Зь неафіцыйных крыніц стала вядома, што сустрэча пасла Гебхардта Вайса з Аляксандрам Лукашэнкам выклікала шок і неразуменьне у Брусэлі. Сяк ці так, але ў панядзелак на волю выйшаў Артур Фінькевіч. Палітыкум чакае: а што ж Казулін?

У чацьвер 31 студзеня дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА паведаміла пра сустрэчу кіраўніка Беларусі з паслом Нямеччыны ў Беларусі Гебхардтам Вайсам. Сустрэча была нечаканаю, а афіцыйная інфармацыя пра яе скамечанаю. А.Лукашэнка, што ў пытаньнях знакаў і пратаколу з гадамі стаў пэдантам, прыняў пасла краіны, якая вызначае беларускую палітыку ЭС, у цікавым кантэксьце. Спатканьне адбылося напярэдадні палёту А. Лукашэнкі ў Сочы і па сьвежых сьлядах выхаду на волю трох палітвязьняў – вызваленых на аснове судовых рашэньняў, што выглядалі настолькі ж са столі ўзятымі, як і колішнія рашэньні аб іх зьняволеньні.

На сустрэчы А. Лукашэнка выказаў падзяку нямецкаму дыпламату “за яго працу ў краіне”, а таксама зазначыў: «Ведаю, што гэта сустрэча выкліча пэўнае незадавальненне ў некаторых вашых калег у Беларусі, але нам утойваць няма чаго. Удзячны за тую пазіцыю, якую вы займаеце. Ведаю, што вам нялёгка».

А. Лукашэнка лічыць пазіцыю некаторых эўрапейскіх паслоў у дачыненьні да Беларусі “парадаксальнай”, «не зусім разумее» ролю паслоў краінаў ЭС і ЗША і нават ня хоча «гэтага ўтойваць». «Тое, што мы нікому ніякіх праблем не ствараем — ні суседзям, ні Германіі, ні Францыі, ні ЗША, — гэта факт. Дык што ім ад нас патрэбна?» -- перадала ягоныя словы прэс-служба

Амбасадарка Францыі Мірэй Мюсо ў панядзелак праясьніла сёе-тое ў гэтых эківоках: «Мы ведаем, якую ролю ў гэтым [палітвязьняў Дашкевіча і Аўтуховіча] вызваленьні адыграў спадар Лукашэнка. З прычынаў, якія я б не хацела тут тлумачыць, пасол Нямеччыны адыграў сапраўды асаблівую ролю», -- сказала яна на прэс-канфэрэнцыі. Зьвярнула ўвагу, што Мюсо ў той жа дзень заявіла, што Францыя “гатовая супрацоўнічаць зь Беларусьсю ў справах пабудовы АЭС”.

Адказваючы на пытаньне, што ў сьвятле адзінай палітыкі Эўрасаюзу ў дачыненьні да Беларусі азначае сустрэча беларускага прэзыдэнта і пасла Нямеччыны, спн. Мюсо зазначыла: «Існуе адзіная эўрапейская палітыка. І гэтая палітыка заключаецца ў тым, каб гаварыць аб неабходнасьці прадстаўленьня дэмакратычным сілам магчымасьці выказваць свае меркаваньні. Мы вітаем вызваленьне палітзьняволеных і спадзяёмся, што будуць і наступныя вызваленьні. І мы ведаем, якую ролю ў гэтым вызваленьні згуляў спадар Лукашэнка. Па прычынах, якія я б не хацела тут тлумачыць, пасол Нямеччыны згуляў сапраўды асаблівую ролю, і я шчасьлівая, што ён гэтай сваёй асаблівай роляй прынёс нейкі ўклад у вырашэньне ўзгаданых мной пытаньняў».

Адказваючы на пытаньне пра магчымы ўдзел Францыі ў пабудове беларускай АЭС, пасол заўважыла, што яшчэ напрыканцы 2006 г. яе папярэднік садзейнічаў наладжваньню кантактаў беларусаў з спэцыялістамі ў сфэры атамнай энэргетыкі зь берагоў Роны і Сэны. Гэту палітыку Францыя прадоўжыць, падкрэсьліла спн. Мюсо. «Цяпер, калі так можна сказаць, мяч як на баку тых, хто хацеў бы пабудаваць станцыю, так і на баку тых, хто мог бы яе пабудаваць”.

Магла б -- француская кампанія «Apэва», рэактары якой лічацца дасканалымі – Францыя сама выпрацоўвае 80 % электраэнэргіі на АЭС. «Упэўнена, што беларускія ўлады, улічваючы горкі вопыт чарнобыльскай катастрофы, прыкладуць максымум намаганьняў для забесьпячэньня бясьпекі праекту», — сказала пасол.

Да ліпеня Францыя прадстаўляе старшынёўства Эўрасаюзу ў Беларусі ад імя Славеніі. У другім паўгодзьдзі Францыя будзе старшыняваць ад свайго імя.

Для большасьці ягоных краінаў Эўрасаюзу сэпаратныя кантакты пасла Вайса сталі сюрпрызам. Мяркуецца, што гэтую дыпляматычную ініцыятыву ён праявіў у згодзе толькі з пасламі Францыі і Італіі. Апошнія іграюць тут другую скрыпку, бо Ўсходняя Эўропа – дзялянка Нямеччыны. «Зь неафіцыйных крыніц ведаю, што сустрэча пасла Вайса з Лукашэнкам выклікала шок і неразуменьне у Брусэлі”, сказаў нам палітоляг Дзяніс Мельянцоў.

«Лукашэнка вядзе з Захадам гульню на павышэньне ставак», мяркуе дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Віталь Сіліцкі. Характэрна, што акурат пасьля сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі ў Сочах дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА зьмясьціла вынікі “апытаньня грамадзкай думкі”, якое нібыта было праведзенае Інфармацыйна-аналiтычным цэнтрам пры Адмiнiстрацыi прэзыдэнта. Зь іх вынікае, што беларусы схіляюцца да ўмацаваньня сувязяў з Захадам. “Для кіраўніка Беларусі кантакты з Захадам – гэта ізноў такі шантаж Масквы”, -- лічыць Сіліцкі.

Палітоляг Аляксандар Фядута больш аптымістычны. Ён упэўнены, што сустрэча А.Лукашэнкі з паслом Нямеччыны азначае пачатак дыялёгу з Эўропай. «Лукашэнка фактычна паскардзіўся Вайсу на падвойныя стандарты. Захад лепш ставіцца да Назарбаева з Карымавым, чым да Лукашэнкі. Той даводзіць, што ня горшы за сваіх калегаў і чакае да сябе адпаведнага стаўленьня».

Працяг ёсьць: у панядзелак адным росчыркам судзейскага пяра на волю быў адпушчаны Артур Фінькевіч. Больш за тое, ідуць чуткі аб вызваленьні такога заклятага асабістага ворага, як Казулін.

Апазыцыя, аднак, ня мае ілюзіяў наконт зьмены атмасфэры ў краіне. Агульная колькасьць асобаў, закранутых палітычнымі рэпрэсіямі, вырасла ў 2008 годзе проці 2007-га на 40 %. Гіпэррэакцыя на выступ прадпрымальнікаў супала зь немагчымым нават у ісламскіх тыраніях асуджэньнем журналіста Зьдзьвіжкова. Супрацоўнікі КДБ аказваюць псыхалягічны ціск на кожнага, хто спрабуе займацца арганізаванай палітычнай дзейнасьцю ў рэгіёнах. Адзначаныя першыя спробы абмежаваць свабоду выезду за мяжу, а па-над усім гэтым разрастаецца ідэалягічная вэртыкаль, якая фактычна ўяўляе сабой разгалінаваны апарат па лякалізацыі іншадумства. Выхад на свабоду групы палітвязьняў -- заўважны жэст, які аднак нічога не мяняе ў сутнасьці беларускай сыстэмы самадзяржаўя.

Тым ня менш, Дзяніс Мельянцоў упэўнены, што плюсы дыялёгу пераважваюць мінусы. “Гэта адкрывае магчымасьці для новых сувязяў у палітыцы, эканоміцы, таму сустрэчу Лукашэнкі і Вайса можна ацэньваць пазытыўна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?