І

На беларускім інтэлектуальным вакзале не дужа тлумна. Жменька пасажыраў і некалькі цягнікоў — рэгулярных і нерэгулярных, марудных і хуткасных. «Думаць Беларусь», «Смерць філасофіі», «Постметафізіка» — вось назвы некаторых маршрутаў. Сярод розных маршрутаў усё больш і больш становіцца кідкім «Гендарны маршрут» — хуткасны інтэлектуальны цягнік, які забірае што найпрагрэсіўнейшых беларусак і беларусаў і без прыпынкаў вязе ў самую-самую Еўропу.

Прадстаўніцы і прадстаўнікі беларускіх gender studies ды роднаснага ідэалагічнага руху — фемінізму — сапраўды месцяцца ўнутры шырокай еўрапейскай плыні. Цікавіць іх не толькі, і не столькі вывучэнне, але перадусім перамяненне грамадства, прычым ўсяго грамадства, якое так моцна прасякнута «патрыярхальнай культурай» — крыніцай зла і насілля. Ёсць, канешне, асацыяцыі жанчын, якія не замахваюцца так шырока, а засяроджваюцца на такіх рэчах, як выроўніванне заробкаў або лепшыя сацыяльныя гарантыі для жанчын. Але такі падыход беларускія феміністкі грэбліва называюць «побытавым фемінізмам». Асвечаны, гэта значыць, еўрапейскі фемінізм мусіць быць крытычны, інтэлектуальны і рэвалюцыйны — кажуць яны і маюць рацыю, бо сапраўды ў Еўропе феміністычны рух мае пераважна такую скіраванасць.

Вось мая рэканструкцыя асноўных ідэй беларускага фемінізму:

А. Пераадоленне пераканання наконт таго, што існуюць «мужчынскія» і «жаночыя» прафесіі. Найбольш яскравай акцыяй у гэтым накірунку з'яўляецца кампанія за адмену распараджэння Савета Міністраў, у якім забараняецца жанчынам выконваць шэраг прафесій. Распараджэнне з 2002 году пералічвала ажно 252 такія прафесіі. З таго, што ведаю, нядаўна было яно перагледжана, але наўрад ці там ёсць сур'ёзныя змены.

Б. Пераадоленне «патрыярхалізму» ў «дыскурсіўных практыках», наяўных у школьных падручніках, у масмедыя, штодзённай камунікацыі, акадэмічнай сферы. У рамках барацьбы з «патрыярхальным дыскурсам» Ірыне Саламацінай прыйшлося нават збэсціць арганізатараў Трэцяга міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі ў Коўне — за тое, што тыя падчас пленарнага паседжання заяўлялі пра патрэбу будавання «інтэлектуальнага братэрства». Няўзброеным вокам цяжка тут заўважыць якуюсь крамолу. Але, калі апрануць акуляры гэндэрных тэорый, то крамола будзе навідавоку: прыгожае слоўца «братэрства» кадзіруе непрыгожыя «практыкі выключэння».

З гэтай нагоды прыгадаўся адзін момант з часу майго выкладання ў ЕГУ. У рамках дыстанцыйнага курсу «Метады навуковага даследавання» я запрапанаваў студэнткам і студэнтам абмеркаваць праблему «гендарных аднясенняў» у акадэмічных тэкстах. Гаворка ідзе пра такія сказы, дзе з'яўляюцца аднясенні да гіпатэтычных асоб, напр. «Кожны, хто чытаў Платона, мог заўважыць…». Было пастаўлена пытанне, ці варта імкнуцца да пераадольвання ці ўраўнаважвання такіх аднясенняў, напр. казаць: «Кожная, хто чытала Платона, магла заўважыць…» або «Тыя, хто чыталі Платона, маглі заўважыць…» Выказалася дзесь каля васьмі дзяўчат і два ці тры хлопцы. Хлопцы выказваліся ў даволі нейтральным ключы, тыпу: «Ну, можа, варта падумаць». Тым часам амаль усе дзяўчаты вельмі крытычна паставіліся да ідэі пераадольвання «гендарных аднясенняў» прызнаўшы гэта нейкай псеўдапраблемай. Не ведаю, якую экспертызу далі б гэтаму казусу прафесійныя гендарныя даследніцы, але для мяне гэта быў напамін пра тое, што не варта рабіць ідэалогію з займеннікаў, суфіксаў ці канчаткаў.

В. Пераадоленне «рэлігійнай маралі», якая, на думку феміністак, ляжыць у аснове кампаніі супраць абортаў, а такая кампанія — асноўная праява «патрыярхальнага насілля» — гл. на гэты конт артыкул Саламацінай Проблема аборта: потребности людей и интересы государства.

Г. Перамена грамадства. Як сказала маладая феміністка Таццяна Шчурко: «Для мяне фемінізм — гэта тэорыя і рух, скіраваны на разбурэнне/крытыку/дэканструкцыю патрыярхату як сістэмы няроўнасці, абапертага на той ці іншай палавой прыналежнасці».

ІІ

Трэба прызнаць, што Беларусь — гэта выдатнае поле для прапаведавання і праводжання «феміністычнай дэканструкцыі». Прадстаўнікі дзяржаўнай улады на чале з «галавой» ніколі не былі пераборлівымі ў словах — ні пры абмеркаванні рэлігійных спраў, ні нацыянальных ні эканамічных. Што ж ужо казаць пра падбор слоў пры закрананні гендарных пытанняў. На Захадзе феміністкі і гендарныя тэарэтыкі мусяць нямала папацець, каб у прамовах кансерватыўных або хрысціянскіх дзеячаў адшукаць сляды «патрыярхальнага насілля» — дзеля гэтага яны аналізуюць кожнае слова, кожную марфему, а нават ідуць яшчэ далей — шукаюць схаваных імплікатур і падтэкстаў у такім ці іншым парадку слоў.

У беларускай жа сітуацыі «дыскрымінацыя», «традыцыйныя іерархіі» ды «мікрапрактыкі падаўлення жанчын» ляжаць на паверхні… канешне ж, пры ўмове, што даследчык/-ыца мае адпаведныя акуляры. Парада Лукашэнкі, каб жанчыны нараджалі першае дзіця да 28 году або меркаванне Ярмошынай, што «дзіця для жанчыны заўжды павінна быць на першым месцы» — улюбёныя топасы беларускіх феміністак. Кожны намёк на дзіця, мацярынства ці проста сям'ю адэптамі гендарных даследаванняў можа быць расцэнены як сімптом злачыннай стэрэатыпізацыі жанчын, жадання прывязаць іх да функцыі дзетараджэння, зняволіць імператывам мацярынства і ў выніку падпарадкаваць іх інтарэсам (капрызам) мужчынскай папуляцыі. Як кажа гендарная даследніца Вольга Петруковіч: «Бачым, што афіцыйны дыскурс прасоўвае толькі фанатычнае ўсёпаглынальнае мацярынства» (курсіў дададзены). Безумоўна, бачым. Калі апрануць адпаведныя акуляры, то ў закліках да мацярынства і канцэнтрацыйныя лагеры можна ўбачыць.

ІІІ

Цягам апошняга часу з'яўляліся таксама спробы інтэлектуальнай палемікі з фемінізмам і праграмай гендарных даследаванняў. У 2009 годзе на старонках «Беларускай думкі» з'явіўся артыкул «з рэдакцыйнай пошты» (ледзь не напісаў: «рэакцыйнай») пад назвай Соблазн доминации. Адразу ж пад загалоўкам месціцца своеасаблівая дэфініцыя: «Фемінізм — гэта жаночы шавінізм». Аўтарам допісу з'яўляецца Аляксандр Гарбачоў, выкладчык БДУ, літаратуразнаўца. Гарбачоў — гэта адзін з мужчын, у дачыненні да якога тытул «мізагіна» не будзе ідэалагічнай этыкеткай. Гэта чалавек, які спалучае ў сабе выдатны літаратурны талент з горкім прымітывізмам у пытаннях міжчалавечых адносін. Яго палеміка з фемінізмам у аргументацыйным плане марная, а ў этычным — мяжуе з нахабствам.

Больш сур'ёзным з'яўляецца артыкул Куда зовёт нас гендерное равноправие? Уладзіміра Грозава, дырэктара выдавецтва Беларускага Экзархату, апублікаваны ў той жа «Думцы» ў 2012 годзе. У ягонай крытыцы «гендарызму» можна заўважыць прыкметы аналізу. Аднак, аўтар абапіраецца выключна на другаснай літаратуры, на тэкстах пра гендарныя даследаванні. Прапануе інтэрпрэтацыю гендарных даследаванняў, якая ў сваю чаргу абапіраецца на іншых інтэрпрэтацыях, прычым усе яны паходзяць з крыніц, прынцыпова непрыхільных gender studies.

Крытыка фемінізму і genderstudies у Беларусі абцяжарана некалькімі недахопамі.Па-першае, рэдка бярэцца пад увагу разнастайнасць згаданых плыняў. Многія ігнаруюць таксама мнагавектарнасць феміністычнай праграмы. Амаль у кожнай разнавіднасці фемінізму можна выдзеліць прынамсі два вектары: а) змаганне з рознымі формамі штодзённай несправядлівасці ў дачыненні да жанчын; б) імкненне да трансфармацыі грамадства водле феміністычнай візіі. Думаю, што вектар (а) варты таго, каб да яго паставіцца ўважліва. На гэтай лініі магчымая (і нават пажаданая) супраца з феміністкамі (прынамсі тымі, каго ідэалагічная лютасць не пазбавіла здольнасці да супрацы) з боку ўсіх сіл, якіх рупіць абарона годнасці кожнай чалавечай асобы.

Па-другое, фемінізм ягонымі крытыкамі рысуецца зазвычай як «жаночы шавінізм», як ідэалогія, якая палыхае нянавісцю да мужчын. Насамрэч жа фемінізм, з малымі выключэннямі, не імкнецца да «знішчэння мужчын», ва ўсякім разе, атакуе мужчын не больш, чым жанчын, якія не падзяляюць феміністычных поглядаў. Фемінізм імкнецца да якогась неакрэсленага «перамянення грамадства», дзе гендарныя ролі будуць выглядаць «інакш», «лепш», «раўней», чым у «патрыярхальнай» сістэме. У чым дакладна заключаецца гэтае «інакш» і «лепей» — не дужа ясна, але гэта ўжо іншая справа.

Практыка дэманізацыі фемінізму і канцэнтрацыя выключна на (рэальным ці прыдуманым) «мізандрычным» яго характары вельмі аслабляе крытычную лінію апанентаў фемінізму. Такі спосаб палемікі спараджае ўражанне, што апаненты баяцца феміністак. А паколькі баяцца, значыць, ёсць на гэта прычыны: напэўна прадчуваюць, што іх пазіцыі хістаюцца.

Беларускія крытыкі фемінізму не заўважаюць, у чым заключаецца ключавая праблема гэтага напрамку. Фемінізм і роднасныя яму «гендарныя даследаванні» ігнаруюць фундаментальны метадалагічны прынцып, які палягае ў адрозненні апісання, ацэнкі і дзеяння. Аперыруюць наборам шматскладовых і шматслоўных тэрмінаў, якія могуць уражваць сваёй «вучонасцю», але якія не выконваюць амаль ніякіх апісальных ці выясняльных функцый. Там няма тэрміналогіі, ёсць толькі жаргон. Няма метадалогіі, ёсць толькі ідэалогія. Дакладней, метадалогія змяшана з ідэалогіяй. Будучы самі пазбаўлены эпістэмалагічнай базы, «гендарныя даследаванні» распаўсюджваюць у акадэмічным асяроддзі аргументацыйныя прыёмы, якія характэрны для палітычных і ідэалагічных баталій, але не прымальныя ў ходзе рацыянальнай дыскусіі. Асноўны іх метад — дэмаскатарства.

Вось гэта — вельмі спецыфічная «інтэлектуальная місія» — і ёсць асноўнай праблемай гендарызму, як беларускага, так і еўрапейскага.

* * *

P.S. Фемінізм і genderstudies з фармальнага гледзішча з'яўляюцца двума адрознымі абшарамі дзейнасці. Першы — гэта грамадскі рух, які ставіць сваёй мэтай эмансіпацыю жанчын, другі — гэта даследніцкі праект, скіраваны на вывучэнне спосабаў «канструявання» гендарных роляў. Аднак жа «гендарныя даследаванні», як правіла, жадаюць быць не толькі даследаваннямі, а прэтэндуюць на тое, каб быць таксама фактарам трансфармацыі. А паколькі трансфармацыя грамадства, аб якой тут гаворка, амаль заўсёды скіравана на вызваленне «прыгнечанага роду», г.зн. жаночага, то адрозненне між «фемінізмам» (прынамсі тым больш-чым-побытавым) і genderstudies становіцца амаль няўлоўнай. Таму ў артыкуле я трактаваў гэтыя дзве з'явы як сіямскіх блізнюкоў.

* * *

Загаловак ад Рэдакцыі. Аўтарскі загаловак: «Гендарны маршрут» — з Беларусі ў Еўропу. Зацемкі пешахода».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?