Чарговы Фэст экскурсаводаў пройдзе ў Беларусі 18-19 красавіка.
Калі паглядзець спіс экскурсій па Мінску — вочы разбягуцца. Спіс экскурсій па іншых гарадах таксама мае багата цікавага.
Арганізатары абяцаюць сакральныя, роварныя, дзіцячыя экскурсіі і нават экскурсіі-спектаклі і экскурсіі-квэсты — любыя, якія толькі можна ўявіць.
На якія экскурсіі схадзіць? Цяжкое пытанне. Нецікавых экскурсій не прадбачыцца. Але можна вылучыць некаторыя нетыповыя.
Спяшайцеся, на квэст у Траецкім прадмесці, экскурсію па метрапалітэне і трамвайныя экскурсіі запіс ужо завершаны — хутка могуць разабраць і іншыя!
Мінскія млыны: па слядах легендарнага Менеска
У навучальнай экскурсіі Яўгена Казанцава 18 красавіка з 14:00 можна даведацца пра легендарнага волата Менеска ды жыццё прамысловага Мінска ў XIX стагоддзі.
На зломе эпох: Мінск у 1905—1919 гг.
Пачатак XX ст. — неспакойны, але захапляльны час, пра які звычайны мінчук ведае не так і многа. Выправіць гэта пастараецца Андрусь Унучак 19 красавіка а 16-й гадзіне.
Археалагічныя помнікі Мінска: Сухараўскія курганы
18 красавіка з 16-й гадзіны археолаг Алесь Вашанаў пакажа археалагічныя помнікі, якія мы бачым, але не заўважаем, ды распавядзе, адкуль яны ўзяліся і навошта рабіліся.
Страчаныя святыні
Дзе знаходзіўся першы каменны храм, самая старая сінагога ды мінская мячэць, распавядуць 19 красавіка а 14-й гадзіне Павел Іваніцкі і Ганна Мароз.
Экалагічная квэст-экскурсія
Па зялёных у прамым і пераносным сэнсе мясцінах распавядзе а 10-й раніцы 19 красавіка Дзмітрый Васьковіч ў Цэнтра экалагічных рашэнняў. Сумна не будзе, экскурсію правядуць у форме квэсту.
Стрытвокер: галерэя «рэдзі-мэйд» аб’ектаў
Творчая група «Стрытворкер» абяцае ў 18:00 18 сакавіка пачаць не проста экскурсію, а экскурсію-спектакль па Верхнім горадзе. Добрая магчымасць інакш паглядзець на знаёмыя мясціны.
Легенды і міфы мінскіх нефармалаў апошняй чвэрці ХХ стагоддзя
Адна з роварных экскурсій па Мінску склалася ў сюррэалістычны маршрут арт-суполкі «Беларускі клімат». Незвычайныя не толькі героі экскурсіі, але і час пачатку — 18 сакавіка ў 19:57.
У пошуках сакуры
Самая нечаканая для Мінска экскурсія пачнецца 19 красавіка а 10-й раніцы. У час вучэбнай экскурсіі Настассі Пяргаевай будуць шукаць кавалачкі японскай культуры ў беларускай сталіцы ды слухаць пра Мінск вачыма японца.
Студзёнка, Бярэзiна, Занiўкi, Зэмбiнскiя гацi ў 1812 г.
Вялікая загарадная экскурсія пройдзе ў Барысаўскім раёне 19 сакавіка з 12:00. Мікалай Чарнуха распавядзе не толькі па падзеі на Брылёўскім полі падчас вайны з Напалеонам, але і дапоўніць аповед анімацыяй і віктарынай.
Плошча Незалежнасці навобмацак
Адмысловую экскурсію падрыхтавалі і для людзей з парушэннямі зроку. Людміла Скрадаль прэзентуе яе 19 красавіка а 12-й гадзіне. Яна прадэманструе аўтарскую методыку экскурсій, што ўключае не толькі аповед, але і тактыльныя выявы ды макеты.
***
Гэта далёка не ўсе незвычайныя экскурсіі Фэсту. Поўны спіс экскурсій па ўсёй Беларусі глядзіце на сайце fest-guides.by.