Дэманстрацыя нацысцкай сімволікі без мэтаў прапаганды не павінна трактавацца як парушэнне закона аб супрацьдзеянні экстрэмізму, лічаць у Раскамнаглядзе.

У ведамстве замовілі юрыдыка-лінгвістычнае даследаванне фармулёвак закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмісцкай дзейнасці», які забараняе прапаганду і публічнае дэманстраванне нацысцкай атрыбутыкі і сімволікі. Эксперт з Маскоўскай дзяржаўнай юрыдычнай акадэміі імя Кутафіна прыйшоў да высновы, што паняцце «прапаганда» знаходзіцца ў прыярытэтнай пазіцыі ў адносінах да тэрміну «публічнае дэманстраванне».

Такім чынам, выкарыстанне нацысцкай сімволікі ў гістарычных, навуковых і падобных мэтах прызнаецца дапушчальным, лічаць у Раскамнаглядзе. «Пры гэтым нацысцкая сімволіка не можа быць выкарыстана з мэтай абразы савецкага народа і памяці аб панесеных у Вялікай Айчыннай вайне ахвярах, для папулярызацыі ідэй нацызму, апраўдання ваенных злачынстваў фашыстаў», — гаворыцца ў заяве.

У красавіку Следчы камітэт РФ распачаў крымінальную справу па факце продажу цацачных салдацікаў з нацысцкай сімволікай ў гандлёвым цэнтры на Лубянцы. Старшыня «Асацыяцыі прадпрыемстваў індустрыі дзіцячых тавараў» Антаніна Цыцуліна тады адзначыла, што заканадаўства не робіць выключэнняў для некаторых катэгорый тавараў, напрыклад, гістарычных гульняў пра Вялікую Айчынную вайну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?