Напярэдадні і падчас святкавання 9 Мая кожнаму супрацоўніку арганізацый гандлю, бытавога абслугоўвання і грамадскага харчавання Міністэрствам гандлю рэкамендавана дадаць да форменнай вопраткі сімвал акцыі «Кветкі Вялікай Перамогі».

Гаворка ідзе пра чырвона-зялёную стужку з кветкай яблыні — «прэм'ера» альтэрнатыўнай сімволікі прайшла яшчэ ў студзені гэтага года, калі прадстаўнікі БРСМ падаравалі яе Аляксандру Лукашэнку.

У рэдакцыю партала Tut.by чытачы даслалі здымак дакумента, які работнікі гандлю на днях атрымалі з Упраўлення гандлю і паслуг Віцебскага аблвыканкама. У ім агаворваюцца ўмовы ўдзелу ў рэспубліканскім патрыятычным праекце «Кветкі Вялікай Перамогі». Органы кіравання просяць прыняць меры «па наяўнасці сімвала акцыі, прымацаванага да форменнай вопраткі, у кожнага работніка арганізацыі гандлю, бытавога абслугоўвання і грамадскага харчавання».

Характэрна, што на пісьме маецца пазнака — рашэнне павінны прыняць да ведама кіраўнікі прадпрыемстваў усіх формаў уласнасці.

«Звяртаем увагу, што продаж названага сімвала недапушчальны. У мэтах падрыхтоўкі справаздачы ў міністра гандлю інфармуйце аб працы па заключэнні дамоў і атрыманні ад кожнага вытворцы сімвала акцыі «Кветкі Вялікай Перамогі» (чырвона-зялёнай стужкі з кветкай яблыні) для наступнай перадачы кліентам у перыяд падрыхтоўкі і святкавання 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне», — гаворыцца ў лісце.

Пакуль невядома дакладна, ці будзе бутаньерка раздавацца выключна бясплатна ці ўсё ж такі іх можна будзе купіць. Па некаторай інфармацыі, работнікі арганізацый павінны будуць насіць на форменнай вопратцы новы сімвал з 1 па 9 мая.

У Міністэрстве гандлю паведамілі, што ў акцыі возьмуць удзел арганізацыі гандлю, бытавога абслугоўвання і грамадскага харчавання па ўсёй краіне. Дэталі мерапрыемства яшчэ абмяркоўваюцца, падрабязная інфармацыя будзе апублікаваная на сайце ведамства да канца месяца.

Глядзіце таксама: Магілёўская фабрыка нарошчвае выпуск чырвона-зялёных бутаньерак, але працягвае вырабляць і «георгіеўскія»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0