Брычка звыкла падкаціла пад канцылярыю, і на раскацістае фурманава «Сто‑о‑ой!» гучна цокнулі ўсе дванаццаць падкоў. Тамаш гопнуўся зь перадка і спрытна адчыніў дзьверцы.

Прыпсаванае надвор’е і верасьнëвы каламутны ранак не дадавалі гумору менскаму губэрнатару Сямëнаву. Аднак нічога не абяцала, што дзень выдасца гэткім тлумным.

Вылазячы, губэрнатар угледзеў постаць мужыка, што ўзьнікла між экіпажам і будынкам «прісутствія». Шарачковы армяк на фоне сьвежафарбаванай жоўтай сьцяны здаўся брудным. Наблізіўшыся, Сямëнаў пераканаўся ня толькі ў нясьвежай адзежыне. Маршчыністы пакамечаны твар гаварыў пра ўжываньне гары. Але чаканым перагарам не патыхала.

‑‑ Ваша сьветласьць, маю пільную справу да…

‑‑ Ці быў у «прісутствіі»? Няхай складуць чалабітную.

Зь дзьвярэй казëннага будынку ўжо шнураваў вартавы Рыгор Фалей. Губэрнатар ведаў, што загад ягоны пачуты і будзе выкананы належна.

‑‑ У мяне вельмі важнае, пра падробку дакумэнтаў на…

‑‑ А‑а, калі так, тады адразу да Чмыхава.

Мужычок затрымаўся з Рыгорам, і губэрнатар прайшоў у дзьверы, кіруючыся проста да сябе ў кабінэт. Губэрнатарскія апартамэнты месьціліся на другім паверсе.

Якім жа было зьдзіўленьне, калі менш чым за паўгадзіны да яго пастукаліся і ўвайшоў сам Іван Чмыхаў. За плячыма віцэ‑губэрнатара ў пройме была відаць знаëмая ўжо Сямëнаву постаць. Каб вось так, без належнага дакладу, віцэ‑губэрнатар наважыўся турбаваць зраньня…

— Ваше Высочество, дело срочное, неотложное, требующее Вашего вмешательства…

Расейская мова з вуснаў віцэ‑губэрнатара гучала бездакорна. Толькі мяккі сьпеўны акцэнт выдаваў ураджэнца поўдня Маларасіі. Так і было. Сын гарадавога магістратара дзесь з‑пад Пераяслаўлю, Іван Хведараў Чмыхаў першыя гадоў дваццаць і служыў на радзіме — на Палтаўшчыне, падымаючыся ад сакратара ніжняга земскага суду праз павятовае казначэйства да губэрнскага рэгістратара. Найбольшым дасягненьнем ягонай маладосьці сталася служба ў крымскай саляной экспэдыцыі 1812 году, калі падчас нападу карсыканца на Расею ўвачавідкі, быццам сьнег увесну, таялі запасы солі. Гэты востры дэфіцыт народ мог і перачакаць, а вось царскае войска, падрослае на добрых 300 тысячаў апалчэнцаў, патрабавала ў варыва штодня хоць дробку тых крышталікаў, безь якіх і галоднаму страва не смакуе.

Векам Чмыхаў быў старэйшы за губэрнатара. Значыць, і досьведам чыноўніцкім багацейшы.

— Што здарылася? — Сямëнаў ссунуў бровы і ўнутрана сабраўся. Прадчуваючы, што зараз, бы генэралу на полі бою, давядзецца неадкладна прымаць рашэньне.

— Вось няхай раскажа ад пачатку. Заходзь! — Чмыхаў энэргічна махнуў рукою, ведаючы, што ад гэтай хвіліны зь яго здымаецца адказнасьць за пачутае. Што б цяпер ні набрахаў гэты прыгонны.

Спатрэбілася гадзіна, каб паўстала ясная карціна. Завуць яго Юзук Душкевіч, з прыгонных паноў Любанскіх‑Клімантовічаў, што ў Мнішанах Пяршайскай воласьці. Поруч ляжыць Люцінка, не больш як гады тры‑чатыры таму набытая Вінцэнтам і Юзэфай Марцінкевічамі. Вінцэсь той падрадзіўся на арандатара Мнішанаў, а часткай платы за арандатарства старая Любанская аддала яго, Юзука, ды яшчэ сваячку ягоную, Юстыну, у «паслугу» Марцінкевічу, які апроч Люцінкі мае яшчэ і ў Менску дамкі. Вось на Салдацкай Слабадзе жывучы, пасылаў яго гаспадар неаднойчы да Сьцяпана Ключынскага, па нейкія паперы. Яно нічога, ды дзіва тое, што паперы тыя «белавыя», ніколі нічым не сьпісаныя. Але старадаўнія. З даўнімі гербамі, не цяперашнімі, з двухгаловым арлом… Дзе сам Ключынскі іх браў? Немаведама. Толькі ведама, што той Ключынскі раней служыў столаначальнікам у гарадзкім магістраце Менску. Стары, паважны чалавек. Нічога ніякага. А вось Марцінкевіч, філют *, сьпісвае іх, пад даўнія прывілеі каралеўскія падрабляючы. Бо паводле разбору, учыненага ўладамі пасьля Лістападаўскага закалоту, ніхто ня мае права лічыцца й называцца шляхтай, калі ня мае таго патэнту шляхецкага, каралеўскага. Дык Марцінкевіч прадае іх усëй шляхце, ня толькі губэрні Менскай, але й далей. Найбольш наяжджаюць сваякі‑крэўнікі ягоныя з Магілëўшчыны ды Ашмяншчыны, ëн іх на шляхту чысьцюсенькую вырабляе, што потым ня толькі Герольдыя мясцовая, але і ў Пецярбургу правяраюць і за чыстую манэту прымаюць.

«Яшчэ адзін падпольны сындыкат», — мільганула ў Сямëнава. Зразумела, чаму віцэ‑губэрнатар ня ўзяў адказнасьці на сябе. Тут, калі што ня так, да сталіцы рэха дакоціцца. І паздымаюць ордэны разам з пэнсіëнам. Не пасьпела аціхнуць справа вядомая, з махляром Марцінам Чапкоўскім, ажно новая насоўваецца.

Году не мінула, як тую справу, пад амністыю падведзеную, у архіў сьпісалі. «…выробнік падложных дакумэнтаў Марцін Чапкоўскі ў Дзісенскім уезьдзе з паперамі падобнымі знойдзенымі ў сундуку злоўлены і на допытах у Дзісенскім земскім судзе 6‑га а ў Мінску ў прысутнасьці паліцмайстра Чаглакова і чыноўніка Каменскага 10‑га верасьня 1835‑га году паказаў: пазнаёміўшыся з служачым ў Мінскай Рымска‑Каталіцкай Духоўнай кансысторыі перакладчыкам Марцінкевічам, сьпярша склалі кампазыцыю на здыманьне мадэляў зь пячатак пад рознымі прывілеямі і дакумэнтамі, потым рабілі пячаткі Каралёў Польскіх Станіслава Аўгуста и Аўгуста 3‑га. Сам жа ён Чапкоўскі зрабіў пячатку Караля Яна Казіміра, и ўсе оныя пячаткі засталіся ў Марцінкевіча…»

Той Чапкоўскі аціх, Сыбірам напалоханы, дык гэты не супакоіўся. Ну, галубчык, Сыбір за табою плача! Тады, як казалі, цесьць Бараноўскі, менскі рэгент, адмазаў зяцька. Цяпер ужо не адкруціцца, камэдыянт няшчасны. То «Рэкруцкі жыдоўскі набор» на кантрактах восеньскіх ставіць, то «Чарадзейную ваду» прыдумвае. Ясна, якая вада па начах гатуецца. Зь сінільных арэхаў ды кавы чорнай пад атрамант старадаўні робленая. Каб пісалася, быццам золатам па мармуры. Вось выпішу сходу ордэр на ператрус.

— Паклікаць сакратара!

Паслужлівы маладзëн Вярбіцкі пудка прысеўшы за самім губэрнатарскім сталом, каліграфічна выводзіў пад дыктоўку.

«… У г. Мінску. 16 верасьня 1844. № 195.

Сакрэтна

Гаспадзіну чыноўніку асобых даручэньняў Буцевічу

Селянін памешчыка Любанскага Іосіф Душкевіч што знаходзіцца ва ўслужэньні у памешчыка Марцінкевіча зьявіўшыся да мяне гэтага дня, між іншага зрабіў мне данос, што Марцінкевіч займаецца нібыта складаньнем падробных дакумэнтаў на шляхецкае паходжаньне, для чаго мае і пячатку, схаваную пад падлогай.

Перадаючы зьнятае з Душкевіча паказаньне, даручаю Вам па указаньню данасіцеля зрабіць у доме Марцінкевіч раптоўны вобшук і супраць азначанага даносу зрабіць фармальнае дасьледаваньне і такое прадставіць мне…»

Накіраваны на Салдацкую Слабаду паліцэйскі нарад спраўна выканаў загад.

Толькі вынік — ну аніякі. Аніякія пячаткі ні ў сене, ні ў саломе, ні ў хаце пад падлогай, ні ў аўсе ў сьвіронку не адшукаліся. Папераў, праўда, тых назьбіралася. І сьвежых, і старажытных аркушаў. Толькі прыналежнасьць іх Дуніну‑Марцінкевічу, шкодную ці не, яшчэ належала давесьці.

Язэп Янушкевіч

Глядзі яшчэ
4 лютага - 200 гадоў Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу
Ф. Клімчук: «Словы на вагу золата»
Сяргей Харэўскі: «Што зьмяняе чалавека»
Нацбанк выпусьціў манеты «Дунін-Марцінкевіч. 200 год»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0