На ўрачыстым адкрыцці TIBO-2015 прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў зачытаў традыцыйнае пасланне Лукашэнкі ўдзельнікам форуму, а міністр сувязі Сяргей Папкоў распавёў аб змене прыярытэтаў TIBO: цяпер у цэнтры ўвагі форуму электронны ўрад і лічбавая эканоміка.

Імаверна, наведнікам форуму, звязаным з гэтай тэматыкай, было чым заняцца — на TIBO было напраўду мноства замежных гасцей і велічэзны стэнд карэйцаў. Спецыялістаў у галіне тэлекамунікацый вабілі стэнды Huawei, Nokia і Cisco (апошні — у грузавіку).

Але шэраговым «гікам» на TIBO найбольш увагі надалі толькі дзве кампаніі: Huawei і МТС.

Аператар МТС прадставіў тэставую пляцоўку 4G. Любы ахвочы мог паспрабаваць хуткасны мабільны інтэрнэт наступнага пакалення праз LTE-сетку. На стэндзе праз мабільны тэлефон можна было дасягнуць хуткасці 140 Мбіт/с.

Праўда, за межы TIBO 4G усё яшчэ не выходзіць: мабільныя аператары заяўляюць пра гатоўнасць, але больш сёння залежыць ад кампаніі beCloud, што мае адзіную ў краіне ліцэнзію на LTE-частоты і выступіць інфраструктурным аператарам (то значыць, будзе кантраляваць будаўніцтва сеткі).

Акрамя таго, МТС прадставіў мабільную праграму «Мой МТС» для Android і iOS, што дазволіць кантраляваць тарыф і дадатковыя паслугі. На стэндзе можна было азнаёміцца з праектамі электронна-лічбавага подпісу па сім-карце (заканадаўства пакуль не дазваляе шырока выкарыстоўваць электронны подпіс замест пашпарту ў рэальным жыцці), электроннага дзённіка для школьнікаў (супольна са Schools.by), электроннай бібліятэкі з вялізным наборам кніг (за 1200 рублёў за дзень доступу) ды шлемам віртуальнай рэальнасці Oculus Rift (проста для забавы).

Але найбольшая ўвага на стэндзе МТС дасталася электрамабілю Tesla S — такіх у Беларусі толькі пару штук. Прадаваць іх МТС не збіраецца — на прыкладзе «Тэслы» дэманстравалася будучыня «інтэрнэт-рэчаў», дзе практычна цалкам (за выключэннем уласна язды) кантраляваць аўтамабіль можна хоць з тэлефона.

Шмат увагі на сябе звяртаў і Huawei. Цэнтральнае месца на іх стэндзе займаў новы флагманскі смартфон Huawei P8, нашчадак распаўсюджаных у Беларусі Ascend P6 і P7.

Новы смартфон кітайцаў мае пазнавальны дызайн, прасунутую камеру (лепшыя фота пры слабым асвятленні, моцная аптычная стабілізацыя, функцыя малявання святлом, «рэжым рэжысёра» з адначасовай здымкай з чатырох апаратаў і г.д.), дапрацаваную двайную антэну (сігнал не заблакаваць рукой, як тэлефон не ўхапі, сігнал не згубіць нават на хуткасці 300 км/г). Забаўная асаблівасць смартфона — два слоты для сім-картак, адзін з якіх можа ператварыцца ў слот для картак памяці (другую сімку пры гэтым не ўставіць). Першы час (арыентыровачна — з чэрвеня) смартфон будзе прадавацца эксклюзіўна ў МТС па цане, блізкай да сусветнай (каля 500 еўра).

Акрамя таго, Huawei вабіў паўметровым робатам, які ахвотна размаўляў з наведнікамі, разумным гадзіннікам з круглым дысплэем ды тэлекамунікацыйным абсталяваннем.

Другі мабільны аператар, velcom, прадставіў хіба аналаг інтэрнэт-ТВ ZALA пад назвай voka — у астатнім жоўта-белы стэнд дэманстраваў ужо знаёмыя тэхналогіі і тарыфы ды служыў кавярняй.

Галоўны канкурэнт Huawei, кітайская жа ZTE, гучнымі прэзентацыямі не пацешыў. Іх суседзі МТІС з цікавага шэраговаму наведніку паказалі хіба прыгожых дзяўчын-прамоўтараў.

«Белтэлекам» у сваю чаргу паказаў хатні інтэрнэт з хуткасцю 1 Гбіт/с. Можна было бы сказаць, што беларусаў такой прапановай не здзівіць — шэраг аператараў ужо прапануюць гігабітныя хуткасці. Ды наведнікі здзіўляліся — відаць, прапановы пакуль надта лакальныя і дарагія.

Агромістым стэндам адзначылася «Белпошта». Ды з навінак на ім толькі тэрмінал самаабслугоўвання, што дазволіць адаслаць заказны ліст ці бандэроль. Прылада выглядае як электронныя шалі, спалучаныя са звычайным плацёжным тэрміналам «Белпошты». У хуткім часе такі з’явіцца ў мінскім паштамце і, як абяцаюць, пазней распаўсюдзіцца паўсюль, дзе пошта мае плацёжныя тэрміналы.

«Гарызонт» прадэманстраваў нажывую «мегапланшэт» — агромністы вулічны экран з інфармацыяй для турыстаў. Такія маюць з’явіцца ў цэнтры Мінска ў хуткім часе. Што цікава, усё, апроч экрана і цэнтральнага працэсара вырабляе «Гарызонт», зборка таксама праводзіцца на прадпрыемстве. Разам з «мегапланшэтам» быў прадэманстраваны і яго малодшы брат, «інфармацыйны куб», якім, у прыватнасці, цікавілася беларуская чыгунка.

Беларускія інстытуты і Акадэмія навук выстаўлялі ўжо звыклых робатаў уласнай распрацоўкі, а НДІ ЭВМ пахвалілася абароненымі ноўтбукамі і планшэтамі, што выкарыстоўваюцца ў тым ліку на расійскіх падлодках і машынах паліцыі.

Найбуйнейшы прыватны правайдар «Атлант-Тэлекам» і мабільны аператар life:) праігнаравалі TIBO. Не было і традыцыйна шумнага стэнда Wargaming, а разам з ім і натоўпу юных і не вельмі «танкістаў». TIBO выдаўся надзіва ціхім форумам.

***

Выстава праходзіць з 22 па 25 красавіка ў Футбольным манежы. Квіткі прадаюцца на ўваходзе за некалькі дзясяткаў тысяч (цана залежыць ад дня).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?