Італьянскі дызайнер Джорджа Армані раскрытыкаваў геяў, якія занадта відавочна дэманструюць сваю сэкс-арыентацыю, залішне накачаных мужчын і жанчын, якія захапляюцца пластычнымі аперацыямі. Адпаведныя заявы міланскі мадэльер зрабіў у інтэрв'ю выданню Sunday Times.

«Калі чалавек апранаецца, каб дэманстраваць усім сваім выглядам: «О, вы ведаеце, а я гомасэксуаліст», мне гэта чужое. Мужчына павінен заставацца мужчынам», — заявіў куцюр'е з сусветным імем. Сам Армані ніколі не хаваў сваёй нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі.

Ён таксама адзначыў, што яму не падабаюцца і людзі, якія занадта захапляюцца фітнэсам дзеля рэльефнага цела. «Мне падабаюцца здаровыя, падцягнутыя людзі, якія сочаць за сабой, але не залішне», — апісаў свой ідэал Армані.

Жанчынам Армані параіў не спрабаваць выглядаць маладзей за свой сапраўдны ўзрост: «Трэба мець мужнасць старэць», — сказаў мадэльер.

Яшчэ больш рэзка ён выказаўся пра хірургічныя спосабы змены выгляду, назваўшы павелічэнне грудзей ідыятызмам. «Мне прыемней глядзець на натуральных жанчын», — сказаў дызайнер.

Маёмасць 80-гадовага Армані ацэньваецца у 7 мільярдаў еўра, ён з'яўляецца адным з найбагацейшых людзей Італіі і займае 131-ы радок у рэйтынгу найбагацейшых людзей планеты па версіі часопіса Forbes. У 1974 годзе ён упершыню паказаў калекцыю пад сваім уласным імем, а ў 2005-м запусціў лінію адзення от-куцюр — Armani Privé.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?