Віктар Шалкевіч

МНС, міліцыя і прадстаўнікі ідэалагічнага аддзела Гродзенскага гарвыканкама 2 лютага наведаліся на канцэрт барда Віктара Шалкевіча і гурта «Рэха». Праўда, не паслухаць музыкаў. Заявіўшы, што дадзенае мерапрыемства праводзіцца з парушэннямі пажарнай бяспекі, яны загадалі згарнуць канцэрт.

— Літаральна за гадзіну ў залі з’явіліся супрацоўнікі МЧС, міліцыі і яшчэ некалькі чалавек ў цывільным, — расказаў «Салідарнасці» адзін з арганізатараў канцэрта, актывіст руху «За свабоду» Павел Мажэйка. — Кіраваў «аперацыяй» прадстаўнік ідэалагічнага аддзела Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Ярашэвіч. Не прад’яўляючы ніякіх дакументаў, яны заявілі, што канцэрт не можа адбыцца. Нібыта па прычыне парушэнняў пажарнай бяспекі.

Візіцёры патлумачылі, што ў дадзеным памяшканні не можа знаходзіцца больш за 15 чалавек.

— Аднак толькі за апошні год тут прайшло каля 15 канцэртаў, у тым ліку і з удзелам гарадскіх уладаў. Некаторыя мерапрыемствы збіралі пад 400 чалавек, — адзначае Павел Мажэйка. — Нягледзячы на гэта, «ідэолагі» прыгразілі, што павырываюць усе разеткі, калі мы пачнем канцэрт. Каб мерапрыемства не сарвалася, я напісаў тлумачэнне, што бяру ўсю адказнасць на сябе.

Канцэрт усё ж такі адбыўся, хоць і са спазненнем на паўтары гадзіны. Убачыўшы, што на імпрэзу прыйшло каля 170 чалавек, у тым ліку і прэса, прадстаўнікі ўлады вымушаны былі адступіць.

— Яны доўга з кімсьці раіліся па тэлефоне, штосьці высвятлялі, потым яшчэ хвілін трыццаць пасядзелі на канцэрце і нарэшце сышлі, — успамінае Павел Мажэйка. — Пры гэтым мне далі зразумець, што справа на гэтым не скончаная і ў панядзелак мяне чакае разбіральніцтва ўжо ў іншым месцы.

— Галоўнае, што канцэрт адбыўся, — адзначыў у інтэрв’ю «Салідарнасці» бард Віктар Шалкевіч. — Дадзенае непаразуменне і непрыемная затрымка ніяк не адбіліся на агульным настроі, які панаваў падчас канцэрту.

Канцэртам у Гродне распачалася рэгіянальная кампанія «Год дзяржаўнасці‑2008», якая праходзіць у рэчышчы агульнанацыянальнага святкавання 90‑х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Мерапрыемства 2 лютага таксама было прымеркавана да 170‑й гадавіны з дня нараджэння нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага.

Анастасія Зелянкова, «Салiдарнасць»

Глядзі яшчэ:
Віктар Шалкевіч: Я спачуваю тым людзям, што знаходзяцца ў палітыцы
Віктар Шалкевіч. Баляда пра паэтаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0