У польскі горад Гданьск 7 мая прыедуць прэзідэнты па меншай меры 11 краін для ўдзелу ў мерапрыемствах з нагоды 70-годдзя завяршэння Другой сусветнай вайны.

Пра гэта паведамляе польскі тэлеканал Tvn24.

Разам з прэзідэнтам Польшчы Браніславам Камароўскім 7 мая на Вестэрплатэ ў Гданьску будуць прысутнічаць прэзідэнты Украіны, Славакіі, Чэхіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Венгрыі, Румыніі, Балгарыі, Харватыі, Славеніі.

Акрамя таго, ёсць магчымасць прыезду прэзідэнта Францыі Франсуа Алянда, а таксама каго-небудзь з членаў каралеўскай сям'і Вялікабрытаніі. У адміністрацыі польскага прэзідэнта гэтую інфармацыю не пацвердзілі, але і не абверглі.

Асноўныя мерапрыемствы на Вестэрплатэ ў Гданьску пачнуцца апоўначы з 7 на 8 мая.

Як вядома, практычна ўсе еўрапейскія лідары адмовіліся ад запрашэння на парад у гонар 70-годдзя Перамогі. Прыбыць у Маскву на святкаванне 9 Мая пагадзіліся старшыня КНР Сі Цзіньпін, а таксама прэзідэнты Індыі, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, Манголіі, В'етнама, кіраўнікі КНДР і Кубы.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?