19.04.2015 / 14:22

Як Расія прадае зброю ворагам расейскамоўнага свету 5

Галоўным афіцыйна абвешчаным ворагам цяперашняга Ірану зьяўляецца Дзяржава Ізраіль. А ў Ізраіле пражывае каля паўтара мільёна расейскамоўных.

«У нас нет комплексов. Потому что мы их поставим Ирану» - ай, як сьмешна калямбурыць у сваім Фэйсбуку піаршчыца МЗС Расеі.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін зьняў забарону на пастаўку зэнітна-ракетных комплексаў С-300 ў Іран паводле кантракту ад 2007 года, спасылаючыся на прагрэс у перамовах па іранскай атамнай праграме і зьмягчэньне санкцый супраць Ірану з боку Захаду. Расея прамым тэкстам патрабуе касаваньне існуючага эмбарга на пастаўку зброі ў Іран.

У далёкім 2007 годзе, калі Расея дамовілася паставіць С-300 Ірану, мы яшчэ жылі ў іншым сьвеце, без вайны на ўсходзе Ўкраіны, без анэксіі Крыму і падтрымкі ДНР-ЛНР дзеля нібыта абароны правоў (а то і фізычнай бясьпекі) расейскамоўных людзей. І ад таго ня менш няёмка гледзяцца цяпер намеры Расеі пастаўляць зброю Ірану.

Галоўным афіцыйна абвешчаным ворагам цяперашняга Ірану зьяўляецца Дзяржава Ізраіль. Узмацненьне іранскага вайсковага патэнцыялу наўпрост пагражае ў першую чаргу Ізраілю. А ў Ізраіле пражывае каля паўтара мільёна расейскамоўных - адна шостая частка насельніцтва. Збольшага імігранты з былога СССР 90-х гадоў, ня толькі габрэі, але таксама і члены іх сямей (якіх пара соцен тысяч). Яшчэ вялікая частка насельніцтва - у трэцім-чацьвертым пакаленьні нашчадкі мігрантаў з былой Расейскай Імпэрыі, пераважна зь Беларусі і Ўкраіны.

Ведаеце, я таксама частка расейскамоўнага сьвету, і ня лічу гэта само па сабе чымсь заганным. І

мне асабіста вельмі крыўдна, што ў Ізраілі расейская мова паступова, але непахісна адмірае: дзеці расейскамоўных імігрантаў яе вучаць рэдка, афіцыйнага статусу яна так і не дамаглася.

І мне крыўдна не ад імпэрыялізма ці шапказакідальніцтва: мне крыўдна проста ад таго, што робіцца менш і менш людзей, з кім у мяне супольная мова, супольная культура. Людзей, якія ведаюць ня толькі агульнасусьветную музыку, літаратуру і кіно, але якія разьдзяляюць і якіясь нашы, «агульнасавецкія» традыцыі і мэмы. Калі так будзе ісьці далей,

праз 50 гадоў адамрэ пакаленьне імігрантаў 90-х, і ад расейскай мовы ў Ізраілі застануцца толькі старыя кнігі на рынку-барахолцы.

Людзі перастаюць быць нашымі землякамі, «нашымі людзьмі». У добрым сэнсе гэтага слова.

Бо расейская дзяржава з сваім хвалёным «Россотруднічеством» і аналягічнымі структурамі імі не асабліва апякуецца.

Падтрымліваць расейскамоўную адукацыю і постсавецкую ідэнтычнасьць сярод мільёну расейскамоўных ізраільцаў, відаць, ня так цікава, як пастаўляць зброю тэрарыстам у Данбасе або рукамі гігіных і крыштаповічаў дадушваць беларускую мову ў Беларусі.

Канечне, бо расейскамоўныя ізраільцы — гэта людзі, традыцыйна скептычныя да савецкай улады, «здраднікі» і ўвогуле жыды. Для цяперашняй расейскай дзяржаўнай ідэалёгіі гэта, відаць, ужо не «расейскі сьвет».

Расея зьбіраецца пастаўляць зброю Ірану, каб ён з гэтай зброі мог забіваць расейскамоўных ізраільцаў. Расея дэ-факта ваюе супраць напалову расейскамоўнай Украіны. Цяперашняя расейская дзяржава — галоўная патэнцыйная пагроза для сувэрэнітэта і бясьпекі напалову расейскамоўнага Казахстана і на тры чвэрці расейскамоўнай Беларусі. Вось, у прынцыпе, усё, што трэба ведаць пра сапраўднае стаўленьне цяперашняй расейскай улады да расейскамоўнага сьвету. На вялікі жаль.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Алесь Чайчыц, Масква

0
Евреи / Адказаць
19.04.2015 / 17:01
IЗраIЛьцы)))
0
13 / Адказаць
19.04.2015 / 19:00
Кажыце ізраіліты...Ізраільцы, неяк не зусім ёмка.
0
с-богдан / Адказаць
19.04.2015 / 22:14
"Расея зьбіраецца пастаўляць зброю Ірану, каб ён з гэтай зброі мог забіваць расейскамоўных ізраільцаў." Алесь, не атрымаецца забіваць з С-300 (пра пастаўкі іншай зброі пакуль гаворкі няма). Гэтая сыстэма выключна паветраныя цэлі састрэльвае (летакі і ракеты), па наземных аніяк не працуе, зусім аніяк. Таму проста зараз ізраільская авіяцыя можа мець большыя страты пры налётох на Іран, не атрымаецца сьцярвятнічаць як у Лібане ці Сырыі. А можа і ня мець гэтых стратаў - С-300 сыстэма даволі ўжо вядомая Захаду (беларусы таму спрыялі прадаўшы некалі амэрыканцом адзін з яе раньніх тыпаў, пазьней заходнія экспэрты мелі магчымасьць вывучаць больш новыя С-300 і ў іншых краінах) і троху-такі састарэлая. І Вы не забывайце, дарэчы, што найбольшы аб'ём вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж Расеяй і Іранам быў дасягнуты ў часы дэмакратычнага прэзыдэнта Ельцына і яшчэ больш дэмакратычнага міністра зам.спраў Козырава. І тады іранцом перадавалі ня сьпісваныя ў самім расейскім войску абарончыя віды ўзбраеньня кшталту С-300, а самыя што ні на ёсьць найноўшыя, у тым ліку наступальнага характару, а некаторыя нават стратэгічна важныя (кшталту падводных чоўнаў). Перадавалі тэхналёгіі і ліцэнзіі (у прыватнасьці на зусім не састарэлыя тады Т-72 ды БМП-2), будавалі адпаведныя заводы, вучылі дзясяткі іранцаў у сусьветнага клясу тэхнічных ВНУ кшталту МАІ. І ведаеце, калі і хто закруціў кранік для Ірана? Пуцін. Пры ім Тэгеран атрымліваў крохі ў параўнаньні з Ельцыным - і крохі тыя былі счарсьцвелымі ды мізэрнымі - пару летакоў, колькі шрубалётаў хутчэй транспартнага характару, колькі дзясяткаў рухавікоў, ну і відаць найбольшая пуцінская пастаўка - амаль тры дзясяткі таксама выключна абарончага характару Тораў (і з іх нікога асабліва не пазабіваеш - яны толькі па небу страляюць). У апошнія гады іранцы нават не змаглі дамовіцца з Масквой пра капрамонт сваіх савецкага часу падводных чоўнаў. І яшчэ адна такая дэталь - а сучасныя крылатыя ракеты Ірану, на якія можна паставіць ядравыя боегалоўкі, хто паставіў? Пуцін можа? Ці ўсё-ткі Ўкраіна? Таму тэма ў Вашым допісе не раскрытая, атрымаўся суцэльна ідэалягічны наезд. Вось Вы тут уздымаеце лямант пра С-300, а іранскія вайскоўцы каторы год бэсьцяць даволі публічна Расею з процілеглай нагоды - за разрыў сувязей з Іранам. І, шчыра кажучы, факт сьведчаць, што яны кажуць праўду.
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру