Грамадска-палітычная сітуацыя ў Беларусі стала адной з асноўных тэм на сустрэчы еўракамісара ЕС па пытаннях пашырэння і палітыцы добрасуседства Ёханеса Хана з прадстаўнікамі дэмакратычных сіл, якая адбылася 16 красавіка ў Мінску.

У сустрэчы ўдзельнічалі лідары Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард, руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, прадстаўнік аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Вольга Кавалькова і палітык Уладзімір Някляеў.

На сустрэчы было агаворана, што яе ўдзельнікі не стануць цытаваць канкрэтныя заявы адзін аднаго.

«Была адкрытая і шчырая размова. Ёханес Хан не толькі арыентуецца ў фактах, якія тычацца Беларусі, але і разумее пагрозы і выклікі, што стаяць перад беларускім грамадствам і дзяржавай. Гэта пазітыўны знак», — заявіў БелаПАН Янукевіч.

Паводле яго слоў, уздымаліся пытанні пагрозы незалежнасці Беларусі, сітуацыі ў рэгіёне, праблема палітзняволеных, пытанні дыялогу паміж уладамі Беларусі і ЕС, а таксама прагаворваліся магчымыя сцэнарыі развіцця падзей на прэзідэнцкіх выбарах гэтага года.

«Думаю, візіт еўракамісара звязаны не толькі з азнаямленнем з сітуацыяй у Беларусі. Верагодна, па выніках візіту будуць зроблены і рэкамендацыі, што рабіць з Беларуссю ў межах праграмы ЕС «Усходняе партнёрства», — заявіў БелаПАН Лябедзька.

«Цяпер ідзе ацэнка эфектыўнасці Усходняга партнёрства, абмяркоўваецца, якой будзе далей стратэгія развіцця гэтага праекта. Хутчэй за ўсё, трэба чакаць, што будзе рознахуткасная інтэграцыя ў межах УП, і мы там не лідары, а аўтсайдары», — падкрэсліў ён.

Лябедзька адзначыў, што на сустрэчы рабіў акцэнт на «рызыках і пагрозах звонку, у прыватнасці, пуцінізацыі з Усходу і азербайджанізацыі з Захаду». 

«Пуцінізацыя — гэта распаўсюджванне сцэнарыя на ўсходзе Украіны на Беларусь, аб гэтым трэба гаварыць, няхай пакуль гэта і здаецца малаверагодным. Азербайджанізацыя можа адбыцца, калі захад зробіць памылку і пойдзе на прызнанне легітымнасці вынікаў прэзідэнцкай кампаніі. Гэта тупіковы шлях», — патлумачыў ён.

Някляеў у каментары для БелаПАН паведаміў, што планаваў адмовіцца ад удзелу ў сустрэчы з еўракамісарам, бо больш не прадстаўляе ніякія апазіцыйныя структуры. «На гэта было сказана, што аб маім выхадзе з апазіцыі ў прадстаўніцтве ЕС ведаюць, і для іх дастаткова, калі я буду прадстаўляць на сустрэчы Уладзіміра Някляева — грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Так што сустрэча выйшла трохбаковая: прадстаўнік ЕС еўракамісар Ёханес Хан, прадстаўнікі беларускай апазіцыі і прадстаўнік грамадзянскай супольнасці Уладзімір Някляеў», — сказаў ён.

Паводле слоў Някляева, «грамадзянская супольнасць на сустрэчы ў такім фармаце прадстаўлена пасля 2010 года ўпершыню».

«Я лічу, што гэта вельмі своечасовы і правільны крок з боку Еўрасаюза. Удзельнікамі такіх перамоў не могуць быць толькі ўлада і апазіцыя, інтарэсы якіх, асабліва інтарэсы ўлады, далёка не ва ўсім супадаюць з інтарэсамі грамадства — і нават супярэчаць ім. Скажам, імкненне Лукашэнкі любымі спосабамі захавацца ва ўладзе зусім не з'яўляецца галоўным інтарэсам грамадства. Галоўны інтарэс грамадства — развіццё, якое б забяспечыла дабрабыт народа, кожнага грамадзяніна», — сказаў ён.

Някляеў адзначыў, што на сустрэчы гаварыў аб тым, што падтрымлівае палітыку ЕС, накіраваную на дыялог з Беларуссю. «Але нельга весці дыялог так, каб выгады з яго мела толькі ўлада. Каб грамадству гэта нічога не давала, акрамя дэкрэтаў, па якіх улада, выціскаючы з народа апошнія сокі, абкладае падаткамі нават тых, каго сама, звальняючы людзей, скарачаючы працоўныя месцы, зрабіла беспрацоўнымі — і назвала «дармаедамі». І каб нават палітзняволеныя па выніках гэтага дыялогу не мелі надзеі на волю. Дык аб чым тады дыялог? Аб палітыцы садзеяння? Чаму і каму? А што да майго права прадстаўляць на палітычным узроўні беларускае грамадства, дык сотні тысяч грамадзян Беларусі, якія падтрымалі мяне на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах і падтрымліваюць цяпер, даюць мне такое права», — сказаў ён.

Галоўнай мэтай візіту Ёханеса Хана ў Мінск 16—17 красавіка з'яўляецца вывучэнне магчымасці паляпшэння адносінаў паміж Еўрасаюзам і Беларуссю.

«Візіт адбудзецца ў межах наведвання камісарам усіх шасці краін Усходняга партнёрства напярэдадні рыжскага саміту», — паведаміла прадстаўніцтва ЕС. 

Апошні раз еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыцы добрасуседства наведваў Беларусь у 2010 годзе. Штэфан Фюле, які займаў тады гэтую пасаду, двойчы прылятаў у Мінск — у ліпені і лістападзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?