Да пераходу Беларусі на лічбавае тэлевяшчанне засталося 29 дзён. Да 15 мая на ўсёй тэрыторыі краіны завершыцца адключэнне аналагавага тэлевізійнага вяшчання, паведаміў начальнік сектара тэлебачання, радыёсувязі і радыёвяшчання Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Віктар Зайцаў.

Апошнія адключэнні тэлевізійных перадатчыкаў дэцыметровага дыяпазону пройдуць на 10 аб'ектах 15 мая. Сярод іх — Столін, Браслаў, Старыя Дарогі, Мазыр і Калодзішчы, дзе знаходзіцца галоўная станцыя краіны. 

Пакрыццё лічбавым сігналам для атрымання агульнадаступнага пакета перадач, які ўключае восем тэлевізійных праграм («Беларусь 1», ОНТ, «Беларусь 2», СТВ, «РТР-Беларусь», «НТВ-Беларусь», «Беларусь 3» і «Мір»), а таксама радыёпраграму «Першы нацыянальны канал Беларускага радыё», ужо складае больш за 98%. 

Разам з тым, як адзначыў галоўны інжынер РУП «Беларускі радыётэлевізійны перадаючы цэнтр» Андрэй Караім, пасля поўнага пераходу Беларусі на лічбавае эфірнае тэлевяшчанне аналагавыя перадатчыкі двух метровых дыяпазонаў не будуць адключаныя да 1 студзеня 2016 года. «Гэты год вельмі важны для краіны, будуць выбары прэзідэнта, таму першы і другі метровыя дыяпазоны, а гэта пяць тэлеканалаў, плануем адключыць да 1 студзеня 2016 года. Гэтыя тэлеканалы не перашкаджаюць Жэнеўскім пагадненням і не аказваюць уплыву на сумежныя дзяржавы», — сказаў спецыяліст.

Сярод пераваг лічбавага тэлебачання ў Мінсувязі называюць магчымасць перадачы выявы высокага распазнавання, у тым ліку тэлебачання высокай выразнасці (HDTV), са шматканальным гукавым суправаджэннем.

Для жыхароў сельскай мясцовасці важнай перавагай лічбавага тэлебачання з'яўляецца яго высокая абароненасць ад перашкод і большая колькасць даступных тэлеканалаў у параўнанні з аналагавым.

Для прыёму абавязковага агульнадаступнага пакета тэлепраграм неабходны тэлевізар з падтрымкай стандарту DVB-T і фармату кадзіравання MPEG-4 або лічбавая тэлевізійная прыстаўка з аналагічнымі параметрамі, а таксама індывідуальная прыёмная тэлевізійная антэна. 

Пераход на эфірнае лічбавае тэлевяшчанне — гэта агульнасусветная практыка, абумоўленая міжнароднымі абавязацельствамі, у тым ліку Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з дакументамі, прынятымі ў Жэневе ў 2006 годзе, аналагавае тэлевяшчанне ў свеце павінна быць спынена не пазней за 17 чэрвеня 2015 года.

Па ўсіх пытаннях, звязаных з пераходам на лічбавае тэлевяшчанне, карыстальнікі могуць звяртацца ў бясплатную даведачную службу «172».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?