17.04.2015 / 15:57

Канскі кінафестываль разгорне прапаганду супраць сэлфі

Проста забараніць зоркам рабіць сэлфі не могуць — паспрабуюць пераканаць.

Актрыса Леа Сэйду робіць сэлфі з фатографамі. Фота: Regis Duvignau / Reuters

Дырэктар Канскага кінафестывалю Т'еры Фрэмо назваў сэлфі на чырвонай дарожцы «глупай і гратэскнай» звычкай і паабяцаў распачаць кампанію супраць сэлфі, перадае The Telegraph.

Па словах прэзідэнта фестывалю П’ера Дэскюра, людзі «нідзе не выглядаюць так агідна, як на сэлфі».

Чырвоная дарожка жа прызначаная для таго, каб паказаць людзей прыгожымі, сцвярджае ён.

Кажучы пра магчымасць забароны сэлфі на фестывалі, Фрэмо заявіў: «Мы не збіраемся далучаць да гэтага паліцыю. На жаль». Акрамя асабістай нелюбові да сэлфі, кампанія абумоўленая хуткасцю прасоўвання зорак па чырвонай дарожцы: сэлфі значна запавольваюць працэс.

68-ы Канскі кінафестываль пройдзе з 13 па 24 мая. Застаецца невядомым, у якой форме на ім разгарнецца прапаганда супраць сэлфі.

Аляксандр Арсёнаў

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру