09.04.2015 / 18:04

Знойдзены жанчына і яе дачка, якія зніклі 14 гадоў таму і лічыліся забітымі 2

Следчыя органы адшукалі жанчыну і яе дачку, якія зніклі без вестак 14 гадоў таму і 9 гадоў лічыліся забітымі.

Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч, у чэрвені 2006 года ў Кастрычніцкі РАУС Гродна паступіла інфармацыя аб тым, што знікла жыхарка абласнога цэнтра 1963 года нараджэння і яе дачка 1992 года нараджэння. Органы папярэдняга расследавання распачалі па факце знікнення крымінальную справу. 

У ходзе далейшага расследавання з'явіліся звесткі, што абедзве маглі стаць ахвярамі злачынства. З улікам гэтага пракуратура Гродзенскай вобласці распачала справу па факце наўмыснага забойства жанчыны і яе дачкі (п. 1, 2 ч. 2 арт. 139 КК) і спалучыла яе ў адной вытворчасці з крымінальнай справай па факце знікнення. 

У ходзе следчых дзеянняў і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў месцазнаходжанне зніклых устаноўлена не было, а ўскосныя звесткі, якія першапачаткова сведчылі аб забойстве, не знайшлі свайго пацвярджэння. Разам з тым, як адзначаюць ва УСК, прынятыя меры былі не дарэмнымі. На іх аснове ў лютым 2015 года следчыя Гродзенскага міжраённага аддзела СК, якія працягвалі працаваць па крымінальнай справе, атрымалі інфармацыю аб магчымым месцазнаходжанні адшукваных асоб. Прычым падстаў меркаваць, што ў дачыненні да іх учыняліся супрацьпраўныя дзеянні, не было. 

Звесткі былі правераны следчымі і супрацоўнікамі ўпраўлення крымінальнага вышуку УУС Гродзенскага аблвыканкама. У выніку яны знайшлі пацвярджэнне.

Высветлілася, што яшчэ ў 2001 годзе жанчына разам з дачкой добраахвотна выехала на пастаяннае месца жыхарства ў Расію, не паведаміўшы аб гэтым сваякам і знаёмым і разарваўшы з імі адносіны надалей. Дакументы, якія сведчаць асобу, маці і дачка ў РФ не перааформілі, жывучы без рэгістрацыі. Ахвярамі забойства і іншых злачынстваў абедзве не з'яўляюцца.

Следчыя накіравалі ў Расію даручэнне аб аказанні прававой дапамогі для высвятлення ўсіх абставінаў выезду грамадзянак з краіны. Акрамя таго, для дадатковага сведчання іх асоб прызначылі судова-генетычныя і партрэтна-ідэнтыфікацыйныя экспертызы. Пасля выканання гэтых і іншых следчых дзеянняў будзе прынята рашэнне аб спыненні папярэдняга расследавання па крымінальнай справе ў сувязі з адсутнасцю грамадска небяспечнага дзеяння, прадугледжанага крымінальным законам.

0
Хемуль / Адказаць
09.04.2015 / 20:28
Ну раз живые, пусть теперь заплатят коммунальные за 14 лет и налог "за тунеядство". А то, если ты думаешь, что родина про тебя забыла - попробуй не заплатить налоги.
0
Таццяна / Адказаць
10.04.2015 / 01:52
Пакіньце людзей у спакоі! Знайдзіце лепш забойцаў генерала Захаранкі, Віктара Ганчара, Красоўскага, Завадскага!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру