Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю амерыканскаму прафесару Грыгорыю Ёфе ў 2011 годзе распавёў, чаму ўмяшаўся ў расследаванне гучнай справы зніклых у 1999—2000 гадах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага.

Нагадаем, у 1999—2000-х гадах пры не да канца высветленых абставінах зніклі экс-міністр МУС Юры Захаранка, былы кіраўнік ЦВК Віктар Ганчар, яго сябар бізнэсмен Анатоль Красоўскі і журналіст Зміцер Завадскі.

У беларускіх праваахоўнікаў з'явілася падазрэнне аб дачыненні прадстаўнікоў улады да гучных выкраданняў. 23 лістапада быў арыштаваны камандзір брыгады спецназа ўнутраных войскаў МУС Дзмітрый Паўлічэнка. Яго арышту папярэднічаў рапарт начальніка СІЗА №1 Алега Алкаева — аб канфіскацыі так званага «расстрэльнага» пісталета напярэдадні знікненняў Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. Пад падазрэнне трапіў даўні паплечнік Лукашэнкі Віктар Шэйман. Аднак у СІЗА Паўлічэнка правёў усяго некалькі гадзін. Ён быў выпушчаны па асабістым распараджэнні прэзідэнта. Праз некалькі дзён сваіх пасадаў пазбавіліся генеральны пракурор Алег Бажэлка і старшыня КДБ Уладзімір Мацкевіч. Месца Бажэлкі заняў Віктар Шэйман.

(У гутарцы Аляксандра Лукашэнкі і Рыгора Ёфе ў 2011 годзе таксама ўдзельнічаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Радзькоў, які займае сёння пасаду памочніка кіраўніка дзяржавы)

Ёфе: Чаму Вы спынілі дасудовае расследаванне па справе арыштаванага Паўлічэнкі і замест яго звольнілі генеральнага пракурора Алега Бажэлку і старшыню КДБ Уладзіміра Мацкевіча, якія арыштавалі Паўлічэнку? Ва ўсіх вашых біяграфіях…

Лукашэнка: Шчыра, я не памятаю.

Радзькоў: Бажэлка вырашыў звольніцца, ён папрасіўся ў адстаўку.

Лукашэнка: Мне здаецца, я перавёў Бажэлку на іншую пасаду. Мы з ім па-ранейшаму маем зносіны, не наўпрост, але праз іншых людзей. І былі яшчэ нейкія пытанні з нагоды яго сына… Сам Бажэлка быў прыстойным і прынцыповым чалавекам. Вядома, ён быў калгасны такі хлопец, але ён нармальны чалавек быў…

Ёфе: Але ў дадзеным выпадку гаворка не пра Бажэлку. Гаворка пра тое, што Паўлічэнка быў арыштаваны па падазрэнні ў забойстве.

Лукашэнка: Ну і даказалі яму гэта забойства?

Ёфе: Паняцця не маю.

Лукашэнка: Крымінальная справа была закрытая. Было праведзена расследаванне, але справу закрылі. Я ўмяшаўся. Я спытаў: чаму вы саджаеце яго ў турму? Чаму? Вы схапілі яго на вуліцы і пасадзілі ў турму. Працягвайце расследаваць справу. Тым больш, ведаеце, на Паўлічэнку і тады было накатаў шмат. Чаму? Таму што ён узначальваў АМАП у Менску, і калі нашы [нацыяналісты] зладзілі дэманстрацыю і хацелі скінуць уладу, у Паўлічэнкі была вельмі хуткая рэакцыя. Ён быў не так за прэзідэнта — ён быў сапраўдным афіцэрам. Вось ёсць загад — я гэта зраблю. І на яго там з розных бакоў набягалі. Калі яны прыйшлі да мяне і сказалі, што яны дапытваюць яго і што ў іх ёсць падазрэнні супраць яго, я спытаў, якія ў іх былі доказы, бо Паўлічэнка быў не проста чалавекам з вуліцы. Ён заўсёды быў ворагам нашай пятай калоны. Страшны вораг. Я ім сказаў: пакажыце мне свае доказы. Яны сказалі, што ў іх ёсць запіс. Я сказаў: добра, прынясіце яго мне, і я паслухаю.

Ёфе: Вы маеце на ўвазе запіс...

Лукашэнка: Запіс допыту. Яны прынеслі надрукаванае. Я кажу: а зараз прынясіце мне рэальны запіс. І аказалася, што яны не супадалі, некаторыя часткі былі прапушчаныя.

Радзькоў: Яны ўсё змантавалі…

Лукашэнка: Я ім кажу, што я параўнаў запіс з тым, што яны надрукавалі, і знайшоў нестыкоўкі. Гэта што, допыт з прыдзіркамі? Адпусціце яго! Я бяру на сябе адказнасць — калі ён уцячэ, я вазьму гэта на сябе. Але ён нікуды не ўцёк…

Ёфе: Так навошта ім спатрэбілася фабрыкаваць справу?

Лукашэнка: Яны хацелі злавіць каго-небудзь і закрыць справу.

Ёфе: Але гэта, вядома, у кантэксце знікнення Ганчара і Красоўскага.

Лукашэнка: Я дакладна не памятаю. Красоўскага, Ганчара і, магчыма, Завадскага. Гэта было, як кажуць тут, «справа скрадзеных».

Ёфе: Але яе так і не раскрылі да гэтага часу …

Лукашэнка: Мы не закрываем гэтую справу.

Ёфе: І нічога не знайшлі да гэтага часу.

Лукашэнка: Я прывяду Вам адзін прыклад. Мы знайшлі артыкул у нямецкай газеце. Там было фота нашага былога міністра ўнутраных спраў Захаранкі. Да таго часу мы пяць гадоў расследавалі яго знікненне і не маглі нічога знайсці, а ў іх ёсць фота. Мы яшчэ захоўваем гэтую газету. Наш МЗС адправіў ім інфармацыйны запыт. Адказу не прыйшло.

Ёфе: Гэта значыць, Вы хочаце сказаць…

Лукашэнка: Я нічога не хачу сказаць. Але я магу падазраваць? Калі Вы мне не даяце адказу, вось Вы напісалі на нямецкай мове ў сваёй газеце. Не памятаю, якая гэта газета, вядомая газета. Дзе гэта? І прычым тут Паўлічэнка? Але гэта ўжо цяпер. Ну а потым яе расследавалі, гэтую крымінальную справу. Прыйшлі-папрасілі прабачэння — і перад Паўлічэнкам папрасілі прабачэння. І мы яго вымушаныя былі аднавіць на пасадзе.

Ёфе: То бок ён абсалютна не датычны.

Лукашэнка: Абсалютна. Вы мне дакажыце, што ён вінаваты — пойдзе, загрыміць пад фанфары. Але калі гэта не даказана. Што, чалавек — іголка ў стозе сена? Не.

Ёфе: Ну Вы ж разумееце, што гэта справа аб знікненні. Яна як бы навечна стала нейкім, я нават не ведаю як сказаць — ёсць такі тэрмін па-ангельску «чырвоны селядзец». Гэта як громаадвод, тое, што прысутнічае ў пакоі і ўсе на гэта звяртаюць увагу.

Лукашэнка: Ну добра, а што такіх мала «селядцоў» ў нас? Памятаеце Карпенку такога? (Генадзь Карпенка, адзін з лідараў беларускай апазіцыі, раптоўна памёр у 1999 годзе, па дадзеных медыкаў, ад інсульту — TUT.BY) Так званы апазіцыянер. Мы з ім сябравалі і ў добрых адносінах былі. Ён, я, Ганчар Віктар — у добрых былі адносінах. Ну я пра іх усё ведаў, і яны пра мяне ўсё ведалі.

Ёфе: Ёсць жа такое меркаванне, што Ганчар і Булахаў (экс-дэпутат Вярхоўнага савета Дзмітрый Булахаў — TUT.BY) прывялі Вас да ўлады.

Лукашэнка: Ага. Яны самі сябе бачылі ва ўладзе. Пра што вы кажаце? Яны мяне прывялі да ўлады.

Ёфе: Але пры гэтым яны думалі. Гэта я Вам кажу пра тое меркаванне, якое выкладзена ў друку. Пры гэтым яны думалі, што яны будуць кіраваць.

Лукашэнка: Так, яны думалі, што прыйдзе тут, ведаеце, вясковы хлопец — а так і было спачатку. І была спроба. Першае, што зрабіў Ганчар, ён прыйшоў з прапановай прадаць некалькі тысяч тон калійных угнаенняў там недзе. Я кажу: пачакай. А мне дырэктар — так здарылася ў перадвыбарчую кампанію — кажа: Вы ведаеце, уся бяда ў тым, што ў нас усё прадаюць. Трэба лекі — прадай тысячу тон калію. Прадай — купі лекі. І канкурэнцыю самі сабе стваралі, цана была ніжэйшай за плінтус. Ніжэйшая за сабекошт. І генеральны дырэктар Беларуськалія, ці то Калугін тады быў, кажа: Што трэба? Трэба каб мы здабывалі калій і каб мы прадавалі калій — гэта наш прадукт. Мы будзем прадаваць. Я кажу: якія пытанні? Толькі Вы. І звяртаецца Ганчар, прыносіць мне прапанову прадаць калій камусьці. Я кажу: ідзі адсюль! То бок, у іх ужо пайшло гэта варушэнне. Ну, Булахаў мяне даўно ведаў. Ганчар у Мінску, Булахаў — магілёўскі, ён цішэйшы быў, але тое ж самае. Потым Дзіму ж Булахава, я яго да сябе ўзяў памочнікам. А потым у яго штосьці з сэрцам здарылася, памёр… Ён прыйшоў сам, ён усвядоміў, што ён мае рацыі, страціў сям'ю, Ну фактычна бамжом прыйшоў. Я кажу: Дзіма, якія пытанні! Калі ў цябе галава працуе, а яна яшчэ як працавала, я цябе з задавальненнем вазьму. Ён гады два адпрацаваў перад смерцю. Таму з Булахавым такая гісторыя. Наконт Ганчара я да гэтага часу не ведаю. Але Паша Якубовіч прыйшоў да мяне і кажа, што сям'я там у Ганчара. Я даў каманду, каб жонку ўзялі ў Акадэмію навук. Таму што я ведаў Зіну Ганчар, у іх дома бываў, сын у яго, не ведаю дзе, праўда, цяпер, абавязкова дапамажы, ад майго імя. Ён пайшоў, сустрэў, пагаварыў з ёй, уладкаваў на працу. Гэта значыць, я ж не кідаю гэтых людзей, якіх я калісьці ведаў. Ну а тыя загуляліся ў палітыку. Але да гэтага часу ніхто не ведае, дзе яны. Гангадзэ знайшлі? (Украінскі журналіст Георгій Гангадзэ, забіты ў 2000 годзе, за яго забойства асуджаныя высокапастаўленыя чыноўнікі з МУС Украіны. — TUT.BY)

Ёфе: Так, знайшлі.

Лукашэнка: Гэта значыць, што і нашых знойдуць.

Ёфе: Я не ведаю, што сказаць пра гэта.

Лукашэнка: Калі б з імі што-небудзь здарылася, іх бы ўсё роўна маглі знайсці. Вось, што здарылася, калі Навумаў быў кіраўніком маёй службы бяспекі. Ён кажа мне: Аляксандр Рыгоравіч, дзесьці на ваеннай базе, па словах апазіцыі, знайшлі целы. Я адказваю яму: «Неадкладна!» — а ў гэты час журналісты пачынаюць скардзіцца, што іх не пускаюць на базу — і таму я кажу яму ехаць на базу і капаць, і капаць там; інакш бы нас абвінавацілі, што мы знайшлі целы і адразу ж схавалі іх. І ўсе паехалі туды, уключаючы натоўп журналістаў — заходніх, расійскіх, беларускіх. Я кажу Навумаву: выдадзены нарад хлопчыкаў і дзяўчынак, каб раскапалі усё, да мацярынскай пароды каб дайшлі, але раскапалі і паказалі. Трупы? Адразу выклікай спецыялістаў, хай праводзяць эксгумацыю, няхай параўноўваюць, вядуць расследаванне і іншае. Ён іх павёў: заходніх, расійскіх — усіх. Прыйшлі туды, ноч капалі, дакапаліся ніжэй за гліну, вада ўжо пайшла, нічога не знайшлі, наогул нічога. І тады — вось трэба ўзяць газеты за той перыяд — усе журналісты напісалі, якія нават супраць мяне былі, што, сволачы, падманваюць і гэтак далей. Яны думалі, што я спалохаюся — я ж вінаваты, я ж іх там забіў, закапаў — і я нікога туды не пушчу. А мне патрэбна праўда. І я кажу: вядзі. І вось так апынулася. Гэта значыць, я ішоў на ўсё, што яны патрабавалі, але ім жа патрэбны гэты селядзец, як Вы кажаце. І яны яе падтрымліваюць. Бо я дыктатар, бо я Гітлера нібыта вельмі цаню. А зусім усё было наадварот.

Ёфе: Значыць, адстаўкі Бажэлкі і Мацкевіча не звязаныя са справай Паўлічэнкі?

Лукашэнка: Абсалютна не звязаныя. Абсалютна. Паслухайце, а яны пішуць, што я Мацкевіча ад смерці выратаваў?

Ёфе: Не ведаю, упершыню пра гэта чую.

Лукашэнка: У яго быў рак горла і рак лёгкіх яшчэ да гэтага. Ён паміраў. Я знайшоў грошы і накіраваў яго ў Германію. У той час такія аперацыі ў Беларусі рабілі яшчэ слаба. Ён перанёс аперацыю ў Германіі і пазбавіўся ад пухліны. Калі пазней апазіцыя спрабавала перацягнуць Мацкевіча на свой бок, ён сказаў: «Я не буду дзейнічаць супраць прэзідэнта: калі б не ён, мяне б ужо не было …» А я Вам хацеў яшчэ адзін выпадак пра «чырвонага селядца» расказаць. Я пачаў казаць пра Карпенку, але потым адышоў. У Карпенкі было моцнае кровазліццё ў мозг.

Радзькоў: Гэта быў інсульт.

Лукашэнка: У яго была гіпертанія. І калі ён быў за апазіцыю — ён, вядома, праводзіў больш часу на Захадзе, чым тут, — праблема ўзмацнілася, і падчас адной з паездак дадому ў яго здарылася кровазліццё. Ён неадкладна прымчаўся ў прэзідэнцкі шпіталь, дзе ён стаяў на ўліку, а мне патэлефанавалі: Аляксандр Рыгоравіч, кровазліццё вельмі моцнае, ён безнадзейны, што нам рабіць? Я пытаюся ў іх: а што можа быць зроблена, калі вы пойдзеце ва-банк? Ну, кажуць яны, трэба рабіць трэпанацыю чэрапа, але ў іх яшчэ тады не было тамографаў, каб дакладна вызначыць, дзе кровазліццё. Я кажу ім: рабіце; калі мы не зробім усё, што ад нас залежыць, нас будуць вінаваціць. У той час Карпенка быў у коме. Яны зрабілі трэпанацыю чэрапа, правільна адгадалі, дзе было кровазліццё, і адсмактала вось такі згустак крыві адтуль. Але было ўжо занадта позна, і мы яго не выратавалі, але я зрабіў усё, што мог, хоць лекары сказалі, што ён быў безнадзейны. Але ўсё роўна мяне абвінавацілі ў яго забойстве. Ну вось яшчэ адзін «чырвоны селядзец»… А тады жонка, дзеці тады яшчэ і дзякавалі мне за гэта, ну а потым гэта пачалі раскручваць у палітычных мэтах. А сям'і заплацілі. Ты кажы як трэба — жонцы Карпенкі. Праўда, цяпер гэтага ўжо няма, але тады круцілі. Вось я яшчэ аднаго забіў. Ведаеце, кроў на руках у чалавека. Таму дыктатара трэба ў суд, яшчэ кудысьці, застрэліць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?