01.02.2008 / 16:38

«Горад Сонца» не ўвасобіўся як цэльны горад 4

Было б добра дарабіць нешта з дэкору дамоў сярэдзіны 1950‑х згодна з аўтарскімі задумамі, што ня зьдзейсьніліся ў свой час. Архітэктар Ігар Байцоў пра кнігу Артура Клінава.

Нядаўна зьявілася цікавая кніжка «Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца» Артура Клінава, прысьвечаная архітэктуры Менску, а ў «Нашай Ніве» адбылася дыскусія наконт гэтага выданьня (у №44 і №46 за мінулы год). Уся пасьляваенная адбудова Менску і пазьнейшае будаўніцтва адбывалася на маіх вачах, і тэма гэтая для мяне вельмі блізкая.

Выкарыстаньне такіх раскручаных брэндаў, як «Горад Сонца» і «Няміга», дапамагае шаноўнаму аўтару прыцягнуць увагу чытачоў да тэмы, што знаходзіцца па‑за грамадзкай цікавасьцю, — да архітэктуры гораду. На жаль, цесныя рамкі гэтага прыёму прымусілі яго зьвярнуцца да значных спрашчэньняў і мастацкіх перабольшаньняў, якія перашкаджаюць заўважыць, разгледзець і асэнсаваць тое, што ёсьць у сапраўднасьці.

Насуперак сьцьвярджэньням аўтара «Малой падарожнай кніжкі» ў № 46 «НН», «Горад Сонца» не ўвасобіўся як цэльны горад, горадабудаўнічы ансамбль даўжынёю сем кілямэтраў ад плошчы Леніна да парку Чалюскінцаў. У рэальным Менску былі пабудаваныя толькі ўрыўкі ансамблевай забудовы і асобныя дамы ў стылі «савецкага ампіру», якія чаргуюцца з дамамі ранейшых і пазьнейшых часоў. Тое, што прапануецца лічыць «Горадам Сонца», на самай справе ня мае дакладных межаў і не зьяўляецца горадам у горадзе. Маштабы ансамблю былі такімі гіганцкімі, што немагчыма было пасьпець яго пабудаваць да чарговай карэннай зьмены густаў улады і ўсёй парадыгмы будаўніцтва.

Нават на галоўным праспэкце сталіцы за першае пасьляваеннае дзесяцігодзьдзе здолелі ў асноўным узьвесьці толькі часткі задуманага адзінага ансамблю — ад паштамта да цырка і ад Сьвіслачы да плошчы Якуба Коласа, хаця і без заплянаваных горадабудаўнічых акцэнтаў на маскоўскі капыл — высокіх дамоў са шпілямі на Цэнтральнай (цяпер Кастрычніцкая) плошчы і на рагу праспэкта і Даўгабродзкай (цяпер Казлова). Ад плошчы Якуба Коласа да парку Чалюскінцаў толькі галоўны корпус БНТУ з трыма інтэрнатамі можна лічыць архітэктурным ансамблем, а ўся астатняя забудова — проста два шэрагідамоў вельмі рознага архітэктурнага ўзроўню і стылю ў выпадковым парадку, хаця дзе‑нідзе прасочваецца схема былой маштабнай задумы.

Цяперашні праспэкт Незалежнасьці — гэта яркае адлюстраваньне барацьбы супярэчлівых густаў і сьветапоглядаў, барацьбы высокіх памкненьняў і прыземленага практыцызму, а не аднастайная прадукцыя нейкага ўсёмагутнага адміністратыўна‑вытворчага мэханізму, што бездакорна дзейнічае.

Так здарылася, што прэстыжная забудова цэнтру пасьляваеннага Менску першыя год дзесяць вялася ў клясычным агульнаэўрапейскім стылі, які быў дэталёва распрацаваны, адточаны і выпрабаваны на працягу тысячагодзь¬дзяў. Гэта высокамастацкая архітэктурная мова. Яна дае магчымасьць стварэньня вытанчанай гармоніі і безьлічы складаных кампазыцыяў, а яе формы і дэталі прывабныя і для масавага густу. Праектаваньне вялося дойлідамі вышэйшай кваліфікацыі, у якіх быў неабходны для посьпеху мінімум творчай свабоды, хоць і ў жорстка абмежаваных рамках. Палітычная сымболіка ўжывалася вельмі стрымана і не парушала агульнага характару дэкору. Таму ўсё, што было пабудавана згодна з аўтарскімі задумамі, мае вялікую мастацкую вартасьць. Да таго ж, гэтая архітэктура не супярэчыць эстэтыцы былога Менску ні паводле матэрыялаў, ні паводле формаў. Нават зь менскім барока яна родная — гэта галінкі аднаго антычна‑рэнэсансавага дрэва. Гэта высокаякасная аўтарская архітэктура, якую трэба пяшчотна захоўваць, якой можна ганарыцца. Зразумела, што масавае выкарыстаньне клясычнага стылю было анахранізмам і не магло цягнуцца доўга…

Шырока вядома, што ў сярэдзіне 1950‑х з Масквы прыйшла пастанова, у якой «савецкі ампір» быў абвешчаны «архітэктурнымі празьмернасьцямі» і хутка саступіў месца архітэктуры максымальна спрошчаных формаў. Але і праз 50 год недарэчы згадваць, што ў выніку рэзкай зьмены дзяржаўнай палітыкі ў будаўніцтве ў Менску, як і паўсюдна, зьявіліся дамы са скалечанай архітэктурай. Перш за ўсё ахвярамі пастановы сталі ўжо запраектаваныя аб’екты і пачатыя будаўніцтвы. Перапалоханае партыйна‑ўрадавай пастановай начальства патрабавала сьпешна выключыць з праектаў тое, што магло б нагадваць «празьмернасьць». У тых абставінах немагчыма было ўзьвесьці пабудову без парушэньня аўтарскіх задумаў, бяз значных стратаў архітэктурнай якасьці, немагчыма было папярэдзіць недасканаласьці аблічча. Можна ўявіць сабе, што перажылі тыя дойліды, калі іхныя творы на іхных вачах калечылі, а ім самім даводзілася ў гэтым удзельнічаць!

Два васьміпавярховыя сымэтрычныя жылыя дамы абапал праспэкта каля цырка не атрымалі задуманай параднасьці і завершанасьці выгляду. На самых відных месцах добра бачныя дзіўныя абрэзкі архітэктурнага дэкору.

Васьміпавярховы жылы дом на плошчы Якуба Коласа падчас будоўлі быў скарочаны на адзін паверх і спрошчаны абліччам. Таму ён выглядае няўклюдным, прыціснутым цяжкім карнізам, а фасады аздабляюць пустыя круглыя ды паўкруглыя рамкі.

Яшчэ меней засталося ад аўтарскай задумы на фасадах будынка гатэля «Менск» насупраць паштамту — яны пазбаўленыя ня толькі вежкі над галоўным уваходам, але і большасьці архітэктурных дэталяў. Таму будынак выглядае безаблічным, абсалютна чужым і на праспэкце, і на плошчы Незалежнасьці. Грувасткія навесы над уваходамі, што зьявіліся нядаўна, не палепшылі яго выгляду.

Гэта толькі тры з мноства прыкладаў шкодных наступстваў той пастановы, якімі ганарыцца не выпадае. Менску не хапае пераемнасьці. Ён разьвіваўся ня плаўна, а штуршкамі. Раз‑пораз чарговы вецер пераменаў прыносіў звонку новыя вобразы сучаснасьці, якія прымаліся як абавязковыя да ўвасабленьня. Усё пабудаванае раней успрымалася састарэлым, ня вартым сапраўднай пашаны. Каб упэўніцца ў гэтым, вернемся на галоўны менскі праспэкт.

Нічыё вока не парадуе пабудова складанай формы побач з цыркам, што належыць спартоваму ведамству. Яна была пераробленая ў часы барацьбы з «празьмернасьцямі» з дарэвалюцыйнай электрастанцыі. Гэта быў будынак цікавай, арыгінальнай архітэктуры. У выніку рэканструкцыі ён страціў усякую прывабнасьць.

Падобны лёс напаткаў і перадваенны трохпавярховы корпус радыёзаводу (цяпер праспэкт Незалежнасьці, 58). Ён вылучаўся вельмі добрай архітэктурай, але страціў эстэтычную і гістарычную каштоўнасьць пры рэканструкцыі з надбудовай. Побач зь ім пакуль што ў аўтэнтычным выглядзе захоўваецца каштоўны фрагмэнт былой адзінай кампазыцыі — пераходная галерэя і агароджа з уязной брамай у архітэктурным стылі таго часу. Але на гэтым месцы зьбіраюцца будаваць «Гандлёвы дом» у вы¬глядзе шкляной скрыні.

Унікальны даваенны будынак Прэзыдыюму Акадэміі навук пасьля вайны перажыў некалькі недарэчных сэансаў упрыгожваньня, якія парушылі яго гістарычнае аблічча. Цяпер на ім можна бачыць і ампірныя гірлянды і барэльефы са школьнымі глёбусамі з 1950‑х, і гранітныя парталы брэжнеўскіх часоў. Да таго ж ён не падтрыманы забудовай і азеляненьнем, што яго атачаюць.

Знакаміты шэдэўр — Дом ураду — знадворна захаваўся ў добрым стане, але на непамерна вялікай плошчы такой формы, з такой забудовай, з такімі малымі формамі ён цалкам згубіўся і нагадвае састарэлага дзядулю, якога маладзейшыя не паважаюць, а толькі церпяць. Між тым, калі б плошчу і забудову ажыцьцявілі паводле задумы аўтара Дома ўраду І. Лангбарда, гэта быў бы ансамбль міжнароднай значнасьці.

Трэба ведаць, што нават найлепшая клясычная забудова праспэкта з часам страціла многа былой прыгажосьці. Зьнікла частка дэталяў, вытанчанае аўтарскае колернае рашэньне зьмянілася на меней удалае і значна грубейшае. Удзень эстэтыку фасадаў адчувальна пагаршае мноства сафітаў падсьветкі, а калі сьцямнее, фасады страчваюць разнастайнасьць і ператвараюцца ў чароды сьветлавых плямаў.

Бяру ўвагу на вады і недахопы таму, што яны ёсьць і ад іх трэба пазбаўляцца. Папраўляць можна толькі тое, што бачыш. Цяпер, калі Менск стаў сталіцай дзяржавы і расьце патрэба ў яго прэстыжным, яркім і пазнавальным абліччы, настае пара не абмяжоўвацца рэклямай таго, што ёсьць, а па‑гаспадарску паклапаціцца пра аб’яднаньне ўсяго пабудаванага раней у адзінае архітэктурна‑мастацкае цэлае, выправіць несутыкненьні розных пакінутых без заканчэньня пачынаньняў, зьліквідаваць відавочныя недарэчнасьці, запоўніць непатрэбныя прагалы. Вельмі важна адмовіцца ад практыкі пэрыядычнага «пераапрананьня» паводле апошняй моды архітэктурна паўнавартасных будынкаў былых часоў і вярнуць ім гістарычны выгляд — гэта ўзбагаціць аблічча гораду, дадасьць яму прывабнасьці. Было б добра нават дарабіць нешта з дэкору дамоў сярэдзіны 1950‑х згодна з аўтарскімі за¬думамі, што ня зьдзейсьніліся ў свой час.

У фармаваньні ўнікальнага сталічнага вобразу Менску вялікую ролю могуць адыграць гарадзкія панарамы, што добра бачныя зь берагоў Сьвіслачы. Цяпер яны ў далёка не завершаным стане, а ў будучыні могуць набыць вялікую мастацкую якасьць, калі новыя пабудовы, што непазьбежна зьявяцца, будуць упісвацца ў створанае раней, гарманічна дапаўняць яго. Але можа здарыцца так, што пры абыякавасьці грамадзтва, пад моцным націскам прагматызму і вялікіх грошаў, панарамы будуць груба пашкоджаныя зьяўленьнем недарэчных навабудаў, якіх ужо многа ў сьвеце. Наперадзе працяг усё той жа барацьбы творчых і прыземленых памкненьняў…

Ігар Байцоў, архітэктар

0
навіцкі / Адказаць
01.02.2008 / 23:28
І што на ўсё гэнае скажа таварыш Клінаў?
0
навіцкі / Адказаць
01.02.2008 / 23:28
І што на ўсё гэнае скажа таварыш Клінаў?
0
Харэўскі / Адказаць
03.02.2008 / 10:33
Спадар Ігар Байцоў мае рацыю, вельмі трапна й дакладна характарызуючы некаторыя асьпекты горадабудаўнічае практыкі ў паваеным Менску. Але кніга Клінава -- мастацкая! І ніяк яе зьмест не пярычыць думкам сп. Байцова. Проста гэта абсалютна розыня жанры. Дзякуй, спадар Ігар, за зьмястоўны й цікавы допіс!
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру