Сёньня судзьдзя Вярхоўнага суду Беларусі Валер Самалюк вынес рашэньне паводле пазову Кансэрватыўна‑хрысьціянскай партыі да Міністэрства юстыцыі.

Папярэджаньне, зробленае партыі міністэрствам, застаецца ў сіле.

6 сьнежня 2007 года Міністэрства юстыцыі вынесла КХП БНФ пісьмовае папярэджаньне за распаўсюд звароту да службовых асобаў, выканкамаў, установаў адукацыі, органаў юстыцыі, пракуратуры ды іншых «Асыміляцыя — злачынства супраць чалавецтва». Міністэрства юстыцыі палічыла, што ў лісьце ўтрымліваецца «тэндэнцыйная інфармацыя ў дачыненьні да палітыкі Расейскай Фэдэрацыі, грубыя паклёпніцкія выпады ў дачыненьні да нацыянальнай палітыкі Расейскай Фэдэрацыі, народу Расеі і яго гісторыі».

«Над намі павесілі «дамоклаў меч»

Прадстаўнікі КХП БНФ Сяргей Папкоў, Валер Буйвал ды іншыя прасілі правесьці лінгвістычную экспэртызу звароту. Яны спрабавалі пераканаць суд, што ў тэксьце няма суб’екту абразы, паклёпу, што ніхто зь нібыта пакрыўджаных «грамадзянаў Расейскай Фэдэрацыі» не зьвяртаўся з абурэньнямі.

Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі, начальнік аддзелу грамадзянскіх аб’яднаньняў спадар Печкуроў так і не назваў абражаны суб’ект і не ўдакладніў, хто канкрэтна абураўся, чые нацыянальныя пачуцьці былі закранутыя.

Але абскардзіць пісьмовае папярэджаньне Мін’юсту да КХП БНФ не ўдалося.

Выканаўчы сакратар КХП БНФ Валер Буйвал распавёў:

«Над намі павесілі «дамоклаў меч», каб мы ня рыпаліся. Мы ж сур’ёзныя людзі, палітычная арганізацыя з 20‑гадовай гісторыяй, мы па‑філязофску ставімся да гэтага. Мы будзем дзейнічаць у адпаведнасьці са сваім статутам і сваёй праграмай, як гэта мы рабілі і раней».

Нагадаем, што пасьля двух папярэджаньняў афіцыйныя ўлады могуць распачаць працэдуру ліквідацыі партыі.

Іна Студзінская, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0