

Акрамя таго, апазіцыя прапануе ўнесці ў выбарчае заканадаўства і рэалізаваць нормы і правілы, якія гарантуюць: прадстаўніцтва палітычнай апазіцыі ў выбарчых камісіях усіх узроўняў; адкрыты і празрысты падлік галасоў выбаршчыкаў; права назіральнікаў атрымліваць любую інфармацыю аб выбарах і фіксаваць працэс падліку галасоў любымі сродкамі; права судовага абскарджання любых рашэнняў выбарчых камісіях усіх узроўняў.

Як падкрэсліў на прэс-канферэнцыі Лябедзька, гэтая заява «з`яўляецца не хадайніцтвам, чалабітнай або просьбай», а «фіксацыяй палітычнай пазіцыі». 

Апошнім часам, адзначыў ён, беларускія ўлады «праз дыпламатычныя каналы актывізавалі сваю працу з міжнароднай супольнасцю» ў сувязі з тым, што ў Беларусі пройдуць прэзідэнцкія выбары. «Ужо пачалася барацьба за тое, каб яны былі прызнаныя свабоднымі і сумленнымі, — сказаў лідар АГП. — Але на сёння гэта не адпавядае рэчаіснасці, бо для таго, каб былі сумленныя выбары, патрэбная, у першую чаргу, палітычная воля беларускага кіраўніцтва, якой сёння няма. Па-другое, павінны быць зробленыя пэўныя змены ў заканадаўстве, чаго сёння таксама няма».

У сваю чаргу Калякін растлумачыў: гэтай заявай палітычныя структуры хочуць данесці да грамадства і ўладаў, што «ў поўнай ступені выбараў у Беларусі няма». Аднак выбары «патрэбныя беларускаму народу як магчымасць уплываць на ўладу, рабіць сваё жыццё лепш, адхіляць ад улады тых, хто не выконвае свае абавязкі», дадаў палітык. 

«Выбары патрэбныя і нам, бо мы — мірныя людзі. Мы лічым, што выбары з`яўляюцца галоўным і найважнейшым механізмам змены сацыяльна-эканамічнага курсу ў краіне. Гэта ўсё можна зрабіць, гэтае пытанне можна вырашыць менавіта беларускім уладам, для гэтага трэба не так ужо шмат», — заявіў Калякін.

0
ПРАВДА ЖИЗНИ. / Адказаць
09.04.2015 / 19:41
Хоть что-то. Один раз и НАВСЕГДА Откажитесь от лояльности и соглашательства с "центризбиркомом" и прочими "администраторами". Помните, что последние Выборы были только в далёком 1994 году. После 1994 года все референдумы и выборы = ОБЫЧНОЕ Ф..ЛО.
0
бюлетень / Адказаць
10.04.2015 / 01:13
Првильна зрабили, галоўнае гэтую пазыцыю данесці да выбаршчыкаў і міжнародных структур... Але дыктатар на гэта скажа наступнае : у нас усё добра, і выбары мы праводзім не для легімытызацыі , а для "беларускага народа " ... Будзе спрабаваць выкруціцца..
0
санитар / Адказаць
11.04.2015 / 14:19
Смех да и только с этих "оппозиционеров"!! Ещё какие-то условия вырабатывают - мышиная возня! А самое смешное, что они решают за всю международную супольность. Эта жалкая кучка, и берёт на себя наглость отвечать за всю международную супольность!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру