17.04.2015 / 18:13

Узятыя пад варту кіраўнікі сталічнай будаўнічай кампаніі 1

Пракуратура Мінска санкцыянавала ўзяцце пад варту дырэктара і камерцыйнага дырэктара ТАА «Валынь», паведаміў старшы памочнік пракурора горада Сяргей Балашаў. 

Кампанія будуе жылы дом у межах вуліц Валгаградская, Караленкі, Ватуціна і Кутузава ў сталіцы. 

Паводле інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю, 19 сакавіка на прыёме грамадзян да старшыні КДК Леаніда Анфімава звярнуліся прадстаўнікі ініцыятыўнай групы дольнікаў ТАА «Валынь». З 2009 года гэтае таварыства будуе жылы дом, аднак на сёння дом гатовы толькі на 6%. Сродкаў для далейшага будаўніцтва кампанія не мае, прытым што, паводле інфармацыі дольнікаў, імі было сабрана больш за 70% ад неабходнай сумы. Анфімаў даручыў больш дэталёва разабрацца ў гэтай сітуацыі, у тым ліку з удзелам работнікаў дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК. 

Дэпартамент распачаў у дачыненні да кіраўнікоў фірмы справу на падставе ч. 4 арт. 210 КК (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры). Яны былі затрыманыя 13 красавіка.

0
Лявон / Адказаць
18.04.2015 / 15:54
А вось і зноу прыклад махлярства у будауніцтве. Чыноунікі! Колькі ж можна красьці і махляваць,няужо не сорамна? Мабыць-не? Чаму такі закон,калі рабочы возьме кіло фарбы, яму дадуць турму не адзін год. Чыноунік украдзе паумільена далярау,праз год ці два выйдзе? А можа такіх злодзеяу адпрауляць у веску на усе жыцце,няхай працуюць у полі. Вескі у Беларусі патрэбна аднауляць! А то усе у сталіцах і заграніцах! ПАСАДА ПАХНЕ ГРАШЫМА!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру