«Газета Слонімская» на мінулым тыдні атрымала папярэджаньне ад Міністэрства інфармацыі. Недзяржаўнае рэгіянальнае выданьне абвінавацілі ў парушэньні арт. 30 Закона «Аб друку і іншых СМІ» — перавышэньне дазволеных аб’ёмаў рэклямнай плошчы (30% ад агульнага аб’ёму нумару).

Галоўны рэдактар «ГС» Віктар Валадашчук лічыць папярэджаньне неабгрунтаваным. 1 лютага рэдакцыя газэты накіравала на адрас Мінінфармацыі ліст з просьбай адмяніць санкцыю.

Як патлумачыў Віктар Валадашчук прэс-службе БАЖ, выпуск «Газеты Слонімскай», да якога ў Мінінфармацыі ўзьніклі прэтэнзіі (№51 ад 19 сьнежня 2007 г.), выйшаў на 40 старонках. Законная плошча пад рэкляму ў ім складала 11628 см², у той час як рэкляма была разьмешчана толькі на 11328,25 см².

Рэдактар «ГС» падазрае, што Мінінфармацыі палічыла рэклямай інфармацыю пра ўмовы падпіскі на газэту на наступны год і абвестку пра вэб-старонку выданьня.

«Супрацоўнікі рэдакцыі зьвярнуліся ў Міністэрства гандлю да спэцыяліста па рэкляме, каб удакладніць, ці лічыцца такога роду інфармацыя рэклямай. Спэцыялісты міністэрства мяркуюць, што падобныя абвесткі не зьяўляюцца рэклямай. Яны сказалі, што адназначнай фармулёўкі на гэты конт няма», — распавёў В. Валадашчук.

Нагадаем, што 15 студзеня галоўны рэдактар «ГС» быў выкліканы ў міжраённую Слонімскую пракуратуру. Нагодай для гэтага сталі прэтэнзіі да газэты з боку абласнога ўпраўленьня юстыцыі.

Тым часам Ганцавіцкі раённы Савет дэпутатаў і Ганцавіцкі раённы выканаўчы камітэт адмовілі ў акрэдытацыі журналістам недзяржаўнай газэты «Ганцавіцкі час».

З просьбай аб акрэдытацыі намесьніка галоўнага рэдактара газэты Пятра Гузаеўскага, карэспандэнтаў Ірыны Дамарацкай і Сьвятланы Малышкі рэдакцыя зьвярнулася ў органы мясцовай улады 17 студзеня.

«Падчас абмеркаваньня гэтага пытаньня і ў адпаведнасьці з Законам Рэспублікі Беларусь… «Аб друку і іншых СМІ» прынята рашэньне адмовіць у акрэдытацыі пры раённым выканаўчым камітэце прапанаваных Вамі прадстаўнікоў газэты», — гаворыцца ў лісьце старшыні райвыканкама Ўладзімера Столяра ад 1 лютага.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Дрозд адказаў на зварот журналістаў аналягічным чынам, таксама ніяк не патлумачыўшы прычынаў сваёй адмовы.

Галоўны рэдактар «Ганцавіцкага часу» Аляксей Белы заявіў, што такі адказ не стаў для яго нечаканасьцю — журналісты і сёньня працуюць без акрэдытацыі пры мясцовых органах улады. Тым не менш, рэдакцыя зьбіраецца абскарджваць адмовы ў вышэйшых інстанцыях.

Варта адзначыць, што журналісты выданьня рэгулярна сутыкаюцца з падобнымі праблемамі пры атрыманьні інфармацыі.

Недзяржаўная газэта «Новы час» апублікавала зварот да чытачоў з просьбай аказаць матэрыяльную падтрымку выданню. Нагадаем, што 20 сьнежня суд задаволіў пазоў Мікалая Чаргінца да газэты «Новы час» і журналіста Аляксандра Тамковіча аб абароне гонару і годнасьці. У выніку паводле рашэньня Першамайскага суда Менска прыватнае прадпрыемства «Час навінаў», што выдае газэту «Новы час», мусіць выплаціць М. Чаргінцу 50 млн. рублёў, журналіст Аляксандр Тамковіч — 1 млн. рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?