Дзіця вярнулася са школы і распавяло дзіўную гісторыю. Іх хор, у агульнай колькасці 40 чалавек, вазілі выступаць у адну дзяржустанову. Спявалі яны там перад «адным адзіным дзядзечкам» — як патлумачылі, высокім госцем з Масквы.

Пры больш дэталёвым распытванні высветліліся дзіўныя акалічнасці, пацверджаныя таксама іншымі ўдзельнікамі гэтага «канцэрта». Дзеці расказалі, што іх завезлі ў дзяржаўную ўстанову (апусцім яе назву) і выстраілі ў вялікай зале перад асобна накрытым сталом, за якім сядзеў той самы «расійскі госць». Па адну руку ад яго стаяў святар, за спінай — «некалькі дзядзечак» (відаць, з мясцовых чыноўнікаў).

Пакуль дзіцячы хор (нагадаю, з 40 чалавек) спяваў песні духоўнага зместу (малітвы, спевы), «дзядзечка еў пірагі». Убачанае настолькі ўразіла удзельнікаў «канцэрта», якія звыклі выступаць перад вялікай публікай на сур'ёзных канцэртных пляцоўках, у тым ліку еўрапейскіх, што яны не хавалі сваіх эмоцый, прыпраўляючы гісторыю эпітэтамі «зажраўшыся» і «абарзелы».

Наслухаліся песень, дзяцей адправілі па дамах, нават не пачаставаўшы тымі самымі пірагамі. Такі вось выйшаў незвычайны канцэрт!

Шчыра кажучы, тое, што расейскія чыноўнікі часцяком заязджаюць у Беларусь як да сябе дадому, прагуляцца па казіно і клубах, сакрэтам ні для каго не з'яўляецца. Але вось каб так проста патрапезнічаць пад спевы цэлага дзіцячага хору!.. Уяўляю, якія высокія пачуцці павінны былі рухаць ім у той момант.

Зрэшты, маю права выказаць здагадку, што праграму гэтага высокадухоўнага абеду расійскі госць складаў сабе не сам. Вельмі ўжо красамоўна гэты канцэрт характарызуе ўзаемаадносіны Расіі і Беларусі. Асабліва калі на коне такі выратавальны крэдыт. Дзеля гэтага табе і «Калінку-малінку» станцуюць, і «Крыжачок» паскачуць. Прычым цэлым народам адразу. Тым больш, што і пытацца ў яго ніхто не будзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?