«Мая мама нарадзілася ў Беларусі — у горадзе Ліда»

Мы з Вамі размаўляем ў суботу. І нават сёння ў Вас шчыльны графік. Калі Вы адпачываеце наогул?

Я нядаўна выйшаў са шпіталя. У мяне там была магчымасць адпачываць з 1 па 14 лютага. Я стаў лепш спаць. Да гэтага ў мяне была магчымасць адпачыць у лістападзе — я трапіў у бальніцу і знаходзіўся там на працягу тыдня. Хутка я еду ў паездкі па краіне па пытаннях стварэння тэрытарыяльнай абароны, якія ў нас штучна сабатуюцца тымі, я думаю, прадстаўнікамі ўлады, якія баяцца ўзброенага народу болей, чым арміі чужой краіны. Але нам трэба ствараць тэрытарыяльную абарону і праводзіць мабілізацыю правільна. Можа быць, у мяне вечарамі будзе час на адпачынак.

А наогул, так, графік у мяне шчыльны. Я працаголік. Таму на распаўсюджаныя жарты аб тым, калі ж я паспяваю пісаць у Facebook, адказваю: у машыне, падымаючыся па лесвіцы, замест футбола. Гэта значыць, паўзаў у жыцці няшмат.

Футбол не любіце?

Раней любіў гуляць. Цяпер я хаджу ў гарсэце, таму не асабліва пагуляеш. А глядзець — шкада часу. Хоць раней любіў. Але за гэтыя паўтары гадзіны можна вельмі шмат зрабіць.

Калі ляжалі ў бальніцы, чыталі, напэўна, шмат?

Так кніжкі левыя нейкія прынеслі, нецікавыя. Што я рабіў? Камунікаваў з людзьмі: як сустрэчы, так і па тэлефоне. Працаваў. А пасля 12-га, калі абвастрылася сітуацыя ў раёне Дэбальцава, то прымяніў такую сваю фірмовую фішку: у нас ёсць хуткая дапамога ў батальёне, мяне накалолі, і я паехаў туды.

А што за «левыя» кніжкі? І якія ў Вас любімыя тады?

Ды там была выпадковая падборка — фантастыка нейкая. Тое, што адбываецца вакол, значна фантастычней, чым апісанае ў кнігах. Таму ўсе гэтыя фантастычныя сюжэты ўспрымаюцца даволі блякла. А якія кнігі любімыя? Вы ведаеце, я забыўся. У апошні год я жыву ў такім рытме, што ўсё гэта адышло на другі план. Раней мне фэнтэзі падабалася, гістарычная літаратура. Цяпер гэта ўсё сышло. Цяпер Сямён Сяменчанка чытае ваенна-тэхнічную літаратуру, а мастацкіх кніг за час свайго існавання прачытаў зусім няшмат.

А з сям'ёй шмат часу праводзіце?

Мала. Хачу больш.

Пытанне ў лоб. Ходзяць чуткі, што Ваша сям'я знаходзіцца ў Беларусі.

Я чытаў, што яна знаходзіцца ў ЗША, а таксама, што ў мяне тата ў Расіі кіруе прадпрыемствам. Дарэчы, у мяне мама нарадзілася ў Беларусі — у горадзе Ліда. У яе бацькі адтуль. А мая сям'я знаходзіцца ва Украіне.

Самі ў Лідзе не былі?

Не, я, калі вучыўся ў ваенным вучылішчы, ездзіў у Мінск і ў Магілёў. Гэта было ў 1992 годзе.

Што можаце распавесці пра сваіх дзяцей? А то інфармацыі не знайсці.

Яны яшчэ занадта маленькія, каб стаць персанажамі расейскай прапаганды. У мяне трое хлопчыкаў. Старэйшаму амаль сем, малодшаму — амаль чатыры. Маме ўжо цяжка спраўляцца, патрэбна татава дапамога. Старэйшага можна ўжо хоць у батальён запісваць — такі высокі. Ходзяць ва ўкраінамоўны садок, па-ўкраінску размаўляюць лепш, чым тата. Тата разумее, часам устаўляе ў размове нейкія ўкраінскія словы. Мабыць, трэба гэтым сур'ёзна заняцца. Мне ўкраінская мова падабаецца, але нешта я ў гэтай віхуры жыцця пакуль не знайшоў для гэтага часу. Буду старацца знайсці. А так — добрыя дзеці, у меру капрызныя. Да таты падобныя.

Яны ўжо разумеюць, якую ролю адыгрывае іх тата ў жыцці краіны? Пытанні задаюць?

Не, пытанні не задаюць. Ролі не разумеюць. У садку ніхто не ведае, што гэта мае дзеці. Але быў перыяд, калі мяне было вельмі шмат па тэлевізары. І яны разумелі, што гэта іх тата, і, наколькі было відаць, ганарыліся. Часам, калі прыязджаюць мае байцы і я дзесьці заняты, яны могуць пагуляць з маімі дзецьмі, звадзіць іх у парк, на атракцыёны якія-небудзь. Такія «батальённыя дзеткі».

Вы строгі бацька?

Ды не, я больш «тата, які разумее».

«Тое, што адбывалася пасля развалу СССР, я ўспрымаў дрэнна»

А муж вы тады які? Які падарунак зрабілі жонцы на Дзень святога Валянціна?

Адзін — рамантычны. А другі — жывым вярнуўся. Мы менавіта тады трапілі пад мінамётныя абстрэл. Менавіта 14 лютага я выехаў. Жонка мяне чакала ў бальніцы ў Днепрапятроўску. Яна з разуменнем ставіцца да гэтага — я павінен быў быць тады менавіта там.

Нешта Вы не ствараеце ўражанне рамантычнага чалавека…

Данецкія дэпутаты настолькі суровыя [смяецца]… Ну і потым, я ж не магу раскрыцца, як рамантык, у інтэрв'ю з мужчынам з Беларусі [смяецца]. Калі б была жанчына, я б, можа, яшчэ чагось нарамантычыў.

Ну а самы рамантычны ўчынак у Вашым жыцці? У акно да жонкі залазілі?

Ды шмат чаго было. І залазіў, і вылазіў. Разумееце, гэта было ў мінулым жыцці, і, каб успомніць, трэба напружвацца. Проста не хачу ўсё распавядаць, каб гэта не станавілася здабыткам прапаганды. У апошні час яна крыху аслабла, у яе з'явіліся іншыя персанажы. Хаця ўсё роўна дзяўбуць. Потым вылезе — будуць усялякія фотажабы маляваць.

Чытаў, што не ўсе Вашы сваякі падзяляюць Вашу палітычную пазіцыю.

Хм. Жонка падзяляе. Дзеці, калі не будуць падзяляць, цукерак не атрымаюць. Бацькі больш апалітычныя — яны людзі старога Савецкага Саюза. Яны імкнуцца не дачыняцца да гэтых спраў, паколькі таксама цяжка ўспрымаюць вайну паміж Расіяй і Украінай, усё-такі яны выхоўваліся ў інтэрнацыянальным ключы. Гэта, па сутнасці, усе мае сваякі першай лініі. Ёсць сваякі, якія засталіся ў Крыме. Ёсць, якія засталіся на Данбасе. Але я не хацеў бы асвятляць іх палітычную пазіцыю, каб не ставіць іх у сітуацыю, у якой ім можа пагражаць небяспека, паколькі гэта ўсё ж такі акупаваная тэрыторыя.

А вось Вы — чалавек родам з Севастопаля, як зберагліся ад ідэй «рускага свету»?

Па-першае, на мяне ніколі не дзейнічаў статкавы інстынкт. Я заўсёды стараўся сфармаваць сваё меркаванне па сваіх назіраннях, не паддаючыся таму, што ідзе па тэлевізары. Па-другое, я вывучаў працы Сяргея Кара-Мурзы «Маніпуляцыя свядомасцю» і ведаю, як гэта працуе: маніпуляцыя і ўнутры Расіі, і ўнутры нашай краіны. Для мяне гэта, ведаеце, як матрыца, якая рассыпаецца на патокі. Тое, што адбывалася пасля развалу СССР, я ўспрымаў дрэнна, бо меў аб Саюзе толькі рамантычныя ўяўленні з кніг Стругацкіх: засваенне космасу, справядлівае грамадства для ўсіх. Мне было 16 гадоў, я бачыў, што грамадства падзяляецца на бедных і багатых: крадзеж, рэкет, несправядлівасць. Я стараўся не мець да гэтага ніякага дачынення — пайшоў на службу, жыў асобна ад усёй гэтай сістэмы. Нават не галасаваў ні разу. Калі ў 2004 годзе пачаліся падзеі на Майдане, я гэта ўбачыў і паехаў туды. Я прыехаў да Адміністрацыі прэзідэнта, калі Юлія Цімашэнка выйшла да мітынгоўцаў і ледзь не адбыўся штурм, а потым больш за два тыдні быў у спецыяльным ваенізаваным фарміраванні добраахвотнікаў — мы гуртаваліся ў міністэрстве ваенна-прамысловага комплексу на паверсе канцэрна «Укрспірт». Потым нас перамясцілі на паверх канцэрна «Укрпіва».

І я ўбачыў, што Украіна можа быць сапраўды прыгожай і якая бярэ за душу. Я бачыў, як Януковіч прывозіў сваіх шахцёраў і як звычайныя дзяўчаты і хлопцы сваімі песнямі і пазітывам іх раззбройваюць — прымушаюць адмовіцца ад агрэсіўных намераў. З таго часу я зразумеў, што наша Радзіма — Украіна. Я вырашыў яе лепей пазнаць — з'ездзіў на Заходнюю Украіну, паглядзеў, пагутарыў з людзьмі. А калі ўжо быў другі Майдан, я прыехаў сюды 2 снежня. Я ўсё гэта бачыў. Бачыў розніцу паміж тым, што было, і тым, што паказвалі па тэлевізары. Я быў на Хрышчаціку і бачыў, што не было ніякіх забойстваў, ніякай небяспекі для людзей, ніякіх злых бандэраўцаў, якія бегаюць з жалезнымі прутамі.

Ды і гэтыя ідэі «рускага свету» развіваліся на маіх вачах. Я бачыў, як звозіць людзей «Партыя рэгіёнаў», у тым ліку і за грошы, як пры здрадзе міліцыі захопліваюцца адміністрацыйныя будынкі. Гэта штучна створаная рэальнасць. Напэўна, мяне зберагло ад «рускага свету» менавіта шчыльнае дачыненне да украінскай нацыянальнай ідэі і знаёмства з метадамі маніпуляцыі свядомасцю.

«У палітыцы нядобрых людзей значна больш, чым на фронце»

Дарэчы, пра маніпуляцыі. Вы ж самі некаторы час былі галоўным рэдактарам у газеце. Карысталіся такімі метадамі?

Не карыстаўся, ды і магчымасці не меў. У мяне быў друкаваны СМІ. Іншая справа, што, калі я вучыўся ў Маскве, атрымаў веды па структуры аўдыёвізуальных твораў, вывучыў гэтую культуру. Ужо тады я бачыў, як замбіруецца расійскае грамадства, пабываўшы ўнутры цэхаў па стварэнні серыялаў для РТР. Вось гэтых, калі сядзіць хатняя гаспадыня, шаткуюе капусту, потым падымае галаву на тэлевізар, улоўлівае нейкую інфармацыю, і далей працягвае шаткаваць. Але яе ўвага прыцягваецца менавіта тым, чым трэба. Гэта ўсё адбілася на маім разуменні гэтых працэсаў.

Я ж заўсёды стараўся пісаць праўду, не перабольшваць рэальнасць. Карыстацца гэтымі штукамі мне перашкаджала выхаванне. Я кажу цалкам сур'ёзна, бо ў мяне ёсць такая штука, як абвостранае пачуццё справядлівасці. У 90% выпадкаў яно перашкаджала, таму што ў жыцці дзейнічаюць некалькі іншыя прынцыпы. Але цяпер гэта як раз дапамагло. Людзі шукалі якраз такую пазіцыю, і яна ў мяне была. Таму яны пайшлі за мной і шмат чаго змянілі.

Чаму Вы тады сышлі з журналістыкі? І ці няма ў Вас жадання зараз стварыць свой СМІ са сваім поглядам на сённяшнюю сітуацыю?

Глядзіце, як было. Я проста стварыў сваю газету — бачыў, як выпускаюцца іншыя, і ў мяне была свая канцэпцыя. Быў галоўным рэдактарам і пры гэтым пісаў артыкулы. У мяне было нават два выданні — грамадска-палітычнае і на агульныя тэмы. Сышоў у адстаўку па фінансавых меркаваннях. Ужо тады ўсе друкаваныя СМІ былі датацыйнымі. У Севастопалі не было магчымасці за кошт рынка рэкламы фінансаваць дзейнасць. А залежыць ад якіх-небудзь фінансава-прамысловых груп я не хацеў. Зараз жа я нават у свой блог ужо больш за месяц не пішу, бо не ведаю, што пісаць. Я не хачу выдумляць усякае глупства ці проста анансаваць свае нейкія выступы, таму там у асноўным ідуць перапосты важных рэчаў. У мяне каля 230 тысяч падпісчыкаў — гэта трэці блог ва Украіне.

Але журналістыка — гэта абсалютна асобны кірунак. Калі займацца гэтым сур'ёзна, то не хопіць часу — у мяне цяпер задачы парламенцкага кантролю і палітычнай барацьбы. І мой прыход у палітыку будзе бессэнсоўным, калі гэтай палітыкай не займацца. А аб стварэнні СМІ, то калі знойдуцца людзі, якія дапамогуць у пытаннях арганізацыі, і мы сумесна знойдзем фінансаванне, мне гэта было б цікава. Але не цяпер, крыху пазней.

Вы казалі, што сустракалі розных людзей — і ў палітыцы, і на фронце…

У палітыцы нядобрых людзей значна больш, чым на фронце.

У сувязі з гэтым пытанні: ніколі не ўзнікала думкі «а можа, ну яго куды далей»?

Узнікала. Не магу сказаць, што я з ім пастаянна змагаюся, але перыядычна такое пачуццё з'яўляецца. Але калі ты бачыш людзей, якія на цябе разлічваюць і кажуць табе дзякуй за тое, што ты робіш, і яны спадзяюцца, што хоць нам ужо тут зразумела, куды нам усім ісці; і калі я ўспамінаю, колькі людзей загінула, каб мы мелі магчымасць тут сядзець і размаўляць, я разумею, што не маю права ўсё кінуць і сысці. Магчыма, я сапраўды больш моцны чалавек, чым я лічыў, але пакуль усё гэта вытрымліваць удаецца. У мяне існуе адказнасць перад людзьмі, якія мне давяраюць і ўскладаюць надзеі на тое, што я змагу дапамагчы змяніць існуючую рэальнасць і пабудаваць тут тую дзяржаву, якую мы не змаглі пабудаваць за 23 гады. Хочацца, каб дзеці жылі і ганарыліся сваёй краінай. Каб было чым ганарыцца.

У той жа час у Ваш адрас гучыць вялікая колькасць крытыкі…

Я б не называў гэта крытыкай. Крытыка — гэта нешта, што існуе ў рэальнасці і канструктыўнае. А ў тым, што адбываецца — нуль цэлых нуль дзясятых рэальнасці. Я б назваў гэта спланаванай кампаніяй, якая дзейнічае ўжо больш за 7 месяцаў і мае мала прэцэдэнтаў, а мэтай яе з'яўляецца знішчэнне даверу людзей да добраахвотніцкага руху ў цэлым і да мяне ў прыватнасці. Першапачаткова да гэтага мела дачыненне толькі ФСБ і пятая калона ўнутры краіны, а цяпер гэта выгадна ўжо і пэўным палітычным праціўнікам для ўздзеяння на канкурэнта.

Тады зойдзем з такога боку: вы лёгка прызнаяце свае памылкі?

Так, лёгка. Калі чалавек можа прызнаваць свае памылкі, то ён можа расці і ўдасканальвацца. А калі ён замкнецца ў сваёй бязгрэшнасці, то магчымасці для росту, развіцця і ўплыву на сітуацыю не будзе.

Увогуле, Вы — дыпламат. Не надта паходзіце на канфліктнага чалавека.

Калі датычыцца прынцыповых пытанняў, я гатовы ісці на канфлікт. Уласна, гэта мы і зрабілі ў сакавіку мінулага года, калі стварылі самаабарону, а ў красавіку — батальён «Данбас». Зараз я стараюся быць дыпламатам, але цалкам магчымая сітуацыя, калі я змагу пайсці на канфлікт.

Вы неяк надзвычай спакойны. Як у Вас гэта атрымліваецца пры такой актыўнай дзейнасці?

Хм. Я проста зразумеў, што трэба закрывацца ад ўсіх інфармацыйных патокаў. Я гаварыў пра спланаваную інфармацыйную кампанію. І 90% яе накіравана менавіта на мяне. Эмацыйна чалавека можна знішчыць вельмі хутка, калі ён не навучыцца трымаць сябе ў руках, закрывацца ад усяго гэтага негатыву і памятаць, што ўсё гэта праходзіць, а справы чалавека застаюцца. Я стараюся выпрацоўваць у сабе гэта спакой, а наогул, я досыць эмацыйны чалавек. Думаю, Вы бачылі мой эфір на hromadske.tv. Дарэчы, я не знайшоў там чагось, за што мне можа быць сорамна. Я сказаў там усё, што хацеў, у канцы трохі выбухнуў. Для мяне ўсё гэта было дзіка. Я лічыў, што мы ўсе: і камбаты, і дэпутаты — на адным баку ў гэтай вайне. І чалавек, маючы пра кагось негатыўную інфармацыю, але памятаючы, што ўсё на адным баку, заўсёды знойдзе магчымасць падысці і пагаварыць асабіста.

А ўсё, што адбываецца ў нас цяпер паміж рознымі групамі: валанцёрамі, журналістамі, прыхільнікамі і праціўнікамі Парашэнкі, прыхільнікамі арміі, прыхільнікамі добраахвотніцкай падраздзяленняў, рознымі фінансава-прамысловымі групамі, кланамі, палітычнымі партыямі — гэта такая няправільная штука… Час аб'ядноўвацца — гэта цяпер вельмі актуальна. Хоць, ведаеце, існуе такая прыказка, што дэмакраты аб'ядноўваюцца за хвіліну да расстрэлу.

«Люблю стравы жыдабандэраўскай кухні»

— Трохі не па тэме. Чорны — Ваш любімы колер?

Чорны колер не маркі. Што, я ў чорным ўвесь час хаджу? [Смяецца.] Ну вось торба ў Вас таксама чорная. Першая форма батальёна «Данбас» была чорнай — колер вугалю. Расійскай прапагандзе, зразумелая справа, адразу ж фашысты пачалі бачыцца. Проста гэта практычны колер. У мяне ў гардэробе не настолькі шмат рэчаў, каб я мог праць іх кожны дзень. Белае вось хутка пэцкаецца. П'еш каву — раз, праліў трошкі, і пляма.

А што Вы п'яце, акрамя кавы?

З алкагольных напояў — сухое чырвонае ці белае віно. З безалкагольных — колу часам п'ю, але разумею, што гэта — крок у прорву.

Як у форме сябе трымаеце?

Цяжка атрымліваецца. Пасля фронту я паправіўся кілаграм на дзевяць. У мяне былі раненні, а пасля кожнага 3—4 месяцы немагчыма займацца фізічнай дзейнасцю. Пакуль хаджу ў гарсэце, цяжка сябе трымаць у форме. Але я планую гэтым заняцца. Калі мы разлічваем на тое, што трэба змяніць краіну, то павінна хапіць здароўя і павінна вытрымаць псіхіка.

Вы займаліся нейкімі адзінаборствамі?

Так, рукапашным боем і боксам. Боксам займаўся ў школе, потым у вучэльні і інстытуце. А рукапашным боем — гады чатыры, ужо потым. У прынцыпе, маю настальгію па тых адчуваннях, фізічнай актыўнасці, пастаянным тонусе. Цяпер, можа, айкідо займуся. У мяне знаёмыя хлопцы займаюцца. Зараз дзяцей туды аддаў, можа, і сам пайду.

На дыеце не сядзіце?

Трэба. Мне ўжо 40 гадоў, абмен рэчываў трошкі не той. Асноўная праблема — гэта калі цэлы дзень нічога не ясі, а потым прыходзіш увечары дадому і наядаешся. Так што трэба неяк прыводзіць у парадак свой рацыён і трымацца ў форме. Пакуль гэта не атрымліваецца, але ў найбліжэйшай будучыні прымушу сябе гэта зрабіць.

Што любіце з кухні?

Тое, што ёсць, тое і люблю. Я не гурман. Люблю амлет з памідорамі, боршч. Люблю стравы жыдабандэраўскай кухні, як гэта ў нас з любоўю называюць у краіне [усміхаецца].

Вы любіце іранізаваць.

А што мне яшчэ застаецца? Нават калі цяжка, трэба старацца бачыць у жыцці светлыя моманты. Таму на фронце вельмі шмат жартаўнікоў — такія людзі цэняцца. У нас шмат жартаўнікоў у Вярхоўнай Радзе — жартуюць, анекдоты расказваюць.

З жартаўнікамі зразумела. А клоўнаў шмат?

Клоўнаў вельмі шмат, як і папулістаў. Я цяпер разумею, што прасцей за ўсё людзям абяцаць і гаварыць тое, што яны хочуць чуць, незалежна ад таго, збіраешся і можаш ты гэта рабіць альбо не. Што хочуць чуць, то і кажуць. Многія клоўны на гэтым падымаюцца. Але збоку ж відаць, што гэта клоўны: бурныя спічы, эмоцыі, якія тут жа выключаюцца пасля выступу. У палітыцы вельмі шмат клоўнаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?