Нягледзячы на няпростую знешнеэканамічную сітуацыю, усе абавязацельствы дзяржавы па сацыяльных расходах у 2015 годзе будуць выкананы ў поўнай меры. Аб гэтым заявіў сёння журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў.

Прэм'ер згадзіўся з тым, што нестабільная знешнеэканамічная кан'юнктура аказвае негатыўны ўплыў на даходную частку бюджэту краіны. Паводле даных Мінфіна Беларусі, бюджэт можа недаатрымаць з-за зніжэння цэн на сусветных рынках нафты да $1 млрд.

Пры гэтым, адказваючы на пытанне, якія меры ў сувязі з гэтым прымае беларускі ўрад па кампенсаванні выпадаючых даходаў бюджэту і ці не зменяцца сацыяльныя абавязацельствы бюджэту, Андрэй Кабякоў падкрэсліў: «Абавязацельствы дзяржавы па сацыяльных расходах (заработных платах, пенсіях і іншых мерах сацыяльнай падтрымкі) будуць выкананы ў поўным аб'ёме». «Урад аб гэтым заяўляў у пачатку года, і цяпер я пацвярджаю гэта, - сказаў прэм'ер-міністр. - Карэкціроўкі ў гэтым плане адбывацца не будзе».

У цэлым Андрэй Кабякоў адзначыў, што на сёння зроблены шэраг дадатковых захадаў для таго, каб павялічыць аб'ёмы паступленняў у бюджэт.

Гэта перш за ўсё датычыцца вывазной пошліны на калійныя ўгнаенні, прадаўжэння дзеяння ПДВ па ўвозімых імпартных таварах, за выключэннем тавараў з краін Мытнага саюза, а таксама шэрага іншых пытанняў, у ліку якіх і правядзенне дывідэнднай палітыкі адносна дзяржпрадпрыемстваў.

Акрамя таго, урад пэўным чынам прытрымлівае расходы бюджэту, дадаў прэм'ер. «У свой час гэта можа быць адлюстравана ва ўдакладненні закона аб бюджэце, але пакуль гэтага ўдакладнення няма, мы адкладваем рэалізацыю гэтых расходаў да таго моманту, пакуль па іх не будзе прынята рашэнне, - адзначыў Андрэй Кабякоў. - Або мы палепшым нашу даходнасць і тым самым зможам правесці гэтыя расходы, або прымем рашэнне, што зусім не будзем іх праводзіць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?