17.04.2015 / 14:10

Каліфарнійскі рокер з Бярозы: Улад Кухарчук з топ-30 маладых прадпрымальнікаў 14

Улад Кухарчук быў названы адным з 30 маладых беларускіх топ-прадпрымальнікаў. Яму 28, жыве ў Сан-Францыска. Сфера дзейнасці — шоу-бізнес. Дакладней, музычны гурт Kiwi Time, у якім Улад сядзіць за ўдарнымі i выконвае ролю менеджара.

Тры беларускія акорды

Увесь гурт родам з Бярозы, распавядае Улад. Сябры з дзяцінства. Разам з гітарыстам Ёгам пачыналі граць панк-рок у бэндзе ЖБДДБ— спачатку ў Бярозе, потым у Мінску. Праекту Kiwi Time тады не было, музыку гралі проста ў сваю асалоду для сябе і сяброў.

«У Беларусі пазітыўную музыку граць не вельмi хацелася», — тлумачыць Улад. Юнацкі максімалізм, плэй-ліст з Neuro Dubel, Lumen і «Гражданской Обороны» ды суворае асяроддзе далі ў выніку «сацыяльна скіраваны» жанр. «Туды не хадзі, таго не рабі, кожны намагаецца ставіць палкі ў колы», — так бачыў ён свет вакол сябе.

Як кажа Улад, у Беларусі ўзровень іх музыкі не рос, развіць свой патэнцыял было немагчыма.

Паводле яго назіранняў, і публіка ў Беларусі больш закрытая, чым у ЗША. Калі беларусу спадабаўся канцэрт, ён наўрад ці пабяжыць за сцэну казаць гурту, як крута ён адыграў. Амерыканцы ў такіх выпадках, кажа Улад, наадварот «у дошку свае».

Ён згадвае, што і ў беларускіх школах, напрыклад, за памылку адразу дэматывуюць: маўляў, у цябе нічога не выйдзе ў жыцці, адкуль у цябе рукі растуць.

У Штатах жа наадварот — прынята матываваць на дасягненні, мяркуе Улад. Ён прыгадвае, як у снежні граў з сусветна вядомым драмерам Уілам Кэлхунам — спачатку адчуваў сябе няўтульна ад таго, што музыка такога ўзроўню ацэньвае яго ігру. У канцы дня Улад спытаў Кэлхуна, як той ставіцца да памылак. «Рабі як мага больш памылак, толькі так ты зможаш стаць лепшым».

З Агаё ў Сан-Францыска

У Амерыку Улада прывялі, як ён кажа, «цікаўнасць і безвыходнасць».

У 2007 годзе ён упершыню трапіў у Штаты па праграме Work and Travel. «Прыехаў, гляджу — усё класна, людзі пазітыўныя, усе могуць паразумецца адзін з адным…» — Улада здзівіла амерыканская атмасфера. Пасля доўгіх роздумаў ён вырашыў паспрабаваць знайсці сабе месца ў ЗША.

Спачатку Улад трапіў у маленькую вёску у штаце Агаё, дзе музыка працаваў на будоўлях, «дахі рабіў». Спрабаваў граць з рознымі людзьмі, ды было цяжка — не адчуваў «духоўнай сувязі». Патрэбны былі «свае людзі, з якімі не трэба нічога абмяркоўваць: проста сядаеш і граеш».

«Месца, дзе я жыў у Агаё, як зачараваны востраў — калi людзі з былога СССР пачынаюць зарабляць грошы, яны забываюць пра свае мэты і мары. І, як вынік, завісаюць на адным месцы ды дэградуюць», — згадвае ён.

У хуткім часе вырашыў пераехаць у Сан-Францыска, дзе знайшоў патрэбнае «кам’юніці». Там ён ужо працаваў грузчыкам, што «здалося пушынкай у параўнанні з дахамі Агаё». Зараз Улад кажа, што Беларусь — яго Бацькаўшчына, але Сан-Францыска — яго дом.

У Сан-Францыска яму не ставала толькі родных яму людзей, ды праз два гады да яго далучыліся вакалістка Аня і клавішнік-гітарыст Мікалай — пачалі граць акустычны праект. У 2011 годзе гурт уз’яднаўся з прыездам гітарыста Ёгі. Такім чынам, сышло 4 гады, каб аб’яднацца і адрадзіць Kiwi Time.

«Цяжкая папса»

Калі ўвесь гурт сабраўся, паўстала пытанне: граць для сябе і сяброў ці працаваць па-сур’ёзнаму.

Якраз у гэты час Улад пасля трох год навучання ў гарадскім каледжы Сан-Францыска быў залічаны ва Універсітэт штату ў Сан-Францыска на Business Administration — тое, аб чым для яго марылі яго бацькі.

«Прыйшлося абіраць, ці займацца тым, што ты любіш, ці тым, што прынясе табе фінансавае задавальненне», — кажа Улад. Ён і яго гурт вырашылі, што выйсце толькi адно: на чужыне сярод незнаёмцаў ўсё роўна трэба пачынаць усё з нуля, таму можна рызыкнуць.

Дакладнага плану зноў жа не было, толькі мара. Улад «завязаў» з навучаннем і «пагоняй за корачкай» ды вырашыў прысвяціць жыццё музыцы, заняткам ёгай і здароваму ладу жыцця.

Ён кажа, што не баяўся таго, што ў Амерыцы і без іх ёсць сотні тысяч музыкаў. «Шанец ёсць ва ўсіх, усё залежыць ад светапогляду», — пераконвае ён.

Першы альбом Kiwi Time, запісаны ўласнымі сіламі гурта, хутчэй нагадваў беларускую творчасць. Грошы на яго запіс сабралі праз ахвяраванні на сэрвісе IndieGoGo. Другі альбом пісалі ўжо з лэйблам — гэты запіс затым трапіў у рукі да поп-прадзюсара Дэна Шы (які, між іншым, працаваў з Мараяй Керы, Джэніфер Лопес і Селін Дыён). Ён прапанаваў дадаць электроннага, танцавальнага саўнду — гурт загучаў больш «па-камерцыйнаму».

«Indie-dance-pop-rock — па-беларуску гэта, напэўна, жорсткая папса», — смяецца Улад. Але дадае: рабіць поп цяжэй, чым рок. Больш часу трэба праводзіць у студыі, больш укладваць энергіi, каб зрабіць хіт.

Прыемны беларускі акцэнт

Вядома, беларускі акцэнт у сяброў заўважны, нягледзячы на заняткі з выкладчыкам па вакале. На запісах, што цяпер можна паслухаць, адчуваецца, як вакал «рэзалі на шматкі» і збіралі ў фразы, каб голас гучаў больш «па-амерыканску», сцвярджае Улад.

«Калі гаворыш па-беларуску ці па-руску, выкарыстоўваеш зусім іншыя мышцы. Цяжка адначасова думаць пра гэта і сканцэнтравацца на энергетыцы», — кажа ён. — Але «practice makes perfect», як кажуць амерыканцы».

Ды трохі акцэнту гурту рэкамендавалі пакінуць, каб было пазнавальнае і непаўторнае гучанне. «Як у System of a Down ці Gogol Bordello?» — узнікаюць асацыяцыі. Не на столькі, адказвае Улад. System of a Down мелі добрую стартавую пляцоўку, нягледзячы на акцэнт: «У Лос-Анджэлесе армян хіба не больш, чым у Арменіі». А Gogol Bordello бяруць не толькі і не столькі акцэнтам: «Такіх гуртоў, што граюць цыганскі рок, многа, хіба не ў кожным горадзе ёсць. Але Gogol Bordello — адзіныя, хто пракачаўся».

Беларускі акцэнт Kiwi Time больш праяўляецца ў іншым. На пачатку выступаў Kiwi Time гасне святло, вакалістка выконвае куплет з «Купалінкі». Пасля гэтага ўжо граюць больш звыклую для слухача англамоўную музыку. А ў сярэдзіне канцэрту выконваюць рускамоўную песню «Льёт дождь». «Для амерыканцаў гэта экзатычны шок», — кажа Улад.

Сярод планаў гурту і мерчандайз «з акцэнтам» — рэчы ручной работы з арнаментам ці вышыўкай.

«Ёсць меркаванне, што пра Бярозу павінен ведаць увесь свет», — смяецца Улад.

Альтэрнатыўнае мысленне для Беларусі

Ці мае гурт жаданне вярнуцца на радзіму? «Ёсць, але ненадоўга, — кажа Улад. — Не лічу сябе чалавекам, які пускае карані. Ды і мэта мая ад месца не залежыць».

Да Беларусі яму хацелася бы данесці філасофію іншага, альтэрнатыўнага мыслення. На яго думку, у ЗША большасць ужо ўзняла свой дабрабыт да таго стану, калі можна больш увагі надаваць унутранаму свету.

«У Беларусі апошнія 25 год усё мітусліва і незразумела», — кажа ён. Яму здаецца, што беларусы думаюць больш пра знешнюю бачнасць дабрабыту, пра тое, як сябе прадставіць.

Жыццё ў ЗША, кажа ён, дазволіла інакш паглядзець на свет і на сябе самога. З цягам часу Улад пачаў займацца не толькі музыкай, але і ёгай — цяпер падпрацоўвае інструктарам.

Ён згадвае, што амерыканская атмасфера яго паглынула настолькі, што, быўшы нядаўна ў Маскве, ён адчуў сябе нібы ў рэаліці-шоў — настолькі ўсё адчувалася ненатуральна, настолькі людзі незвычайна хадзілі і глядзелі адно на аднаго.

Што Улад робіць у спісе топ-прадпрымальнікаў?

На гэтае пытанне Улад не мае адказу: «Дагэтуль пытаю сам сябе пра поспех. Не асабліва ведаю, што адбылося, што я трапіў у той спіс».

Паводле апісання спісу, у яго ўключаныя сярод іншых «прадстаўнікі сферы культуры, якія маюць перспектывы і магчымасці атрымання высокіх ганарараў і манетызацыі вынікаў сваёй працы ў будучыні».

«Мы з гуртом вельмі чакаем, калі гэта адбудзецца. На дадзены момант гурт — гэта як стартап, малады бізнес, што патрабуе неймаверных інвестыцый часу і фінансаў, — кажа Улад.Але я лічу, што, каб быць паспяховым, трэба проста рабіць тое, што любiш, i не здавацца, а грошы прыйдуць, калi прыйдзе час».

Як кажуць Уладу слухачы, выступы Kiwi Time па энергетыцы даўно «перараслі» тыя залы, у якіх выступае гурт. На думку музыкі, першыя і свежыя трэкі — «як неба і зямля». «Ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць. Галоўнае тут асэнсоўваць, над чым трэба працаваць, — кажа Улад. — Прыходзіцца напружвацца, але гэта прыемнае напружанне».

Назва гурту з цягам часу набыла новы сэнс і для аўдыторыі, і для музыкаў. Справа ў тым, што «ківі» ў Штатах называюць новазеландцаў. Таму і гурт часта прымаюць за новазеландскі. «Але пасля канцэрту ўсе ведаюць, што ёсць такая маленькая, але прыгожая краіна Беларусь», — сцвярджае Улад.

Сам гурт спачатку лічыў назву «джазавай», у нечым падобнай да Apple Tea. Цяпер жа назва значыць проста адкрытасць, свабоду і добры настрой.

«Гучыць як клішэ, але на дадзены момант гэта якраз адлюстроўвае стыль нашага жыцця ў Каліфорніі, — кажа Улад. — У пэўны момант я проста вырашыў, што хопіць думаць пра негатыў. Чалавек — гэта тое, што ён есць, п’е, думае і робіць, так што верце ў сябе, і ўсё атрымаецца».

Аляксандр Арсёнаў, фота з асабістага архіву Улада Кухарчука

0
Inhvar / Адказаць
16.04.2015 / 18:54
Папса некая,галiмая камерцыя.
0
Антось / Адказаць
16.04.2015 / 19:25
супер вокала конечно нет, но всё равно рад за ребят, что дышат чистым воздухом свободной страны, где не воняет гэбистами
0
bubka / Адказаць
16.04.2015 / 19:25
счастлівово путі
Паказаць усе каментары/ 14 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру