Былы савецкі выведнік, а цяпер амерыканскі фінансавы аналітык Юрый Швец распавёў аб тым, што, нягледзячы на афіцыйную біяграфію, прэзідэнт РФ ніколі не працаваў у выведцы, бо меў «здольнасці ніжэйшыя за сярэднія». Ён расказаў пра мянушкі Пуціна ў КДБ і пра тое, якія дзве паперы дастаткова падпісаць прэзідэнту ЗША, каб абваліць эканоміку Расіі.

Ураджэнец Украіны, былы афіцэр Першага галоўнага ўпраўлення КДБ СССР, выпускнік Інстытута замежнай разведкі імя Андропава, а цяпер амерыканскі фінансавы аналітык Юрый Швец у 1980-я, у разгар «халоднай вайны», быў савецкім разведчыкам ў ЗША. Працаваў пад прыкрыццём карэспандэнта Тэлеграфнага агенцтва Савецкага Саюза (ТАСС), збіраў і аналізаваў інфармацыю аб магчымым раптоўным ядзерным ўдары Амерыкі па СССР.

У 1990-м Швец звольніўся са службы, праз тры гады эміграваў у ЗША, дзе выпусціў кнігу «Вашынгтонская рэзідэнтура: маё жыццё шпіёна КДБ у Амерыцы». Апошнія 18 гадоў былы выведнік ўзначальвае амерыканскую фірму па зборы інфармацыі і ацэнцы камерцыйных рызык кампаній, якія плануюць весці бізнэс як на тэрыторыі былога СССР, так і па ўсім свеце, уключаючы Лацінскую Амерыку, Афрыку і Азію.

Юрый Швец — адзін з ключавых сведак на публічных слуханнях справы аб забойстве былога афіцэра ФСБ Аляксандра Літвіненкі, якія праходзяць цяпер у Лондане. Менавіта Швец дапамог Літвіненку сабраць і прааналізаваць дасье на Віктара Іванова — паплечніка Уладзіміра Пуціна, дырэктара Федэральнай службы Расійскай Федэрацыі па кантролі за абаротам наркотыкаў. У дасье была сабрана інфармацыя пра сувязі Пуціна і Іванова з Тамбоўскай арганізаванай злачыннай групай, якая ў 1990-я займалася наркагандлем і адмываннем грошай аднаго з найбуйнейшых калумбійскіх наркакартэляў. Згодна з матэрыяламі брытанскага следства, менавіта Швец і Літвіненка сарвалі бізнес-здзелку адной з вядучых еўрапейскіх карпарацый з РФ, ад якой Іваноў нібыта планаваў асабіста атрымаць буйны «адкат».

У эксклюзіўным інтэрв'ю выданню «Гардон» Юрый Швец патлумачыў, чаму лічыць Пуціна чалавекам са здольнасцямі «ніжэйшымі за сярэднія» і «якія дзве паперкі дастаткова падпісаць» прэзідэнту ЗША Бараку Абаму, каб эканоміка Расіі абвалілася.

Выведнік Пуцін займаўся бздурай: разграбаў паклёпы студэнтаў на прафесараў, а ў ГДР накрываў паляну для высокапастаўленых таварышаў з Масквы

— Ці праўда, што вы вучыліся разам з Уладзімірам Пуціным у Чырванасцяжным імя Андропава інстытуце КДБ СССР?

— Гэтая інфармацыя з'явілася ў маі 2001 года на сайце Службы замежнай выведкі РФ, у матэрыяле гаварылася, што я здраднік, бо вяшчаю выкрывальныя рэчы пра КДБ, а ў дужках было пазначана: «У пачатку 80-х Юрый Швец быў аднакурснікам Уладзіміра Пуціна па Акадэміі КДБ».

— Навошта расійскім спецслужбам спатрэбілася выкрываць вас менавіта ў 2001 годзе?

— Паняцця не маю. З постсавецкай Расеяй мяне нічога не звязвала, я ніколі не быў грамадзянінам РФ, у мяне нават расійскага пашпарта не было. У 1993-м я з'ехаў у ЗША, а праз тры гады апублікаваў кнігу ўспамінаў «Вашынгтонская рэзідэнтура: маё жыццё шпіёна КДБ у Амерыцы». Як толькі мемуары з'явіліся, у Расеі пачалося выццё: маўляў, Швец выдаў усе сакрэты. Пра якія сакрэты гаворка, калі СССР даўно разваліўся, Камітэт дзяржбяспекі на той момант не існаваў, а старшыня КДБ Уладзімер Кручкоў ужо адседзеў у турме за спробу дзяржаўнага перавароту ў жніўні 1991 года.

— Можа, гвалт узняўся таму, што вы зашмат ведаеце пра мінулае Пуціна-выведніка?

— Пуцін ніколі не працаваў у выведцы.

— Але ў афіцыйнай біяграфіі прэзідэнта РФ паказана, што ён служыў контрразведчыкам у Ленінградзе (цяпер Санкт-Пецярбург), а пасля — у Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы (ГДР).

— Пасля заканчэння Інстытута Андропава Пуціна адаслалі ў тэрытарыяльныя органы — упраўленне КДБ па Ленінградзе і Ленінградскай вобласці. Гэта надзвычай важна для разумення «Who is mister Putin?» і што зараз адбываецца з Расіяй.

Трапіць у Чырванасцяжны імя Андропава інстытут КДБ СССР было надзвычай складана. Але калі ўжо трапіў, то з імавернасцю 99,9% цябе накіруюць у разведку (за выключэннем рэспублiканскiх таварышаў з Украінскай ССР і іншых рэспублік — іх дасылалі ў Маскву для падрыхтоўкі нацыянальных кадраў, а пасля вельмі часта адпраўлялі назад). Але Ленінград — іншая справа. Са мной вучыліся хлопцы з гэтага горада, яны трапілі ў Першае галоўнае ўпраўленне КДБ, якое адказвала за замежную разведку, а Пуцін — не.

— Чаму?

— Нягледзячы на пашыраны міф, у разведку траплялі не толькі Джэймсы Бонды, такіх па пальцах пералічыць можна было. Асноўная маса супрацоўнікаў Першага галоўнага ўпраўлення КДБ — гэта людзі з досыць сярэднімі аналітычнымі здольнасцямі і адэкватнымі псіхалагічнымі характарыстыкамі. Ключавое слова — «сярэдні». Тое, што Пуціна накіравалі не ў разведку, а ў ленінградскае ўпраўленне КДБ азначае, што на фоне таварышаў па службе яго здольнасці былі ніжэйшыя за сярэднія.

Падчас вучобы ў Маскве Пуцін як іншагародні жыў на закрытым аб'екце, які размяшчаўся за межамі горада, глыбока ў лесе і быў абнесены высокім плотам. Будучы прэзідэнт РФ знаходзіўся там 24 гадзіны ў суткі, сем дзён у тыдзень на працягу амаль года. У Інстытуце Андропава не толькі навучалі, але і вывучалі саміх студэнтаў, каб зразумець: пасуюць яны для работы ў выведцы ці не? Студэнта Пуціна за год вывучылі так, як гэтага не зробіць ні адна лабараторыя ў свеце. Фігуральна кажучы, яго высвецілі ўсімі магчымымі рэнтгенамі і вывернулі мехам унутр і, у выніку, накіравалі працаваць у Ленінградскую вобласць.

— Але ў Савецкім Саюзе другім па значнасці горадам, пасля Масквы, быў менавіта Ленінград. Чаму вы так грэбліва адгукаецеся аб службе ў паўночнай сталіцы?

— Упраўленне дзяржбяспекі па Ленінградзе і Ленінградскай вобласці было тыповым правінцыйным офісам КДБ, які нічым не адрозніваўся ад упраўлення КДБ у, скажам, Жмерынцы або Бярдзічаве. Па ідэі, супрацоўнікі павінны былі лавіць замежных шпіёнаў і вербаваць сваіх [суайчыннікаў], але насамрэч нічым такім не займаліся, бо ва ўсім свеце не было столькі шпіёнаў, колькі ў СССР было тэрытарыяльных «упраў» КДБ. Так што ў Ленінградзе выведнік Пуцін займаўся бздурай: разграбаў паклёпы студэнтаў на прафесараў, паклёпы прафесараў на рэктараў і гэтак далей.

— Тым не менш у 1985 будучага прэзідэнта РФ накіравалі на працу ва Усходнюю Нямеччыну, дзе, паводле афіцыйнай біяграфіі, «ён праходзіў службу ў тэрытарыяльным разведпункце ў Дрэздэне пад прыкрыццём пасады дырэктара Дома дружбы СССР—ГДР».

— У ГДР не было рэзідэнтуры КДБ і, згодна з загадам, Камітэт дзяржбяспекі не вёў разведвальнай дзейнасці на тэрыторыі сацыялістычных краін, асабліва ў ГДР, якая была адной з самых сяброўскіх савецкаму рэжыму. Ва ўсходніх немцаў была ўласная выдатная агентурная разведка, галоўнае было ёй не перашкаджаць, яны самі выконвалі ўсю працу і дакладвалі ў Маскву.

Рэзідэнтура — гэта канспіратыўнае падраздзяленне выведкі адной дзяржавы на тэрыторыі іншага. У ГДР нічога падобнага не было, а было афіцыйнае прадстаўніцтва КДБ у Берліне, Дрэздэне і, па-мойму, яшчэ ў адным горадзе. Навошта? У часы СССР выезд за мяжу быў сапраўднай падзеяй для любога савецкага грамадзяніна. І КДБ ладзіў для супрацоўнікаў тэрытарыяльных падраздзяленняў гэтае «свята жыцця». Афіцэра КДБ адпраўлялі на некалькі гадоў у ГДР, дзе ён вэндзіў неба і вяртаўся на радзіму з нямецкім фотаапаратам з лінзай «Карл Цэйс» і са сталовым сервізам «Мадонна». Гэтыя дзве стандартныя рэчы былі практычна адзіным вынікам яго «выведдзейнасці» ў ГДР.

Тым жа самым займаўся і Пуцін. У яго абавязкі дырэктара Дома дружбы СССР—ГДР ўваходзіла накрыць паляну для высокапастаўленых таварышаў з Масквы, накарміць, напаіць, атаварыць ў мясцовых крамах, зноў накрыць паляну, пагрузіць непрытомныя целы ў самалёт і адправіць назад у Маскву. Вось і ўся выведработа Пуціна ў ГДР.

У КДБ Пуціна называлі Недакуркам, пасля — Моллю, цяпер — Ботаксам

— Вы настойваеце, што ў Пуціна часоў службы ў КДБ і здольнасці былі ніжэйшыя за сярэднія, і сапраўднай выведкай ён ніколі не займаўся…

— Гэта не я настойваю, а яго сапраўдная, а не фэйкавая прафесійная біяграфія. Сам факт, што Пуціна пасля Інстытута Андропава адправілі назад у Ленінград — гэта адназначны дыягназ. Падчас вучобы яго вывучалі дзясяткі выкладчыкаў і прафесійных інструктараў, кожны з якіх па заканчэнні вучобы пісаў на выпускнікоў адпаведную характарыстыку. Я бачыў некаторыя з гэтых характарыстык — гэта аналітычныя даследаванні, цудоўныя па глыбіні апісання інтэлектуальных і псіхалагічных здольнасцяў аб'екта. Між іншым, ведаеце, як шмат пра чалавека кажа яго мянушка? У КДБ Пуціна называлі Недакуркам, пасля — Моллю, цяпер — Ботаксам.

Я меў зносіны з людзьмі, якія добра ведалі Пуціна задоўга да яго прэзідэнцтва. Усе адзначалі, што акрамя дастаткова пасрэдных інтэлектуальных здольнасцяў ён вызначаўся надзвычайнай закамплексаванасцю. Пуціна літаральна забіваў уласны маленькі рост, комплекс непаўнавартасці быў напісаны ва ўсёй яго постаці і на твары. Такога чалавека нельга было пасылаць выведнікам за мяжу, бо ў яго на твары было напісана: «Завярбуй мяне!». Ён таму ў КДБ пайшоў і дзюдо заняўся, каб неяк кампенсаваць комплекс непаўнавартасці. Не ведаю, як у спорце, але ў КДБ у яго дакладна не склалася.

— Тым не менш, у адрозненне ад больш таленавітых аднакурснікаў, менавіта Пуцін амаль 15 гадоў непадзельна кіруе адной з самых вялікіх дзяржаў свету…

— Ды таму і падняўся, што гэта сталая традыцыя савецкай, а цяпер і расейскай палітычнай сістэмы, калі на паверхню ўсплывае … яно. Чаму ў 1953-м Мікіту Хрушчова прызначылі Першым сакратаром Цэнтральнага камітэта КПСС? Ён жа абсалютным чмом быў, блазнам пры Сталіну. Але прызначылі яго як марыянетку, за спінай якой стаялі сур'ёзныя людзі.

Мяккага і недалёкага Леаніда Брэжнева таксама часова пасадзілі СССР ўзначальваць, праз пару гадоў яго павінен быў змяніць разумны «жалезны Шурык» — Аляксандр Шалепін. Але ўсім патрэбна была марыянетка: маўляў, за нітачкі патузаць, а праз пару гадоў здымем. У выніку пару гадоў выліліся ў 18 гадоў брэжнеўскай эпохі.

З Пуціным тая ж гісторыя. Яго выбралі як паслухмяную марыянетку, якая на пасадзе кіраўніка РФ павінна была гарантаваць бяспеку і бабло тым, каму прыйшоў на змену. Я меў зносіны з Барысам Беразоўскім, які адыграў немалую ролю ў тым, каб Пуцін стаў прэзідэнтам. Барыс казаў: «Дайце мне адзін тэлеканал, і я зраблю крэсла наступным прэзідэнтам Расіі». Вось і ўвесь адказ, як Пуцін падняўся.

Калі Пуцін даседзіць наверсе да канца, Расія альбо разваліцца, альбо яна ператворыцца ў Паўночную Карэю ці Манголію

— Ці магчымы ў сённяшняй Расіі палацавы пераварот, які адхіліць Пуціна ад улады?

— Цалкам, тым больш што ў крамлёўскіх «элітаў» з-за заходніх санкцый пакутуе бізнэс. Ім нафіг не патрэбны ні Крым, ні Данбас. Цяпер галоўны стратэгічны канфлікт Расеі — гэта канфлікт паміж імкненнем Пуціна дасядзець на сваім месцы да труны і аб'ектыўнымі патрэбамі краіны ў нармальным развіцці. Калі Пуцін даседзіць наверсе да канца, Расія альбо разваліцца, альбо яна ператворыцца ў трэцярадную дзяржаву накшталт Паўночнай Карэі або Манголіі.

— Вам не здаецца, што крамлёўскія эліты баяцца рускага народнага бунту больш, чым заходніх санкцый, і таму не рашацца на пераварот?

— Гэта закаранелая хвароба ўсёй маскоўскай «эліты». Напярэдадні развалу СССР да нас у КДБ кожны тыдзень прыязджаў чарговы партыйны работнік з ЦК: маўляў, хлопцы, вы павінны дапамагчы нам застацца ва ўладзе, інакш пачнецца бессэнсоўны і бязлітасны бунт, тады і вас, і нас будуць вешаць на ліхтарнях, як у Будапешце падчас антысавецкага паўстання 1956 года.

— Наколькі высокая імавернасць, што Пуцін націсне ядзерную кнопку?

— Нулявая. Я прафесійна займаўся ваенна-стратэгічнай праблематыкай у разгар «халоднай вайны» паміж СССР і ЗША, калі небяспека ядзернай вайны рэальна існавала. Што значыць пачаць ядзерную вайну? Трэба нанесці першы ўдар, мэта якога — знішчыць максімальную колькасць установак ракет наземнага базіравання суперніка, а калі ў адказ паляціць рэшта ракет, іх трэба збіць сваімі сродкамі ракетнай абароны. У СССР ніколі не было патэнцыялу першага ядзернага ўдару, у Расеі — тым больш.

— Паводле афіцыйных дадзеных на верасень 2013 года ў арсенале РФ было каля трох тысяч ядзерных боегаловак, у неафіцыйных крыніцах паказваецца лічба звыш 50 тысяч.

— Структура расійскіх ракет наземнага базіравання такая, што прыкладна палова боегаловак ўсталяваная на ракетах SS-18, або «Сатана», вырабленых у канструктарскім бюро «Паўднёвае» ў Днепрапятроўску. Гэта дзецішча 60-х гадоў мінулага стагоддзя, там прыкладна па 10 боегаловак на кожнай ракеце, але яны не маюць неабходнай дакладнасці. Ракеты прызначаныя для ўдару па плошчах, а не па дакладным цэлях. Гэта значыць, расійскія ядзерныя ракеты могуць знішчыць Нью-Ёрк, Сан-Францыска і іншыя буйныя гарады ЗША, але не знішчаць амерыканскіх ракет ў шахтных устаноўках. Затое атрымаюць гарантаваны ўдар у адказ, які змяце Расію цалкам.

Крытычна важны фактар для прыняцця рашэння «Наносіць ці не ядзерны ўдар?» — гэта наколькі дакладна твая ракета патрапіць у цэль. Савецкія, а зараз расейскія ракеты адрозніваюцца дрэннай дакладнасцю. Больш за тое, аб рэальнай дакладнасці трапляння не ведае ніхто, таму што вялікі ўплыў на траекторыю палёту ракеты аказваюць атмасферныя асаблівасці той зоны, па якой яна ляціць да цэлі. Адна рэч — выпрабоўваць ракету, якая ляціць з Усходняга палігона на Камчатку па вызначаным калідоры з вядомымі атмасфернымі асаблівасцямі. Але калі ядзерны ўдар і будзе наносіцца, то ракеты паляцяць па найкарацейшай траекторыі, гэта значыць праз Паўночны полюс, і куды яны ў выніку заляцяць — наогул ніхто не ведае, бо такіх выпрабаванняў яшчэ не было.

Нават калі Пуцін канчаткова звар'яцее і вырашыць націснуць ядзерную кнопку, таварышы хутка яго паправяць і ўсё яму растлумачаць. Прэзідэнт РФ наогул мала што разумее ў гэтых рэчах. У дакументальным фільме «Крым. Шлях на Радзіму» Пуцін выхваляецца, як «напалохаў» эсмінец ЗША ў Чорным моры: маўляў, мы разгарнулі комплекс берагавой абароны і адкрылі яго для спадарожнікаў, каб амерыканцы ўбачылі і жахнуліся… Але чамусьці ніхто не патлумачыў Пуціну маленькую дэталь: далёкасць стральбы расійскага комплексу — 250 км, а далёкасць палёту крылатых ракет з амерыканскага эсмінца — 2,5 тысячы (!) км. Калі пачнецца сур'ёзная вайна, комплексы, якія расійскі лідар панатыркаў у Крыме, будуць знесены шостым флотам ЗША з Міжземнага мора, нават не заходзячы ў Чорнае мора.

Акрамя тэхнічнага боку пытання, ёсць і псіхалагічны. Вы сур'ёзна думаеце, што чалавек, які штогод знікае з публічнай прасторы на 7—10 дзён, каб зрабіць сабе фэйсліфт [падцяжку твару — «Гардон»] і напампаваць сябе ботаксам, здольны развязаць ядзерную вайну? Бо ад зваротнага ўдару ботакс расплавіцца, пацячэ ад страху.

— Вы проста зайздросціце, што ў прэзідэнта РФ з кожным годам усё менш і менш маршчын.

— Каб націснуць ядзерную кнопку, трэба быць апантаным маніякальнай ідэяй, а Пуцін — раб толькі двух цалкам зямных жаданняў: падоўжыць жыццё да бясконцасці і назаўжды застацца ва ўладзе. Вы звярнулі ўвагу на важную дэталь на сустрэчы ў Мінску?

— На 17-часовых перамовах у Мінску ў лютым 2015 было шмат важных дэталяў. Пра якую канкрэтна вы кажаце?

— Пачатак перамоў, Меркель, Аланд, Парашэнка і Пуцін уваходзяць у залу. Лукашэнка сам усіх рассаджвае. Раптам да прэзідэнта Беларусі падскоквае расійскі лідар і ледзь не з рук вырывае канкрэтнае крэсла. Узнікае замяшанне. Ведаеце, чаму? Бо вышыня крэсла — найважнейшы фактар цяперашняй замежнай палітыкі РФ. Крэсла павінна быць высокім, каб Пуцін не выглядаў курдупелем. Адначасова крэсла не павінна быць занадта высокім, каб ножкі прэзідэнта РФ не боўталіся ў паветры. Падрыхтоўка крэсла для Пуціна — найважнейшая задача перад кожным яго з'яўленнем на публіцы, гэтае крэсла рыхтуюць загадзя. А тут Лукашэнка па няведанні камусьці іншаму «запаветнае» крэсла прапануе. Ледзь Мінскія перамовы не сарваў. А вы кажаце «чырвоную кнопку націснуць».

— Калі ядзерны шантаж — блеф, чаму Захад так млява рэагуе на ваенную агрэсію Расеі ва Украіне?

— Цяперашняе супрацьстаянне Вашынгтона і Масквы нагадвае ўзаемаадносіны ЗША-СССР канца 1970-х. Амерыку тады ўзначальваў ліберальны і мяккі Джымі Картэр, які спрабаваў з усімі жыць дружна. Замест таго каб скарыстацца гэтым і палепшыць адносіны з ЗША, Савецкі Саюз пачаў сур'ёзны наезд — у Афганістан ўлез, ракеты SS-20 на Еўропу нацэліў. У выніку пасля Картэра ў 1981 годзе прэзідэнтам стаў жорсткі Рональд Рэйган, які вырашыў пакончыць з выхадкамі СССР. Ён ўзняў выдаткі на ўзбраенне. У адказ савецкія генералы пачалі выклікаць Палітбюро і Генеральнага сакратара ЦК КПСС: маўляў, амерыканцы рыхтуюць першы ўдар па Савецкім Саюзе. На самай справе Рэйган гэтага не планаваў.

— Як не планаваў, калі менавіта падчас прэзідэнцтва Рэйгана «халодная вайна» паміж ЗША і СССР дасягнула піка?

— У красавіку 1985 мяне ў якасці карэспандэнта ТАСС накіравалі ў Вашынгтон. Журналістыка была прыкрыццём, я прыехаў з заданнем «не праглядзець падрыхтоўку ЗША да раптоўнага ракетна-ядзернага ўдара па СССР». Такое ж заданне атрымалі ўсе мае калегі па лініі палітычнай выведкі. Мне хапіла трох месяцаў, каб зразумець: заданне — поўная лухта.

Спачатку я нават падумаў, што, можа, чагосьці не разумею. Звярнуўся да іншых супрацоўнікам рэзідэнтуры, але яны ўсе былі са мной згодныя. І аналітыкі Галоўнага разведвальнага ўпраўлення гэтак жа лічылі. Але ўсё дружна рапартавалі ў Маскву пра тое, што пракляты Пентагон рыхтуецца да прэвентыўных ўдараў па СССР.

— Чаму супрацоўнікі савецкай замежнай выведкі хлусілі цэнтру?

— У Палітбюро ЦК КПСС, якое кіравала дзяржавай, пастаянна ішла прыхаваная барацьба. У канцы 1970-х кіраўніцтва Мінабароны СССР і КДБ увайшло ў змову і прыдумала неіснуючую пагрозу раптоўнага ракетна-ядзернага нападу з боку ЗША.

— Навошта?

— Каб палохаць іншых членаў Палітбюро, вялікая частка якіх складалася з 80-гадовых маразматыкаў. Пагроза ўзмацніла важнасць і значнасць Мінабароны і КДБ. Прадстаўнікі сілавых ведамстваў пачалі атрымліваць больш грошай з бюджэту, узнагароды, зоркі, лампасы. Ад савецкіх разведчыкаў патрабавалі даваць інфармацыю аб падрыхтоўцы ракетнага ўдару з боку ЗША. Калі ты рапартаваў, што пагрозы няма, цябе тут жа адклікалі назад у СССР як недастаткова падрыхтаванага супрацоўніка.

У выніку ў СССР паўсталі дзве паралельныя рэальнасці: адна выдуманая, якая складалася ў галаве ў кіраўніцтва на падставе тых дакладаў, якія яму паступалі ў адказ на фэйкавыя заданні, іншая — рэальнае жыццё ў краіне і за мяжой. На пэўным этапе паміж дзвюма рэальнасцямі паўстала прорва: вярхушка займалася віртуальнымі пагрозамі, а эканоміка дзяржавы раскладалася, краіна гніла знутры і ў 1991 годзе распалася. Роўна тое ж самае зараз адбываецца і ў Расіі. Як і СССР, яе развальваюць сілавікі ва ўладзе.

— Агучце прозвішчы генералаў, чыя змова, па-вашаму, прывяла да развалу СССР.

— Пачалося ўсё са старшыні КДБ Юрыя Андропава і міністра абароны Дзмітрыя Усцінава. Іх ініцыятыву падхапіў адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Андропава, мой непасрэдны начальнік (ён тады ўзначальваў замежную разведку СССР) Уладзімір Кручкоў. Усе міністры абароны Савецкага Саюза, аж да Дзмітрыя Язава, таксама ў гэтым удзельнічалі.

Дарэчы, толькі дзякуючы таму, што Кручкоў паспяхова палохаў Палітбюро амерыканскімі ракетамі, ён і стаў старшынём КДБ, атрымаў генерала арміі. Пасля гэтага ў яго канчаткова паехаў дах і ён пайшоў на жнівеньскі путч 1991 года, пасля якога СССР рухнуў.

— Вы не перабольшваеце ролю савецкіх генералаў? У рэшце рэшт, менавіта Рэйган уцягнуў Саюз у гонку ўзбраенняў і абваліў сусветныя цэны на нафту, што канчаткова падарвала эканоміку СССР.

— Пытанне: «Ці праўда, што Амэрыка ўвайшла ў змову з Саудаўскай Аравіяй, каб абрынуць сусветныя цэны на нафту?» ве-е-ельмі дыскусійнае. У Расеі таксама крычаць: маўляў, ЗША дамовіліся з Саудаўскай Аравіяй. Я ацэньваю праўдзівасць гэтага сцвярджэння 50 на 50.

Рэйган сапраўды уцягнуў СССР у гонку ўзбраенняў, але савецкі генералітэт з задавальненнем і зусім бяздумна яе падхапіў, не разумеючы, што гэта загубіць эканоміку. Менавіта кіраўніцтва Мінабароны і КДБ ставіла перад Палітбюро задачу адказваць ЗША адзін да аднаго: калі амерыканцы разгортваюць ракету — і мы павінны, калі разгортваюць падводную лодку — значыць, і мы абавязаныя. Як ваеннае спаборніцтва з ЗША адаб'ецца на эканоміцы ў СССР — пра гэта асабліва не думалі. У выніку пупок развязаўся і ўсё загінула. Абсалютна аналагічныя падзеі адбываюцца цяпер у Расеі: сілавікі генеруюць фэйкавыя пагрозы звонку, прымушаюць СМІ і ўласныя разведслужбы іх тыражаваць, а пасля самі ж у іх вераць.

Хочаце грандыёзную гісторыю, пра якую мала хто памятае? Гэта аб логіцы існавання і СССР, і Расіі. У другой палове 1970-х у Савецкім Саюзе стварылі ракеты SS-20 сярэдняй далёкасці. Ні канкрэтнай мэты, ні канкрэтнай задачы не было: спраектавалі, сканструявалі, і ўсё. Асабісты саветнік Брэжнева на закрытым брыфінгу ў пасольстве распавядаў нам: аэрадром, Леанід Ільіч адпраўляецца ў замежныя паездкі, члены Палітбюро яго суправаджаюць. Раптам да Брэжнева падыходзіць міністр абароны Усцінаў, з якім яны на «ты», бо з часоў Вялікай Айчыннай знаёмыя былі. «Лёнь, — кажа Усцінаў, — мы ракеты зрабілі, не балістычныя, да ЗША не даляцяць, але Еўропу накрыюць. Трэба нешта з імі рабіць, грошы патрацілі, вытворчасць наладзілі, а куды падзець — незразумела. Можа, размесцім іх у заходняй частцы Украіны і Беларусі, хай стаяць?». Недалёкі Брэжнеў, якія ўпадаў у маразм, адказвае: «Давай, Дзіма, давай!». Вось і ўсё абмеркаванне стратэгічнага пытання.

Так без усялякай рэальнай прычыны СССР разгарнуў ракеты SS-20, ЗША няўцямна ахнулі і ў адказ разгарнулі ў Еўропе балістычныя ракеты «Першынг-2», падлётны час якіх да Масквы быў усяго 8—10 хвілін. Цяпер ахнулі ў Маскве, і пачалася барацьба за мір. Пуцін можа дастукацца са сваімі пагрозамі, і ЗША ўспомняць пра «Першынгі» або іх сучасныя мадыфікацыі. Калі цяпер іх размясціць, напрыклад, у Прыбалтыцы, то падлётны час скароціцца да чатырох хвілін. З улікам таго, што цяпер ракеты звышгукавыя, да Масквы даляцяць і зусім за 2—2,5 хвіліны. Вось і ўсё вырашэнне пытання аб ядзернай вайне.

— Пуцін наважыцца на шырокамаштабны ваенны наступ на Украіну?

— У разведцы і аналітыцы важныя дэталі, я іх не ведаю, але бачу дзве сур'ёзныя рэчы. Па-першае, канцэнтрацыя расійскіх войскаў на мяжы з Украінай ўжо надзвычайная. Трымаць без справы такая колькасць людзей нельга, яны раскладаюцца і ператвараюцца ў небяспечную для самой Расеі сілу.

З другога боку, РФ вельмі неабходна, каб Захад зняў з яе санкцыі і не ўвёў новых. Нядаўна прэм'ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў стагнаў, дакладваючы аб становішчы спраў у краіне. Калі Пуцін наважыцца на наступ, эканоміка Расеі не вытрымае новых санкцый. Але трэба ўлічваць фактар «тэрытарыяльнага ўпраўлення КДБ», яркім прадстаўніком якога з'яўляецца Пуцін. Як казаў нябожчык Беразоўскі: «Цяжка прагназаваць логіку ідыётаў».

— Тады патлумачце мне логіку прэзідэнта ЗША, які тармозіць пастаўкі Украіне смяротнай зброі.

— Абаму якраз зразумець можна: калі амерыканскую зброю кінуць гэтак жа, як і ўкраінскую пры адступленні сіл АТА з Дэбальцава, будзе скандал, і адказнасць за гэта панясуць не сенатары, якія выступаюць за ваенную дапамогу Украіне, а асабіста Барак Абама. Гэта нанясе моцны ўдар па прэтэндэнту на пост прэзідэнта ЗША ад Дэмакратычнай партыі. Абама павінен годна пакінуць прэзідэнцкі пост, інакш яго імя будзе зганьбаванае.

…Цяпер лёс Расіі ў значнай ступені залежыць ад прэзідэнта ЗША. Падпісаўшы ўсяго дзве паперкі, без усялякіх ядзерных удараў Абама можа пагрузіць РФ у перадынфарктны стан.

— Можна з гэтага месца падрабязней?

— Першае: найбуйнейшыя нафтавыя манаполіі ўжо ціснуць на Абаму, патрабуючы зняць абмежаванні на экспарт амерыканскай сырой нафты, ён пакуль супраціўляецца, але надзея ёсць. Калі Абама падпіша гэтую паперу, сусветныя цэны на нафту абрынуцца.

Другое: экспарт звадкаванага газу. Па стане на студзень 2015 года на стале Абамы ляжала прыкладна 100 заявак на экспарт звадкаванага газу з ЗША, пры гэтым задаволена толькі пяць з іх. Але на прэзідэнта і тут цісне магутнае лобі. Чакаецца, што праз сем-восем тыдняў першая партыя пойдзе ў Еўропу. Калі будуць знятыя абмежаванні на экспарт амерыканскага звадкаванага газу, сусветныя цэны на яго таксама абрынуцца.

І ў першым, і ў другім выпадку Крамлю канец. Ведаеце, у чым унікальнасць Расіі? Нармальныя краіны пры добрай эканоміцы заўсёды нармальныя. Расія ж становіцца разумнай ў замежнай палітыцы толькі тады, калі мае сур'ёзныя эканамічныя праблемы. Як толькі ў РФ з'яўляюцца лішнія грошы, у Крамля едзе дах: пацаны забываюцца і расстаўляюць пальцы веерам. Расія — краіна нетрадыцыйнай арыентацыі, у тым сэнсе, што ў стратэгічным плане ў ёй усё робіцца праз адно месца. Калі Захад не здыме санкцыі, праз два гады Расія абрынецца.

У нафтавых свідравінах, якія цяпер распрацоўвае РФ, паводле ацэнак розных спецыялістаў, нафты засталося прыкладна на два гады. Новых радовішчаў у сувязі з заходнімі санкцыямі Расія распрацоўваць не можа. Такім чынам, праз два гады краіна застанецца без нафты.

— Можа, справа не ў самой Расеі, а ў яе цяперашнім палітычным кіраўніцтве?

— Часам мне здаецца, што Пуцін — агент злавеснай сусветнай закулісы, які атрымаў заданне раз і назаўжды скончыць з Расіяй. Замест таго каб наладжваць нармальныя адносіны з той жа Еўропай, экспарт газу і нафты ў якую складае львіную долю расійскага бюджэту, Пуцін пачаў сабачыцца з Захадам. Нават у разгар «халоднай вайны» крамлёўскія старцы ніколі не шантажавалі заходнія краіны пастаўкамі нафты і газу. Ні-ко-лі. Паколькі нават ідыёт разумее, што секчы сук, на якім сядзіш, — гэта контрпрадуктыўна. А крыкі: маўляў, у сітуацыі з Украінай НАТА сам вінаваты, бо пачаў набліжацца да расейскіх межаў. Гэта ж Пуцін адрадзіў НАТА. Да агрэсіі Расіі Альянс існаваў практычна толькі на паперы, затое цяпер ажыў. Пуцін уварваўся ва Украіну нібыта для таго, каб туды не ўвайшоў НАТА. Але цяпер салдаты НАТА ўжо ў Прыбалтыцы, на межах РФ. «Дарагія расіяне» павінны сказаць за гэта дзякуй Пуціну.

У СССР у канцы 1980-х, за два гады да жнівеньскага путчу, нас перавялі на аналітычную працу. Мы збіралі інфармацыю з усяго Саюза, спрабавалі зразумець, што адбываецца. Тады я ўбачыў выразныя прыкметы хуткага распаду дзяржавы. Тыя ж прыкметы я цяпер бачу і ў Расіі. Пуцін многае зрабіў для таго, каб наступным прэзідэнтам ЗША стаў новы Рэйган і каб палітыка стрымлівання РФ надоўга стала замежнапалітычным курсам Вашынгтона. Ва ўмовах глабалізацыі ператварыцца ў замкнёнага ў сабе ізгоя — гэта значыць ператварыць РФ у трэцясортную дзяржаву ці ўвогуле яе знішчыць. Але Пуцін усё робіць для гэтага, бо лічыць, што гэта адзіны спосаб для яго, каб пратрымацца каля карыта да самай труны.

— Калі Пуцін сыдзе, варожасць Расіі да Украіны спыніцца?

— Не. На жаль, гэта гістарычны лёс Украіны, хто б ні прыйшоў да ўлады ў Крамлі. Расія не засвоіла найважнейшай аксіёмы: памперсы і палітыкаў трэба мяняць рэгулярна. Краіна працягвае хадзіць у выкарыстаных памперсах, а ўсе, хто прыходзяць у Крэмль, спрабуюць застацца там навечна, ператвараючы краіну ў балота. Гэта нацыянальная ідэя і трагедыя Расіі, якая яе загубіць. Менавіта таму існаванне адкрытай, дэмакратычнай і паспяховай Украіны для Крамля як костка ў горле.

Хто прыйдзе на змену Пуціну? Зноў-такі, людзі з «піцерскай Жмерынкі». Напрыклад, былы дырэктар ФСБ, а цяпер сакратар Рады бяспекі РФ Мікалай Патрушаў. Ён, як і Пуцін, працаваў у ленінградскім ўпраўленні КДБ, быў спецыялістам па арганізацыі палявання і рыбалкі для кіраўніцтва. Такі «егер» быў практычна ў кожным упраўленні КДБ, вывозіў начальства на прыроду, накрываў паляну, а цяпер кіруе Радай Бяспекі. Але калі на чале зграі львоў стаіць баран, то львы ператвараюцца ў статак бараноў. Не важна, колькі разумных людзей у расійскіх структурах, калі іх узначальвае Вова Пуцін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?