Сёньня створаны аргкамітэт грамадзкай камісіі «Свабоду Андрэю Кіму! Свабоду прадпрымальніцтву!»

У камітэт увайшлі прадстаўнікі прадпрымальніцкага руху, палітыкі, сябры арыштаванага: Мікалай Аўтуховіч, Вячаслаў Сіўчык, Аляксей Бондар, Павал Севярынец ды іншыя. Падставай для стварэньня камітэту стаў націск на індывідуальных прадпрымальнікаў і ўдзельнікаў прадпрымальніцкіх пратэстаў, а найперш Андрэя Кіма, чый арышт ўдзельнікі аргкамітэту лічаць палітычным.

Аргкамітэт ставіць за мэту: вызваленьне Андрэя Кіма, спыненьне рэпрэсіяў супраць прадпрымальніцкага руху шляхам прыцягненьня грамадзкай увагі ў Беларусі і за мяжой да справы хлопца ды іншых пацярпелых падчас акцыяў прадпрымальнікаў, далучэньне да справы міжнародных праваабарончых і хрысьціянскіх арганізацый (Андрэй — практыкуючы вернік), правядзеньне публічных акцый. Вядомыя грамадзкія дзеячы падпішуць асабістае паручальніцтва за А. Кіма, каб яму зьмянілі меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе.

Нагадаем, што на Андрэя Кіма заведзеная крымінальная справа паводле арт. 364 КК РБ («гвалт, альбо пагроза гвалту ў адносінах да работніка міліцыі»). Нібыта Андрэй Кім падчас мітынгу прадпрымальнікаў 21 студзеня ўдарыў супрацоўніка ДАІ кулаком у твар і расьсек таму брыво да крыві. Яму пагражае да 6 гадоў турмы. Ён сваю віну адмаўляе.

Як паведаміла маці Андрэя, сьледчы пракуратуры пакуль не дазволіў ёй сустрэчу з сынам. Магчыма, што свой дзень нараджэньня — 26‑га лютага — ён сустрэне за кратамі.

Аргкамітэт запрашае ўсіх неабыякавых пісаць лісты падтрымкі Андрэю, які зараз знаходзіцца ў сьледчым ізалятары, па адрасе:

220050, Менск, СІЗА‑1, Андрэю Кіму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?