Адмяняць інстытут «залатой акцыі» ў Беларусі пакуль не плануецца, аднак падрыхтаваны праект указа прэзідэнта, які прадугледжвае змяненне крытэрыяў яе ўвядзення. Пра гэта паведаміў старшы саветнік па юрыдычных пытаннях Міжнароднай фінансавай карпарацыі ў Беларусі Валерый Фадзееў 31 студзеня на брыфінгу ў Мінску.

Паводле яго слоў, у якасці падставы для ўвядзення «залатой акцыі» на прадпрыемстве «прапаноўваюцца крытэрыі «канстытуцыйнага плана (што тычацца бяспекі дзяржавы і грамадзян». Раней падставай для ўвядзення «залатой акцыі» магла стаць, напрыклад, нявыплата зарплаты работнікам прадпрыемства ў поўным аб’ёме на працягу трох месяцаў запар або нездавальняючая структура бухгалтарскага балансу прадпрыемства на працягу шасці месяцаў.

Акрамя таго, зазначыў В.Фадзееў, урад «спрабуе выключыць норму, якая прадугледжвала, што на прадпрыемстве з «залатой акцыяй» рашэнне дзяржоргана з’яўляецца абавязковым для выканання і прымаецца без абмеркавання». У праекце новага ўказа за прадстаўніком дзяржавы прапаноўваецца захаваць толькі права «вета» на рашэнні, што прымаюцца па асобных пытаннях.

Паводле слоў В.Фадзеева, новы дакумент утрымлівае яшчэ адно абмежаванне: «залатая акцыя» можа быць уведзена, калі доля дзяржавы ў статутных фондах прадпрыемстваў не перавышае 25%. Пры наяўнасці ў дзяржавы блакіруючага пакета (25% і больш) «залатая акцыя» не патрэбна.

Паводле: Ірына Сазановіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0