Сёньня ў Вярхоўным Судзе Беларусі разглядалася скарга Кансэрватыўна‑Хрысьціянскай партыі БНФ да Міністэрства юстыцыі.

6 сьнежня Міністэрства юстыцыі вынесла КХП БНФ пісьмовае папярэджаньне за распаўсюд звароту да службовых асобаў, выканкамаў, установаў адукацыі, органаў юстыцыі пракуратуры ды іншых «Асіміляцыя — злачынства супраць чалавецтва».

Міністэрства юстыцыі лічыць, што ў лісьце ўтрымліваецца «тэндэнцыйная інфармацыя ў дачыненьні палітыкі Расейскай Фэдэрацыі, грубыя паклёпніцкія выпады ў дачыненьні нацыянальнай палітыкі Расейскай Фэдэрацыі, народу Расеі і яго гісторыі».

Судзьдзя Валер Самалюк не задаволіў хадайніцтва КХП БНФ аб запрашэньні адваката. У той жа час на грамадзянскім працэсе прысутнічаў пракурор, чаго раней не здаралася ў судовай практыцы. Суд таксама не задаволіў хадайніцтва аб правядзеньні лінгвістычнай экспэртызы.

Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі — начальнік аддзелу грамадзянскіх аб’яднаньняў спадар Печкуроў так і не назваў суб’ект, які абразілі, і не назваў, хто канкрэтна абураўся, чые нацыянальныя пачуцьці закранулі.

Намесьнік старшыні КХП БНФ Валер Буйвал распавёў:

«Прадстаўнікі КХП‑БНФ бароняць беларускі народ, беларускую культуру, нашы нацыянальныя інтарэсы. Міністэрства юстыцыі бароніць палітыку Расеі і гісторыю Расеі. Прысутнічала прадстаўніца пракуратуры, якая цалкам стаяла на баку Міністэрства юстыцыі. Вельмі дзіўна, бо на грамадзянскіх працэсах прадстаўнікоў пракуратуры не бывае. А сёньня мы гэта ўбачылі. І яна там з усьмешкай сказала, што цяпер будзе толькі так».

Канчатковае рашэньне па скарзе КХП БНФ да Міністэрства юстыцыі будзе вынесена 6 лютага а 14‑й гадзіне.

Іна Студзінская, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0