Мінская сям’я Брэляў тры гады адмаўлялася пераязджаць, бо жыллё, якое ім прапанавалі, не адпавядала нормам заканадаўства. Нарэшце ў іх справе пастаўленая кропка – патрабаванні Брэляў задаволілі. Як кажа глава сям’і, гэта адбылося пасля таго, як пра іх даведаўся мэр Андрэй Шорац.

Дом Брэляў апынуўся фактычна пасярод будоўлі станцыі метро «Вакзальная». Але з’язджаць яны адмаўляліся, бо на малодшага сына не налічылі адпаведную колькасць метраў. Брэлі вырашылі стаяць на сваім, пакуль іх законныя патрабаванні не выканаюць. І, як не дзіўна, у іх атрымалася дабіцца свайго.

«Акрамя трохпакаёўкі, якую прапанавалі спачатку, нам усё ж далі яшчэ адну кватэру, аднушку. То бок, нарэшце ўсё зрабілі па законе. І мы з’ехалі, — распавядае Іван Брэль.

Ён кажа, што інфармацыя пра іх дайшла да кіраўніка Мінгарвыканкама Андрэя Шорца, які і даў каманду гэтую праблему вырашыць. У пачатку сакавіка судовыя выканаўцы прынялі апошнюю спробу выселіць сям’ю з іх дома на ўскрайку будаўнічага катлавана. Але на той момант гісторыя Брэляў ужо «засвяцілася» ў шматлікіх СМІ, ў тым ліку і на «Нашай Ніве». Тады прыставы прынялі «саламонава рашэнне»: Іван, з двума малодшымі сынамі і сваім бацькам, пакінулі памяшканне, але ў доме засталася жонка Наталля з немаўлём.

А на наступны дзень да Брэляў у госці завітаў сам Павал Царук, кіраўнік КУП «Дырэкцыя па будаўніцтве Мінскага метрапалітэна». Роўненька а 9 гадзіне раніцы ён быў на падворку сям’і.

«Я думаю, што ён прыйшоў, бо яму сказалі. Раней жа мы з ім не бачыліся, — мяркуе Іван. – І, наколькі я ведаю, яму далі два тыдні, каб вырашыць пытанне. Ён спытаў, што мы хочам. Мы адказалі, што хацелі б яшчэ адну кватэру, пажадана побач з той трохпакаёўкай. Гэта было немагчыма. Але нам прапанавалі тры варыянты ў розных месцах. Мы не «барзелі», і выбралі кватэру на Алібегава. Вось і ўсё».

Рамонт у кватэрах тыпавы, кажа Брэль, але нармальна. Прэтэнзій у сям’і няма. Усё, за што яны змагаліся, яны атрымалі. Але сам Іван кажа, што вынікам барацьбы стала нічыя.

«Кватэрнае пытанне вырашылі, але, наколькі я ведаю, ніхто з тых, хто ваяваў з намі гэтыя тры гады, не быў прыцягнуты да адказнасці, — тлумачыць ён. – Таму перамогай гэта не назавеш. Проста ўсё па законе».

На развітанне Брэль параіў не здавацца тым, хто адстойвае свае законныя правы.

«Я хачу падзякаваць усім журналістам за іх працу, — кажа Іван. – І пажадаць астатнім, хто змагаецца за свае правы: працягвайце барацьбу. Мы не наймалі адвакатаў, нікому не плацілі, проста змагаліся за свае правы. Наша гісторыя – прыклад таго, што ўласнымі сіламі і ўласным розумам можна перамагчы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?