24.04.2015 / 13:29

Ля школы ва Уруччы паставілі разламаны надвое помнік Леніну дадаліся фоты 57

Каля школы №84 ва Уруччы 22 красавіка, у дзень нараджэння Леніна, з’явіўся помнік правадыру расійскай рэвалюцыі.

Разбіты помнік склеілі і зрабілі для яго новы п'едэстал. 

Створаны яшчэ ў 1950-х помнік раней стаяў на вуліцы Герояў 120 дывізіі, але падчас рамонту дарогі быў знесены. Па «загадзе зверху» яго перанеслі да школы.

Падчас зносу помнік раскалоўся на два кавалкі, але быў адрамантаваны. Праўда, расколіна на поясе бачная.

Як сцвярджае дырэктар школы Ірына Карповіч, помнік не ўсталёўваўся менавіта пад дзень нараджэння Леніна, а ўрачыста адкрыты будзе 19 мая, на Дзень піянерскай дружбы — пакуль тэрыторыя вакол помніка не добраўпарадкаваная.

Ленін глядзіць на ганак школы.

На пытанне пра тое, чаму помнік паставілі менавіта каля школы, дырэктар адказала: «У ваенным гарадку некалькі помнікаў. Пагадзіцеся, было б дзіўна, калі б побач стаялі два Леніны. Але рашэнне аб пераносе менавіта да гэтай школы прыняла праектная арганізацыя».

Агулам у Мінску налічваецца каля 15 помнікаў і бюстаў Леніна.

Самы вялікі стаіць каля Дома Ураду на плошчы Незалежнасці (былой плошчы Леніна). Таксама помнікі Леніну стаяць у двары БДУ, каля заводаў «Камунарка», «Крышталь», мотавелазавода, электратэхнічнага завода, спарткомплекса «СКА-Уручча», вайсковай частцы ПВА на Лагойскім тракце і ў іншых месцах. Помнік юнаму Леніну стаіць ля дома 91 па праспекце Незалежнасці.

У гонар Леніна ў Мінску названая адна з цэнтральных вуліц і станцыя метро пад плошчай Незалежнасці.

«Вось асабіста на маю думку: як вы лічыце, у цывілізаваных краінах якое стаўленне да помнікаў гісторыі і культуры? Гэта была наша гісторыя. Вось ва Украіне разбураюць усё — а жыць што, лепш стала?» — патлумачыла намесніца дырэктара па навучальнай працы Галіна Чумак.

Школьнікі апранаюцца ў гардэробе. 

Дырэктар школы Ірына Карповіч адмовілася ад каментароў «Нашай Ніве» і патлумачыла, што помнік пакуль цалкам знаходзіцца пад юрысдыкцыяй адміністрацыі Першамайскага раёна і не быў перададзены на баланс школы. Асабісты погляд на дарэчнасць помніка Леніну на школьнай тэрыторыі Карповіч таксама не выказала.

Атрымаць каментары ад прадстаўнікоў адміністрацыі Першамайскага раёна пакуль не ўдалося.

Аляксандр Арсёнаў, Кірыла Хілько, фота Кірылы Хілько

0
Мордехай В. / Адказаць
23.04.2015 / 19:32
Кожны помнік Леніну - гэта кпін з памяці забітых бальшавікамі беларусаў.
0
цікава / Адказаць
23.04.2015 / 19:38
А колькі Ленінаў у Драздах і пас. Піянерскі?
0
Антыкамуніст / Адказаць
23.04.2015 / 19:40
Хутка будзем зносіць, не хвалюйцеся
Паказаць усе каментары/ 57 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру