Узровень радыяцыі ў сувязі з ляснымі пажарамі каля Чарнобыльскай АЭС не ўяўляе небяспекі для жыцця беларусаў, заявіў БелаПАН прадстаўнік Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя (Гідрамет) Юрый Голікаў.

Паводле яго слоў, у сувязі з пажарамі каля ЧАЭС з нуля гадзін 29 красавіка сістэма радыяцыйнага маніторынгу па Гомельскай вобласці была пераведзеная «ў пачашчаны рэжым працы», у адпаведнасці з якім замеры магутнасці дозы гама-выпраменьвання праводзяцца кожную гадзіну (у звычайным рэжыме гэта робіцца раз на суткі). 

Паводле даных на 9.00 30 красавіка ў Брагіне (Гомельская вобласць) магутнасць дозы гама-выпраменьвання складала 53 мкР/гадз (пры сярэднямесячным значэнні 53 мкР/гадз), Гомелі — 11 мкР/гадз (11 мкР/гадз), Мінску — 10 мкР/гадз (10 мкР/гадз). «Сітуацыя стабільная, ніякіх змяненняў радыяцыйнага становішча ў сувязі з пажарам не зафіксавана», — паведаміў прадстаўнік Гідрамета. 

Пажар на тэрыторыі спецыяльнага камбіната «Чарнобыльская пушча» (Украіна) ўзнік 28 красавіка і, паводле даных Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях Украіны, ахапіў прыкладна 320 гектараў лесу. Па стане на 6.00 30 красавіка ў межах кантраляванага перыметра працягваецца тушэнне асобных ачагоў узгарання ляснога подсцілу на агульнай плошчы прыкладна 70 гектараў, распаўсюджванне агню спыненае, паведамляюць украінскія СМІ. 

Паводле інфармацыі міністра ўнутраных спраў Украіны Арсена Авакава, пажар спынены за 20 кіламетраў ад Чарнобыльскай АЭС і за 5 кіламетраў ад могільнікаў адходаў. Прэм'ер-міністр Украіны Арсен Яцанюк назваў пажар у чарнобыльскай зоне самым буйным з 1992 года. «Пажару такога маштабу ў нас не было», — сказаў ён. 

Паведамлялася таксама, што прычынай пажару ў «Чарнобыльскай пушчы» мог стаць падпал травы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?