Вярхоўны суд прыпыніў судавытворчасць па іску аб ліквідацыі Партыі камуністаў Беларускай. Пра гэта БелаПАН паведаміў прэс‑сакратар ПКБ Сяргей Вазняк.

Паводле яго слоў, 6 лютага ў Вярхоўным судзе адбылося другое папярэдняе слуханне па іску аб ліквідацыі партыі з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства юстыцыі і ПКБ. Высветлілася, што 5 лютага з міністэрства паступіла хадайніцтва аб часовым спыненні судавытворчасці па гэтай справе.

‑ Прадстаўнікі ПКБ не пярэчылі. Абмяняўшыся думкамі, бакі пагадзіліся з тым, што разгляд іску адкладваецца на няпэўны час і можа быць адноўлены па патрабаванні кожнага з іх, — паведаміў С.Вазняк.

Такім чынам, паводле яго слоў, пагроза ліквідацыі партыі знікла.

Нагадаем, 2 жніўня 2007 года Вярхоўны суд поўнасцю задаволіў іск Міністэрства юстыцыі і прыпыніў дзейнасць Партыі камуністаў Беларускай на шэсць месяцаў. У рашэнні Вярхоўнага суда адзначалася, што з боку ПКБ не былі ўлічаны прадпісанні Мінюста па ўліку арганізацыйных структур і агульнага колькаснага складу партыі. Акрамя таго, пацверджаны ўдзел ПКБ ва ўстаноўчай канферэнцыі Саюза левых партый ва Украіне, што супярэчыць беларускаму заканадаўству.

Рашэннем Вярхоўнага суда ПКБ забаранялася ажыццяўляць любыя дзеянні, за выключэннем мер, скіраваных на ліквідацыю недахопаў, якія адзначаны ў папярэджаннях Мінюста.

4 студзеня гэтага года Міністэрства юстыцыі падало ў Вярхоўны суд іск аб ліквідацыі ПКБ. У іскавых прэтэнзіях гаворыцца, што пасля прыпынення дзейнасці партыі на шэсць месяцаў 2 жніўня 2007 года ПКБ ажыццяўляла дзеянні, якія ёй забаронены заканадаўствам у гэты перыяд. У прыватнасці, Мінюстам устаноўлена дзейнасць партыі, скіраваная на ажыццяўленне збору подпісаў, пікетавання, а таксама правядзенне шэрагу іншых мерапрыемстваў; ПКБ поруч з іншымі суб’ектамі палітычнай дзейнасці падпісала пагадненне аб прынцыпах удзелу ў палітычнай кампаніі па выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, якія запланаваны на восень 2008 года, і вяла актыўную міжнародную дзейнасць. 22 студзеня ў Міністэрства юстыцыі паступілі лісты ПКБ, якімі, згодна з афіцыйным паведамленнем Мінюста, «партыя інфармуе аб ліквідацыі парушэнняў, што паслужылі падставай для прыпынення яе дзейнасці».

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0