Міністр абароны РФ Сяргей Шайгу аддаў загад вывучыць пытанне пра аднаўленне вытворчасці звышгукавога бамбавіка-ракетаносбіта Ту-160, паведамілі расейскія СМІ.

Цяпер на ўзбраенні авіяцыі Расеі застаюцца 16 такіх самалётаў. Першапачаткова яны ствараліся выключна як носьбіты ядзерных ракет для ўдараў па вялікіх стацыянарных цэлях. Адсекі таксама могуць быць пераробленыя для выкарыстання звычайных бомбаў.

«Гэта ўнікальная машына, якая апярэдзіла свой час на некалькі дзесяцігодздзяў і дагэтуль не выкарыстала цалкам закладзеныя ў яе канструктыўныя магчымасці», — адзначыў міністр. Цяпер Расея толькі мадэрнізуе тыя Ту-160, што ўжо стаяць на ўзбраенні авіяцыі.

Раней улады РФ заяўлялі, што робяць стаўку на стварэнне т.зв. «Перспектыўнага авіяцыйнага комплекса дальняй авіяцыі» — ПАК ДА, які з сярэдзіны 2020-х і будзе замяняць Ту-160.Такім чынам, магчымае рашэнне пра вяртанне да вытворчасці Ту-160 можа значыць, што РФ будзе ва ўмовах эканамічнага крызісу эканоміць мільярды даляраў, якія спатрэбіліся б на ПАК ДА. Замежныя і расейскія экспэрты ўжо адзначалі, што ўмовы, у якія Расея сама загнала сябе недальнабачнай эканамічнай палітыкай і агрэсіўным стаўленнем да суседзяў, не дазволяць Маскве выканаць Дзяржаўную праграму па ўзбраеннях, разлічаную на 2010-2020 гады.

Яшчэ адной верагоднай прычынай адмовы ад ПАК ДА на блізка- і сярэднетэрміновую пэрспэктыву можа быць дэградацыя расейскай аэракасмічнай прамысловасці, якая стане яшчэ больш хуткай з-за разрыву тэхналагічных сувязяў з кампаніямі ЗША і Еўропы.

Новы стратэгічны бамбавік СССР пачаў распрацоўваць яшчэ ў канцы 1960-х гадоў, але толькі ў 1980-я Ту-160 стаў на ўзбраенне Дальняй авіяцыі СССР. Машыны-гіганты, якія атрымалі ў НАТА мянушку Blackjack, з палівам і узбраеннем важаць 270 тонн. Максімальная хуткасць — 2230 км/г, максімальная дальнасць палёту без дазапраўкі - 13950 км. Асноўнае ўзбраенне - стратэгічныя крылатыя ракеты Х-55СМ. Рухавікі для іх выпускае ўкраінская кампанія «Матор Січ».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?