Фота: PantherMedia

Фота: PantherMedia

Калі не адбудзецца глабальных войн ці катастроф, насельніцтва Зямлі ў 2050 годзе дасягне 9,6 млрд чалавек. Ужо сёння вядомыя некаторыя дэталі пра іх (і нашае) жыццё.

Будзем жыць па 76 год

Сярэдняя працягласць жыцця зямляніна мае дасягнуць 76 год да 2050 года. Магчыма, да 2100 года яна дасягне і 82 год. У 2010 годзе сярэдняя працягласць жыцця па свеце была ў раёне 69 год, па Беларусі складала 71,5 год (65,6 год для мужчын і 77,4 для жанчын, 104 месца па свеце).

Будзем верыць у Хрыста і Алаха

Атэісты па краінах свету

Атэісты па краінах свету

Да 2050 года колькасць хрысціян вырасце да 2,92 млрд чалавек, мусульман — да 2,76 млрд. У 2070 годзе колькасць хрысціян і мусульман зраўняецца. Атэістаў стане больш у Еўропе і ЗША, але па свеце агулам стане менш. У Беларусі доля атэістаў практычна не зменіцца.

Наступная «залатая ліхаманка» пройдзе не на Зямлі

Кошт плаціны з астэроіда, ВУП Вялікабрытаніі, кошт Apple, кошт касмічнай праграмы «Апалон»…

Кошт плаціны з астэроіда, ВУП Вялікабрытаніі, кошт Apple, кошт касмічнай праграмы «Апалон»…

Плаціна, якую можна здабыць з аднога сярэдняга астэроіда, каштуе як пяць кампаній Apple. Ужо сёння чалавецтва ўмее саджаць касмічныя апараты на астэроіды і ўжо плануе высадзіць чалавека. Можна чакаць, што ў бліжэйшыя 10-20 год будзе распрацаваная надзейная тэхналогія здабычы карысных выкапняў з космасу.

Індыйская эканоміка абгоніць амерыканскую

ВУП найбуйнейшых эканомік свету

ВУП найбуйнейшых эканомік свету

У 2050-м найбуйнейшай эканомікай свету застанецца Кітай. Але па валавым унутраным прадукце ЗША «спаўзе» з другога на трэцяе месца, памяняўшыся пазіцыямі з Індыяй. За ЗША па спісе пойдуць Інданэзія, Бразілія, Мексіка, Японія, Расія, Нігерыя і Германія. Францыя і Брытанія знікнуць з топ-10 эканомік свету, а сямёрка краін, якія развіваюцца, абгоніць сённяшнюю «вялікую сямёрку».

Настольныя камп’ютары практычна вымруць

Сяргей Брын у акулярах Google Glass. Фота: digitaltrends.com

Сяргей Брын у акулярах Google Glass. Фота: digitaltrends.com

Рынак настольных камп’ютараў ужо сёння перажывае не лепшыя часы — ён практычна не расце, тым часам як рынак смартфонаў паказвае няспынны рост. Справа не толькі ў папулярнасці: смартфоны і планшэты могуць цалкам замяніць шараговаму карыстальніку настольны камп’ютар. На іх ужо ідуць гульні 10-гадовай даўніны, а разрыў з ПК па вылічальных магутнасцях скарачаецца. Хутчэй за ўсё, настольны камп’ютар у 2050 годзе стане выключна прафесійным інструментам, ды і будзе выглядаць як манітор-манаблок. А звычайны персанальны камп’ютар змесціцца ў кішэні, на галаве ці на руцэ.

У 3D-друкаваных дамах будзем есці 3D-друкаваную піцу

3D-прынтар SMRC гатуе піцу

3D-прынтар SMRC гатуе піцу

Сёння словазлучэнне «3D-прынтар» усё яшчэ гучыць трошкі экзатычна. Але сама ідэя 3D-прынтараў, папластовае фармаванне машынай аб’ектаў зададзенай формы, ужываецца усё шырэй. Гаечны ключ, пісталет, печыва, дом ці нават «жывы вентыль» можна надрукаваць хоць зараз. Да 2050, калі не да 2030 года 3D-прынтары, верагодна, будуць у кожным доме — навошта хадзіць у краму па прадукты, калі іх можна раздрукаваць? А лянота друкаваць — хай робарукі згатуюць.

Мы, кібаргі

MHOX EYE

MHOX EYE

Ужо сёння можна атрымаць падлучаны наўпрост да мозгу пратэз рукі. Камп'ютары ўжо збіраюцца зменшыць да памераў 100 мікрон — такія можна ўсталяваць у жывую клетку. Але пратэзаванне пойдзе далей: італьянцы абяцаюць да 2027 года стварыць сінтэтычныя вочы. Такімі тэмпамі не спатрэбіцца і перасадка галавы — цела можна будзе амаль цалкам рабатызаваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?