У пятніцу 8 лютага ў Гродне адбудзецца паказ фільма «Катынь» аўтарства знакамітага польскага рэжысёра Анджэя Вайды. Паказ адбудзецца ў межах кампаніі «Свабоднае кіно», якую запачаткаваў Гродзенскі Рух «За Свабоду» ў сакавіку 2007 года ў гадавіну падзеяў на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску.

Паказ стужкі Анджэя Вайды стане працягам адзначэння «Года дзяржаўнасці‑2008» у Гродна.

Стужка апавядае пра трагедыю закатаваных саветамі афіцэраў польскага войска. Гэта гісторыя пра жанчын, якія чакалі дома мужоў, сыноў, бацькоў. Гэта аповед пра цэлы народ. Але найперш гэта фільм пра інтэлігенцыю, якая загінула ў Катыні, што на Смаленшчыне.

На загад, падпісаны 5 сакавіка 1940 года членамі Палітбюро камуністычнай партыі, супрацоўнікамі НКВД былі расстраляныя 22 тысячы палонных вайскоўцаў, святароў — у тым ліку і беларусаў паводле паходжання. Доўгія гады савецкая прапаганда пераконвала нас, што катынскае злачынства здзейснілі гітлераўцы. І толькі ў 1990 годзе Масква прызналася да здзейсненых у Катыні забойстваў.

Сярод забітых у Катыні былі тры генералы. Аднаго з іх звалі Браніслаў Багатырэвіч. Ён нарадзіўся ў Гродне ў беларускай шляхецкай сям’і, у 1918‑1919 гадах арганізаваў і ўзначаліў аддзел мясцовай самаабароны, які потым быў пераўтвораны ў нацыянальную беларуска‑літоўскую дывізію.

У фільме Вайды граюць зоркі польскага кіно, а таксама расійскі актор Сяргей Гармаш, які выканаў ролю афіцэра НКВД. «Катынь» вылучаны на прэмію «Оскара». Анджэй Вайда з’яўляецца лаўрэатам «Оскара», вышэйшых узнагародаў Канскага, Берлінскага, Гдыньскага кінафестываляў.

Фільм «Катынь» называюць адным з найбольш асабістых фільмаў польскага рэжысэра. Бацька Анджэя Вайды быў у ліку расстраляных у Катыні.

Кінапрапляд запланаваны на пятніцу, 8 лютага ў 18.00 па адрасе Гродна, Будзёнага 48а‑44 (Таварыства Беларускай Школы).

Дэманстрацыя фільм адбудзецца на шырокім экране з добрым гукам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?