Мінгарвыканкам палічыў размяшчэнне газеты «Наша Ніва» ў Мінску «немэтазгодным». Менавіта такая фармулёўка пазначана ў лісце, які атрымала сёння рэдакцыя газеты. Ліст падпісаны начальнікам ідэалагічнага аддзела Мінгарвыканкама Генадзем Курбекам.

– Відаць, улады прыдумалі нейкую новую працэдуру знішчэння незалежных выданняў, – гаворыць галоўны рэдактар «Нашай нівы» Андрэй Дынько. – Паводле ўказа кіраўніка дзяржавы мы павінны былі да 1 лютага ўнесці змены ў наш статут. Што мы і зрабілі. Статут быў адпраўлены на ўзгадненне ў юрыдычны аддзел Мінгарвыканкама, але на працягу некалькіх месяцаў ніякай рэакцыі адтуль не было. І вось зараз мы раптам атрымліваем з Мінгарвыканкама ліст, дзе гаворыцца, што «размяшчэнне «Нашай Нівы» ў Мінску» з’яўляецца немэтазгодным». Што гэта азначае, патлумачыць цяжка. Але ў выніку гэтага рашэння мы аказваемся без юрыдычнага адрасу, што дае падставы адпаведным органам падаць пазоў на ліквідацыю нашай газеты.

Каментаваць сваё рашэнне адносна «Нашай Нівы» ў ідэалагічным аддзеле Мінгарвыканкама адмовіліся:

– Звоните в редакцию газеты «Наша Ніва»– у них есть официальное письмо, пусть они вам и поясняют, – параіла карэспандэнту «Салідарнасці» намеснік начальніка ідэалагічнага аддзела Улляна Стэсіна.

– У юрыдычным сэнсе такая фармулёўка проста нонсенс, – адзначае Андрэй Дынько. – У лісце Мінгарвыканкама адзінай аргументацыяй дадзенага рашэння стаў той факт, што 22 сакавіка галоўны рэдактар быў пакараны на 10 сутак арышту. Гэта прыкладна тое ж самае, што зачыніць увесь маргарынавы завод за тое, што яго дырэктар быў аштрафаваны за праезд на чырвонае святло.

Андрэй Дынько быў арыштаваны за тое, што нёс прадукты ў намётавае мястэчка на Кастрычніцкай плошчы.

Зараз «Наша Ніва» збіраецца абскарджваць рашэнне Мінгарвыканкама ў судзе. Акрамя таго, рэдакцыя газеты мае намер звярнуцца да ўрада Літвы і іншых дзяржаў з просьбай хадайнічаць перад ЮНЕСКА аб ўнясенні «Нашай Нівы», якой сёлета спаўняецца 100 гадоў, у спіс нематэрыяльнай спадчыны.

– Толькі гэта можа даць нейкую базу для нашага далейшага існавання, – кажа Андрэй Дынько. – Пакуль жа будзем працаваць, як і працавалі – выдаваць газету і выходзіць у Інтэрнэце.

Анастасія Зелянкова

«Салідарнасьць»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0