Ва ўнутраным двары палаца Радзівілаў разбураны пераход‑галерэя — адна з найважнейшых канструктыўных частак архітэктурнага помніка.

— У прынцыпе, галерэю можна было б захаваць, каб не халтурылі будаўнікі адной з гомельскіх арганізацыяў, — кажа сёньня галоўны архітэктар інстытуту «Менскграмадзянпраект» Пётр Саўчук. — Гамяльчукі пачалі рамантаваць галерэю ня зьверху, а зьнізу. І тым самым стварылі прамую пагрозу абвалу старой сьцяны.

Высновы Пятра Саўчука былі вырашальнымі на спэцыяльным паседжаньні рады Міністэрства культуры. Архітэктар інфармаваў, што ў замку Радзівілаў «пашкоджаныя скляпеньні на другім і трэцім паверсе галерэі, страцілі таксама трываласьць апорныя калёны, сьцяна трымаецца выключна на зьнешніх падпорках». Прысутныя мала спрачаліся і дружна галасавалі. Рэзалюцыя: «Падпоркі выдаліць, сьцяну перабудаваць!»

Цяпер левы ад ўваходу бок палацу выглядае, як пасьля бамбаваньня — фасад рухнуў, перакрыцьці зламаныя, перагародкі абсыпаліся. Больш як 160 квадратных мэтраў цяперашняй пустэчы будуць закладзеныя цаглінамі вытворчасьці цагельні «Опаль», што на Берасьцейшчыне.

Карэнныя жыхары і госьці Нясьвіжу крытыкуюць рэканструкцыю замка.

Мастак Віктар Бялінскі:

— Гэта навабуд на месцы замка. Практычна аніякія аўтэнтычныя матэрыялы не выкарыстоўваюцца. У хадзе найбольш танныя. Старая кафля і плітка не захоўваюцца, а вывозяцца на звалку.

Настаўнік Іван Каляда:

— Тут не засталося рэстаўратараў. Пракладваюцца сучасныя камунікацыі. Працуе цяжкая будаўнічая тэхніка. Будаўнікі прыехалі зарабляць грошы, ім мала цікава, што тут застанецца.

Госьць Нясьвіжа, жыхарка Менска Вольга Цэдрык:

— Зьдзіўляе, што ў кожны прыезд я бачу ўсё новыя пашпарты аб’екту, на якіх перапісваюць ня толькі тэрмін уводу, але й пачатак рэканструкцыі. Палохае, што тут мажліва пачнуць усталёўваць тыпавыя вокны і дзьверы з плястыку, бо пераможцы тэндэраў вызначаюцца з пазыцыі найменшага кошту матэрыялаў.

На сёньня ў Нясьвіжы прызначаная новая дата завяршэньня рэстаўрацыйнай працы — год 2010‑ы. Першую чаргу комплексу — экспазыцыйныя залі і невялікую кавярню разьлічваюць адчыніць ужо сёлета.

Галіна Баравая, BulletinOnline.org

Фота з блоґу Глеба Лабадзенкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0