16.04.2015 / 22:25

Памёр духоўны лідар беларусаў свету айцец Аляксандр Надсан 41

Фота Дзяніса Раманюка.

У Лондане на 89-м годзе жыцця памёр духоўны лідар беларусаў свету, уніяцкі святар айцец Аляксандар Надсан.

«Сёння Бог забраў да сябе нашага айца Аляксандра. Гэта здарылася а 22.20 [15 красавіка] у шпіталі Барнэта (Лондан), куды ён быў узяты на лячэнне ў гэты панядзелак у выніку развіцця хваробы нырак. З восені мінулага году айцец цяжка хварэў. Яму было 88 гадоў. Вечная памяць», — паведаміў у сваім фэйсбуку лонданскі святар, пераемнік айца Аляксандра Сяргей Стасевіч.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла ў інтэрв'ю радыё «Свабода» заявіла, што «смерць айца Надсана — гэта вялікая страта для нацыянальнага руху і для Беларусі. Гэтага светлага чалавека будзе бракаваць усім, у каго сэрца баліць за нашу Бацькаўшчыну».

Аляксандр Надсан (прозвішча пры нараджэнні — Бочка) нарадзіўся 8 жніўня 1926 года ў мястэчку Гарадзея (сёння Нясвіжскі р-н Мінскай вобл.). Ён быў грэка-каталіцкім святаром, апостальскім візітатарам для беларусаў-каталікоў у замежжы, а таксама навукоўцам і грамадскім дзеячом.

Вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Ваяваў на баку саюзнікаў: служыў у 2-м Польскім корпусе ў Італіі, дзе браў удзел у баявых дзеяннях і быў паранены. У 1946 г. прыбыў у Вялікабрытанію. Адзін з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі, рэдактар яго часопісаў «Беларус на чужыне» і «На шляху». Быў адным са стваральнікаў Беларускага незалежніцкага народна-хрысціянскага руху.

Скончыў матэматычны факультэт Лонданскага ўніверсітэта. Амерыканцы прапаноўвалі яму дэсантавацца ў Беларусь і ўзяць удзел у збройнай барацьбе супраць саветаў. Ён, як сам прызнаваўся, бачыў марнасць такога шляху. Натомест увосень 1953 года ён паехаў вучыцца ў Грэцкую калегію ў Рыме, каб служыць свайму народу духоўна.

23 лістапада 1958 г. атрымаў свячэнні святара ўсходняга абраду. У ліпені 1959 г. вярнуўся ў Вялікабрытанію. Працаваў выкладчыкам матэматыкі ў Нотынгеме і ажыццяўляў душпастырскую дзейнасць у Цэнтральнай і Паўночнай Англіі. Ад 1961 г. стаў адным з кіраўнікоў беларускай школы імя Кірылы Тураўскага ў Лондане.

Ад 1971 г. кіраваў Беларускай бібліятэкай-музеем імя Ф. Скарыны. Актыўна ўдзельнічаў у працы ЗБВБ, Харытатыўнай секцыі, Англа-беларускага таварыства. У 1981 г. стаў на чале Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі. 30 чэрвеня 1986 г. быў прызначаны на пасаду апостальскага візітатара для беларусаў-каталікоў у замежжы. Стваральнік і кіраўнік Камітэта дапамогі ахвярам Чарнобыля.

Ён выканаў шматлікія пераклады літургічных тэкстаў на беларускую мову, быў глыбокім даследчыкам гісторыі беларускай царквы і культуры. Ганаровы доктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

А. Аляксандр Надсан: Бог захацеў, каб мы сталі беларусамі

Айцец Аляксандр Надсан: Фотаальбом

nn.by

0
з...лы беларус / Адказаць
16.04.2015 / 07:56
Сьветлая памяць!
0
VadziA / Адказаць
16.04.2015 / 08:41
Хай зямелька станецца пухам!
0
Сяргей / Адказаць
16.04.2015 / 08:54
Светлая памяць...
Паказаць усе каментары/ 41 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру