Жыхароў двух старых дамоў у цэнтры Горадні высяляюць, каб пашырыць будоўлю. Фірма «Кансэнт» будуе побач кватэры «бізнэс‑клясы». Людзі абураныя, што іх высяляюць у старое жытло, а элітныя кватэры прадаюць па 950‑1300 даляраў за квадратны мэтар.
Карэспандэнт: «У Горадні ўзьнікла канфліктная сытуацыя: фірма «Кансэнт» будуе вялікі дом з элітным жыльлём, як было абвешчана. На месцы будоўлі былі зруйнаваныя некалькі старых дамоў, і цяпер будаўнікам спатрэбілася разбурыць яшчэ два, яны на вуліцы Антонава, 4а і 4б».
Жыхар: «Я ўсе свае сорак сем гадоў тут жыву, з 1961 году, на другім паверсе, на першым — мая маці, ёй 81 год. Яны спачатку хочуць мяне выселіць, а куды маці пашлюць — без паняцьця, а хто яе даглядаць будзе?»
Карэспандэнт: «Хто гэта высяляе — фірма «Кансэнт» ці ўлады?»
Другі жыхар: «Фірма «Кансэнт», што за нашым домам свой будуе».
Першы жыхар: «Прыйшлі і адразу ў суд, на мяне ідзе разбор зь верасьня. Нам прапануюць «бамжатнік»: адзінаццаць тысяч кошт кватэры той, уяўляеце?»
Жыхарка: «У гэтай фірмы зусім няправільныя мэтады работы зь беларускім народам, мы засталіся бяспраўныя. Калі гарвыканкам бурыць у цэнтральнай частцы гораду дамы на Савецкай, на Гарнавых, на Даватара, то людзям даюць новыя кватэры ў новых дамах. А нам вельмі не пашанцавала зь фірмай, якая ўціскае нашыя правы і глядзіць толькі свае камэрцыйныя інтарэсы».
Карэспандэнт: «Скажыце, а вас таксама праз суд высяляюць?»
Другая жыхарка: «Так, таксама гэтак высяляюць, і, як казала суседка, вельмі крыўдна праз тое, што нашыя беларускія ўлады не абараняюць свайго народу, нашых правоў. Мы кінутыя людзі і наймаць адвакатаў ня можам, і на якой падставе павінны гэта рабіць?»
Першая жыхарка: «Прададзена беларуская зямля разам з народам. Вельмі крыўдна, што яны гатовыя зьнесьці дамы, не цікавячыся, дзе мы будзем жыць. Гэта ўсё, што ў нас ёсьць. У нас тут пятае пакаленьне пачынае гадавацца ў гэтых дамах. У нас карані ў гэтую зямлю ўрасьлі».