16.04.2015 / 09:52

Памёр літаратуразнаўца Уладзімір Содаль 15

Каля помніка Купалу.

Беларускі літаратуразнаўца Уладзімір Содаль памёр вечарам 15 красавіка. Яму было 78 гадоў.

Сп. Уладзімір апошнім часам цяжка хварэў, яго шпіталізавалі з праблемамі нырак, дадаўся цукровы дыябет і інфаркт.

Развітанне з Уладзімірам Содалем пройдзе 18 красавіка (субота) ад 11 да 13 гадзіны ў рытуальнай зале пры гарадской клінічнай бальніцы №9 (вул.Сямашка,8).

Уладзімір Содаль даследаваў творчасць Францішка Багушэвіча, В. Дуніна-Марцінкевіча, Я. Купалы, Зоські Верас. Ён быў шматгадовым аўтарам «Нашай Нівы», даследчыкам біяграфій яе заснавальнікаў — Аляксандра Уласава, Янкі Купалы, Браніслава Тарашкевіча, Язэпа Драздовіча.

Шлях яго да Беларушчыны быў пакручастым. Пасля заканчэння Мормальскай беларускай сярэдняй школы У.Содаль працаваў электрыкам у Мурманску (Расія) на суднарамонтным ваенным заводзе. Пасля вучыўся ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя Максіма Горкага, працаваў педагогам у дзіцячым туберкулёзным санаторыі «Астрашыцкі гарадок» і рэдактарам Беларускага тэлебачання, дзе ўзначальваў студыю «Ліцэй» і быў адным з заснавальнікаў навучальнага тэлебачання. За 34 гады працы на БТ падрыхтаваў шэраг асветніцкіх праграм, у тым ліку «У кожнага была свая вайна».

Першыя свае апавяданні У.Содаль апублікаваў у 1955 годзе ў газеце «Піянер Беларусі». З’яўляецца аўтарам шэрагу кніг і дыяфільмаў пра класікаў беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, пра нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага.

Пахаваюць пісьменніка і літаратуразнаўца на могілках у Астрашыцкім гарадку, каля маці.

Чытайце таксама:

Уладзімір Содаль. Пунькі. Радзіма Драздовіча

Уладзімір Содаль. Ванда ў Купаліхі

Уладзімір Содаль. Малодшы брат Багушэвіча

Уладзімір Содаль. Фантастычны лёс Зінаіды Бандарэнка

Уладзімір Содаль. Круцяць Марачкіну рукі

Уладзімір Содаль. Памяць пра Аўласа

Уладзімір Содаль. Купала і Ўласаў

0
licvin / Адказаць
16.04.2015 / 10:12
RIP
0
Ясь / Адказаць
16.04.2015 / 10:26
Сьветлая памяць Беларусу!
0
Анатоль / Адказаць
16.04.2015 / 10:37
Гэта быў сапраўдны Руплівец Беларушчыны. Апантаны і няўрымсьлівы. Вечны спакой яму. А працы ягоныя застануцца з намі.
Паказаць усе каментары/ 15 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру