«Аўтаспын па Галактыцы» Дугласа Адамса — адна з вяршыняў жанра іранічнай фантастыкі. Напісаны ў 1979 як радыё-п’еса і выдадзены пяццю часткамі, «Аўтаспын» стаўся фактам сусветнай (ледзьве не напісаў усегалактычнай) масавай культуры. Тут вам і эпахальнае DON’T PANIC!, і Вялікае Пытанне пра Сэнс Жыцця, Сусвет і Усё Такое (адказ на якое, як вядома, «Сорак два»), і чалавек, які займае па інтэлектуальным развіцці пасля мышэй і дэльфінаў толькі трэцяе месца.

У гэтым па сутнасці спойлерным артыкуле я сабраў пераклады самых вядомых «аўтаспынаўскіх» крылатых выразаў і ўласных імёнаў.

СПАКУХА!

Лозунг «DON’T PANIC!», які аздабляе вокладку «Падарожнай кніжкі для аматараў Галактычнага аўтаспыну» спярша хацелася перакласці як «Не панікуй!». Аднак выйшла не вельмі пераканаўча (то бок, хутчэй не вельмі заспакаяльна), і так усплыла не зусім пурыстычная, але дужа вымоўная «Спакуха!»

Фольксваген Гольф

Імя галоўнага героя, мілага няўдачніка Артура Дэнта я пакінуў у спакоі, але пашпартныя звесткі яго сябра па прыгодах, прыхадня з Бетэльгейзэ-5, Форда Прэфекта давялося мяняць. Як вядома з рамана, гэтае імя — Ford Prefect — прыхадзень выбраў, каб найлепш прыстасавацца да зямных умоваў. Інфармацыя, што назапасілася прыхапкам, памылкова прывяла прыхадня да высновы, што такое спалучэнне ёсць вельмі пашыранае на Зямлі, ды што гучыць яно звыкла і някідка. Прыхадзень хіба не ўлічыў, што гэтае імя не чалавечае, а так бы мовіць, машыннае. Сапраўды, у Англіі 70-х (час напісання рамана) Ford Prefect — бадай самая папулярная марка аўто. На жаль для беларускага вуха назва ангельскай машыны не гучыць звыкла («Форд» у нашых краях досыць рэдкая птушка). Таму для прыхадня я абраў імя Фольксваген Гольф.

Пердылюбібляйц

Планетабудаўнік Slartibartfast, які на працягу ўсяго рамана наадрэз адмаўляецца адгукацца, ў перакладзе атрымаў імя Пердылюбібляйц. Паводле словаў самаго Адамса, ён сіліўся выдумаць для планетабудаўніка самае непрыстойнае імя ў гісторыі чалавецтва (бо чаго гэта чалавек не захоча раптам адгукацца?). Адамс хацеў, каб у тым імені было і водгулле грамадскіх непрыстойнасцяў, і адсылкі да сэксуэльнага кантэнту, і прыхаваная лаянка.

Пангалактычны Мазгатрушч

Pan Galactic Gargle Blaster, найлепшы алкакольны напой у Сусвеце, эфект уздзеяння якога «нагадвае ўдар па галаве скрылікам цытрыны, у які загарнулі самавіты злітак золата» быў названы «Пангалактычным Мазгатрушчам».

Самы паскудны верш у свеце

У рамане ёсць такі момант, калі Прастэтнік Воган Джэлц, прадстаўнік нацыі найгоршых паэтаў, перад тым як выкінуць Артура і Фольксвагена ў адкрыты космас, падвяргае іх катаванню — дэкламуе гаротнікам свой новы верш, «Самы паскудны верш у свеце». Арыгінал (падаваць тут не буду), нагрувашчаны наватворамі з брыдотнымі, макабрычнымі каранямі, не асабліва паддаваўся абеларушванню. Аднак агоралі грамадой! Высілкамі «Перакладніцкай майстэрні» пад кіраўніцтвам Андрэя Хадановіча атрымаўся такі перапеў:

О ты, пранцагалічны гаўнахрушчу…
О, мой грыпозна-жоўты смаркагной!
Сракветнай гушчай я цябе расклюшчу,
Каб ты не выпярдольваўся са мной.
А як забрыдагнідзіш з хрэнавоку
І абкаўтнеш каўтун свой, глістадром,
То бзямнеш пердаглумна з дрыстакокам
Ты наўсуцэль,
дашчэнту і
суздром!

Праўда, паскудненька?

Рушнік вышываны

  1. Паколькі «Аўтаспын», напісаны ангельцам Адамсам, пайшоў у сусветную маскультуру, перакладаючы словы песень, я вырашыў таксама пераўзысці межы нацыянальнай культуры. Захацеў прыплясці не толькі айчынныя шлягеры, але і замежныя.І вось маем ручнік, найважнейшы аксэсуар галактычных аўтаспыннікаў. А хто як не ўкраінцы апяялі яго найлепш у сваім неўмяручым хіце «Рідна мати моя»? Таму «Старажытная песня галактычных аўтаспыннікаў» гучыць цяпер так:

    У касмапорт ты мяне на зары праваджала,
    і ручнік вышываны мне на шчасце, на волю дала.

  2. Бартавы камп’ютар Эдзі ад жаху перад балістычнымі ракетамі, якія імчацца напярэймы пачынае спяваць нейкую лухту:

    Што мне снег, што мне гной, што па шапцы руберойд,
    калі мае мальцы са мной!…
    На мядзведзя я, мальцы, выйду не з-пад пугі,
    Калі будуць там зайцы, што танцуюць бугі!

    Думаю, у гэтых радках шмат хто пазнаў дужа страшна заезджаную песеньку савецкіх часоў для дзяцей: «Что мне снег, што мне зной, что мне дождик проливной, когда мои друзья со мной».

  3. Але і беларуская спеўная спадчына не была занядбаная. На матыў «Купалінкі» у рамане гучыць старадаўняя песня шахцёраў з планеты Салізорск пра напой Old Junx Spirit (у перакладзе ён атрымаў назву «брэндзі «Ку-Палёнка»):

    «Ку-Палёнкі», «Ку-Палёнкі» поўныя бочкі,
    Поўныя бочкі на тры абадочкі.
    Тыя бочкі ды ў садочку мы ўсю ноч глушылі,
    Мы ўсю ноч глушылі, тут нас і рашылі…

    (пераклад Марыі Мартысевіч)

Валенштайн-Акудовіц

Увогуле, беларуская рэальнасць ў «Аўтаспыне» завуаляваная абы-як. Галактычны банк, у якім шарыкавыя асадкі адмывалі свае грошы, называецца «З’ешНеЭканомьБанк», а трылогію усегалактычных філасофскіх хітоў пра Госпада Бога я прыпісаў філосафу Валенштайну-Акудовіцу (у арыгінале — Oolon Coluphid). Трэці паводле інтэлекту кампутар у Галактыцы з усімі сваімі тытуламі называецца гэтак: «Перадавік прамоўніцкага ўмалоту, усенароднаабраны кармілец-гаварылец планеты Альбарутэнікус-94, ротарны аратар Мялецій Матрыцкі, Вялікі і Немажлівы».

Халера-Венера

Героі «Аўтаспына» лаюцца безупынку: то зоркалёт трапіў не ў той сектар Галактыкі, то маніякальна-дэпрэсіўны робат даецца ў знакі. На гэтыя нетрывіяльныя невыкруткі і лаянка патрабуецца нейкая незямная. Наш адказ — «Халера-венера!» і «Касмічныя ўгоднічкі!». Апошні выраз амаль цалкам сцягнуты з «Дзікага палявання караля Стаха» (прыгадаем «Святых угоднічкаў!» з вуснаў Дубатоўка).

Зюзя Ангорская

Легендарную трохгрудую прастытутку (памятаеце алюзію на яе ў кінастужцы са Шварцэнэгерам «Успомніць усё»?) я назваў Зюзяй Ангорскай. Чаму «Зюзяй»? Рэч у тум, што артыкул пра яе сустракаецца ў «Падарожнай кніжцы для аматараў Галактычнага аўтаспыну» адразу перад артыкулам «Зямля» (якая як вядома «Пераважна бясшкодная»), і таму імя выляжанкі павінна пачынацца на літару «Зю». «Ангорская» прыплялося само, далібог!

Прэзентацыя беларускай версіі рамана Дугласа Адамса «Аўтаспынам па Галактыцы», адной з вяршыняў жанра іранічнай фантастыкі, адбудзецца у межах чацвёртага фестываля фэнтэзі, коміксаў і кампутарных гульняў UniCon 2015 18 красавіка (субота). «Чыжоўка-Арэна» (Ташкенцкая 19). Стэнд светаў Дугласа Адамса. Пачатак а 13-30.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?