16.04.2015 / 08:21

Як а. Аляксандр Надсан заснаваў Беларускую бібліятэку ў Лондане

Гутарка Алеся Чайчыца з а. Аляксандрам Надсанам 2011 г.

Беларуская бібліятэка імя Францішка Скарыны — кавалачак Беларусі, якіх мала ў самой Беларусі. Бібліятэка размяшчаецца ў маляўнічым ціхім прадмесці на поўначы Лондана. Пасярод утульных фахверкавых катэджаў з добраўладкаванымі садкамі месціцца невялікая «беларуская вёска»: Беларуская бібліятэка, Марыян Гаўс (місія беларускіх манахаў-марыянаў) і жылы дом беларускай каталіцкай місіі ў Брытаніі. Яшчэ адзін суседні дом, што належаў беларускай місіі, быў нядаўна прададзены, а на тэрыторыі побач з Марыян Гаўс цяпер плануецца будаўніцтва царквы.

[Сёння, 8 жніўня (2011 г.), айцу Аляксандру Надсану спаўняецца 85 год. Таксама сёлета спаўняецца 40 гадоў з дня ўрачыстага адкрыцця Скарынаўскай бібліятэкі ў Лондане. Падвойны юбілей бібліятэкі і аднаго з яе заснавальнікаў — нагода яшчэ раз узгадаць пра гісторыю стварэння і пра ролю гэтай унікальнай беларускай установы].

Алесь Чайчыц: Давайце пачнем храналагічна: як з’явілася ідэя стварэння бібліятэкі, каму яна належала?

Айцец Аляксандр Надсан: Бібліятэка як збор кнігаў існавала ўжо здаўна, амаль з тых часоў, як беларусы, што ў час вайны апынуліся ў польскім войску ці ў Нямеччыне, прыехалі ў Вялікую Брытанію. У 1947 г. ў Лондан прыехаў айцец (будучы біскуп) Чэслаў Сіповіч, вялікі кнігалюб. Ён ужо тады пачаў збіраць кнігі, і мы яму дапамагалі. Гэта была прыватная калекцыя, якая захоўвалася ў Марыян Гаўс [доме беларускай каталіцкай місіі ў Лондане — АЧ].

Потым я паехаў у Рым і вярнуўся святаром у 1959 г. Хутка пасля сюды прыехаў айцец Леў Гарошка, які перад гэтым быў у Парыжы, таксама вялікі кнігалюб.

Думка пра бібліятэку прыйшла ў канцы 60-х гадоў.

Памятаю, як мы выйшлі на прагулку — біскуп Сіповіч, айцец Гарошка і я, і біскуп Сіповіч кажа: «Давайце будзем засноўваць беларускую бібліятэку». Мы кажам: «Давайце»,

але ані грошай, анічога у нас на гэта не было. Ужо вяртаючыся дахаты з прагулкі мы абмяркоўвалі, які дом нам патрэбны пад бібліятэку.

У гэты час якраз прадаваўся такі дом. Суседнія два дамы ўжо былі нашы, а насупраць быў Марыян Гаўс — таму гэта было вельмі выгодна. Мы дамовіліся з гаспадарамі і купілі дом. Пры гэтым залезлі ў даўгі. Трэба сказаць, што беларусы, якія жылі за мяжой, разумелі патрэбу ў такой установе, і шмат дапамаглі. Але вялікую суму мусілі заплаціць мы самі, святары.

АЧ: Беларуская каталіцкая місія ў Лондане?

АН: Так. Нашыя даходы былі малыя, і з тых даходаў мы бралі палову, каб з голаду не памерці, а палову аддавалі на бібліятэку.

Пасля кожны з нас склалі ўсе кнігі разам, і так паўстала бібліятэка, якая пачала расціпамаленьку. На 1971 год, калі бібліятэка была афіцыйна адчыненая, тут ужо было сабрана даволі шмат кнігаў, пераважна з прыватных збораў айцоў Сіповіча і Гарошкі і, у меншай ступені, маёй.

Айцец Гарошка хутка пасля гэтага зноў выехаў з Лондана — гэтым разам у Рым, дзе стаў кіраўніком беларускай праграмы Ватыканскага радыё. Мы з біскупам Сіповічам засталіся тут.

Праз дзесяць гадоў, у 1981 г., біскуп Сіповіч памёр, і з таго часу ўсё лягло на мае плечы.

АЧ: З якой мэтай засноўвалі бібліятэку?

АН: Мэта заснавання бібліятэкі была падвойная: перадусім, сабраць як мага больш матэрыялаў пра Беларусь і на беларускай мове. Каб даць магчымасць тым, хто цікавіцца Беларуссю на Захадзе, знайсці патрэбную інфармацыю. Пра Беларусь на Захадзе ў той час практычна нічога не было вядома.

Па-другое,

было неабходна захаваць ад знішчэння шмат матэрыялаў, якія былі на прыватных руках.

Шмат маладых беларусаў выехалі з Беларусі ў часе вайны ці хутка пасля вайны, маючы з сабою якія-небудзь адну-дзве кніжкі. Пасля, на эміграцыі, яны паміралі, і жонкі, звычайна чужынкі, выкідвалі гэтыя кнігі на незразумелай ім мове.

АЧ: То бок, кнігі збіралі ўсім беларускім замежжам?

АН: Так. Беларусы разумелі патрэбу гэтага, дзякаваць Богу.

Акрамя гэтага мы сачылі за навінкамі, шукалі і куплялі іх. Шукалі па антыкварыятах розных краінаў: у Нямеччыне, Галандыі, Францыі — усюды, дзе магчыма. Вельмі часта нам удавалася купіць вельмі рэдкія і вельмі каштоўныя кнігі.

АЧ: Ці можаце прывесці прыклады такіх цікавых знаходак?

АН: Беларускія старадрукі XVI–XVII стагоддзя. Шмат кніг XIX стагоддзя. Напрыклад, «Записки Іосифа Митрополита Литовскаго» 1883 г. — запісы біскупа Сямашкі, які знішчаў царкоўную Унію.

Маем такія рэдкія кнігі, як «Беларускі архіў», выдадзены ў 1824 годзе ў Маскве, які склаў вядомы тагачасны праваслаўны святар-беларус Грыгаровіч. Гэта першы археаграфічны зборнік беларускіх дакументаў.

Можна распавядаць шмат —

нам удалося набыць сотні цікавых кнігаў з гісторыі Беларусі, з гісторыі Царквы на Беларусі, якія цяпер даступныя для ўсіх, хто гэтым цікавіцца.

АЧ: Паралельна з бібліятэкаю з’явіўся і музей…

АН: Музей — як бы дадатак да бібліятэкі, бібліятэка важнейшая, але і ў музеі таксама ёсць некалькі цікавых экспанатаў: слуцкія паясы, старыя манеты Вялікага княства Літоўскага, пачынаючы ад срэбнай грыўны.

Вельмі важным таксама было збіранне архіўных матэрыялаў. Маем дакументы з канца XV стагоддзя і аж да сённяшняга дня.

АЧ: Напэўна, шмат архіваў, звязаных з Беларускай Народнай Рэспублікай?

АН: Ёсць пэўныя старыя дакументы БНР 20-х гадоў. Таксама мы збіралі архівы беларускіх арганізацыяў у розных краінах. Напрыклад, маем архівы арганізацыі беларускіх скаўтаў у Нямеччыне, Хаўрусу беларускіх работнікаў у Францыі — арганізацыі, якая дзейнічала яшчэ перад вайною. Ёсць архівы з Канады, ЗША, іншых краінаў.

АЧ: Атрымліваецца такі глабальны архіў беларускай дыяспары…

АН: Так, глабальны архіў. Усе гэтыя архівы вось стаяць у нас у скрынках.

Плюс, у нас царкоўныя архівы, архівы беларускіх святароў, якія ўжо памерлі: айцоў Гарошкі, Татарыновіча, Салаўя, Падзявы, Германовіча і іншых. Найбольшы архіў, безумоўна, біскупа Сіповіча — гэта цэлая шафа. Ёсць дакументы адносна беларускай царквы ХІХ стагоддзя. Самы стары рукапіс у нас — з канца ХV стагоддзя.

АЧ: Царкоўныя архівы, напэўна, дапамаглі потым адраджаць царкву ў Беларусі пасля таго, як сышла савецкая ўлада?

АН: Царква пачала адраджацца, калі яшчэ быў Савецкі Саюз, і архівы былі сапраўды важныя. Калі я цяпер пішу кнігі пра беларускую царкву — пра біскупа Сіповіча, пра марыянаў у Друі ці пра княгіню Радзівіл — усе адпаведныя архівы знаходзяцца тут у нас у бібліятэцы. І шмат яшчэ архіваў застаюцца неапрацаванымі, чакаюць навукоўцаў, якія б імі заняліся.

АЧ: Наколькі беларускім навукоўцам цікавыя гэтыя матэрыялы?

АН: У нас было даволі шмат наведвальнікаў з Беларусі ў канцы 80-х і пачатку 90-хгг. Цяпер іх крыху паменшала, але тым не менш да нас прыязджаюць працаваць.

АЧ: Якія ў бібліятэцы ёсць кнігі з дарчымі надпісамі аўтараў?

АН: Ёсць кніга расійскага гісторыка П. Уладзімірава «Докторъ Францискъ Скорина», 1888 году. На гэтай кнізе маецца цікавы дарчы надпіс гісторыку Станіславу Пташыцкаму, паляку з паходжання. З цяперашніх аўтографаў — многія беларускія пісьменнікі даслалі і дасылаюць нам свае падпісаныя кнігі. Маем аўтографы Быкава, Караткевіча — ён перад смерцю даслаў нам сваю апошнюю кнігу. Ёсць кнігі з аўтографамі Барадуліна, Гілевіча, Мальдзіса і многіх іншых.

АЧ: Гэта гонар для аўтара, калі яго кніга маецца ў такой знакавай бібліятэцы…

АН: А мы ўдзячныя за тое, што нам дасылаюць.

АЧ: Ці багата маеце рукапісаў беларускіх пісьменнікаў у зборы?

АН: Якраз рукапісаў не так шмат. Ёсць нешта Арсенневай, Ілляшэвіча, Салаўя.

Ёсць таксама рукапісы Купалы і Коласа, у тым ліку рукапіс вядомай паэмы Купалы «Курган».

Самы ранні рукапіс Коласа, які ёсць у нас, гэта «Другое чытанне для дзетак-беларусаў» з 1905 — 1907 гг.

АЧ: Якія цікавыя людзі наведвалі бібліятэку? У пачатку 90-х гадоў сюды прыязджала шмат урадоўцаў?

АН:

Шмат дзеячоў з усяго свету бывалі ў нашай бібліятэцы, усіх не магу прыгадаць.

Сярод больш вядомых былі Пазняк, Шушкевіч; пісьменнікі, паэты — Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін. З палітыкаў таксама Пятро Краўчанка. З царкоўных дзеячоў адведаў нас украінскі архібіскуп мітрапаліт Іосіф Сліпый, калі бібліятэка толькі была заснаваная. Многія пакінулі запісы ў кнізе гасцей.

АЧ: А лукашэнкаўскія чыноўнікі бывалі якія-небудзь?

АН: Усе беларускія амбасадары ў Брытаніі да нас прыходзілі. Быў Казулін (ягоны запіс ёсць у кнізе), Мясніковіч. Мы ўсіх прымаем.

Вельмі балюча толькі, што многія высокапастаўленыя беларускія ўрадоўцы не валодаюць беларускай мовай.

Добра, што акрамя ўрадоўцаў прыязджаюць цэлыя групы моладзі.

АЧ: Ці праяўляла незалежная беларуская дзяржава цікаўнасць у тым, каб дапамагчы бібліятэцы?

АН: Можа і лепш, што не [смяецца].

АЧ: А акадэмічнае супрацоўніцтва з афцыйнымі ўстановамі існуюць?

АН: Было вельмі добрае супрацоўніцтва з бібліятэкай Акадэміі навук, але цяпер з гэтым стала цяжэй — і нам, і ім. Падаражэлі паштовыя паслугі, падпіска на спецыялізаваныя часопісы, якія Акадэміі навук былі патрэбныя ў Брытаніі.

АЧ: То бок, перадусім з матэрыяльных прычынаў?

АН: Так. Акрамя таго, у самой Беларусі беларуская выдавецкая справа цяпер слабая. Мы атрымліваем кнігі адтуль, знайшлі іншыя спосабы здабываць літаратуру — але зрабіць нейкі афіцыйны абмен з Беларуссю вельмі цяжка.

АЧ: Фонд бібліятэкі працягвае папаўняцца?

АН: З вялікай цяжкасцю.

АЧ: Пошукі рэліквій па антыкварах ідуць надалей?

АН: Цяпер антыквары ўжо зусім не тыя, што ў 60-я, 70-я і нават 80-я гады. Гадоў праз дваццаць пасля вайны ў антыквараў у Заходняй Еўропе, асабліва ў Нямеччыне, пачалі з’яўляцца сапраўды сотні цікавых нам кніг. Магчыма, іх у час вайны вывезлі з Беларусі, і тады сталі распрадаваць. Але гэты быў вельмі кароткі час: гадоў праз дзесяць усё скончылася.

АЧ: Ці было супрацоўніцтва з такімі ж установамі ў іншых краінах? У Празе, здаецца, беларусы нядаўна стварылі бібліятэку…

АН: У Празе бібліятэку толькі цяпер стварылі, спадзяюся, што яна будзе расці. У Амерыцы, на жаль, нічога створана не было — магчыма, былі іншыя абставіны. Там болей беларусаў, чым тут, і магчымасці, у тым ліку матэрыяльныя, былі — але чамусь не склалося.

Некаторыя амерыканскія беларусы збіралі прыватна і сабралі вялікія зборы кнігаў — доктар Вітаўт Тумаш (выдатны чалавек і скарыніст), сям’я Кіпеляў, доктар Мацей Смаршчок.

Наколькі ведаю, некаторыя амерыканскія беларусы перадалі свае прыватныя бібліятэкі амерыканскім універсітэтам. І гэта вельмі добра — ва ўніверсітэцкіх бібліятэках кнігі не прападуць і будуць даступныя для даследчыкаў — галоўнае, каб людзі ведалі, дзе шукаць. Плюс, значную частку кнігаў людзі з Амерыкі, канечне, перадалі нам у Лондан. Шмат кнігаў перадалі Чэслаў Будзька з Чыкага, Антон Адамовіч з Нью-Ёрка. У Нью-Ёрку таксама была букіністычная крама, дзе я купіў шмат кнігаў.

Шмат архіваў з Амерыкі маем тут — архіў біскупа Ўладзімера Тарасэвіча, архіў святара Чэслава Будзькі — вельмі каштоўныя даваенныя кнігі, якія яны ўсе перадалі нам.

АЧ: Наколькі заходнія навукоўцы ведаюць пра бібліятэку і карыстаюца ёю?

АН: Ведаюць і карыстаюцца — мы маем сувязі з брытанскімі бібліятэкамі, дзе ёсць усходнееўрапейскія аддзяленні. Супрацоўнічаем з ангельскімі ўніверсітэтамі, па матэрыялах нашае бібліятэкі было напісана ўжо нямала навуковых працаў.

АЧ: Толькі з Брытаніі, ці таксама з іншых краінаў?

АН: З Брытаніі больш за ўсё, але прыязджаюць навукоўцы (славісты, гісторыкі) і з іншых краінаў — з Амерыкі, з Ізраіля, Нямеччыны, Аўстраліі.

Беларусь не вельмі вядомая ў свеце, але дзякуючы таму, што бібліятэка існуе, расце і зацікаўленне.

АЧ: То бок самое існаванне бібліятэкі — гэта як сцяг: раз ёсць бібліятэка, значыць людзі ведаюць, што ёсць і такая краіна.

АН: Так.

АЧ: Як Вы бачыце будучыню бібліятэкі, як яна павінна далей развівацца, на Вашу думку?

АН: Вельмі цяжка казаць, я шмат думаю пра гэта, як і пра далейшае існаванне місіі. Зараз чакаем сканчэння рамонта Марыян Гаўс, потым хачу сабраць нашу бібліятэчную раду, каб думаць, як бібліятэцы далей існаваць. Мне ўжо 85 гадоў, пара думаць пра тое, каб нехта заняў маё месца. Справа нават не фінансавая, а ў чалавеку, які б гэтым займаўся.

Яшчэ шмат недахопаў у бібліятэцы: каталог не скончаны, а я гэтым займацца ўжо не магу. Але ёсць тут і багацці, якіх больш нідзе няма.

Калі б Беларусь была сапраўды незалежнай і беларускай, трэба было б, каб урад пераняў на сябе кіраванне бібліятэкай, і мы б з радасцю яму яе аддалі.

Брытанцы маюць British Council у іншых краінах, немцы — Гётэ-Інстытут. Скарынаўская бібліятэка была б такім беларускім культурным цэнтрам пры амбасадзе Беларусі.

Але

пры сучасных абставінах мы не маем маральнага права і не хочам перадаваць бібліятэку ў рукі сучасных уладаў, дзе нават прэзідэнт не размаўляе па-беларуску.

Добра, што мы не спяшаліся рабіць гэта ў пачатку 90-х гадоў і чакалі, пакуль курс на незалежнасць і беларускасць у Беларусі замацуецца.

Дзякуй Богу, што бібліятэка ёсць, і я думаю, што яна будзе існаваць надалей і прыносіць карысць. Але ў вялікай ступені гэта будзе залежаць ад самой Беларусі. Калі Беларусь будзе сапраўды беларускай, тады ўрад будзе зацікаўлены ў развіцці бібліятэкі.

***

Адрас бібліятэкі: 37 Holden Road, London N12 8HS (найбліжэйшая станцыя метро — Woodside Park)

 

Алесь Чайчыц

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру