Арт-праект «Ноч музеяў-2015» у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь пройдзе пад дэвізам «У кожнага свая цішыня». Пра гэта паведамілі ў музеі.

«Ціхая ноч» пройдзе 16 мая з 19:00 да 24:00. Нацыянальны мастацкі музей ператворыцца ў храм багіні Гесіхіі (багіні цішыні), дзе можна будзе застацца сам-насам са сваёй унутранай цішынёй і праз сузіранне знайсці ўласную гармонію. Цішыня - надзейны спадарожнік любой музейнай экспазіцыі. Без цішыні нельга зразумець прыгажосць. Усё вялікае здзяйснялася ў цішыні. І само гэта вялікае выклікае жаданне не парушаць цішыню, адзначылі ў музеі.

Нацыянальны мастацкі музей прадаўжае традыцыю актыўнага ўдзелу ў міжнароднай акцыі «Ноч музеяў». Але ў гэтым годзе, улічваючы вялікую колькасць наведвальнікаў, фармат мерапрыемства крыху зменены.

Білеты, колькасць якіх абмежавана да 4 тыс., можна набыць толькі загадзя. 16 мая білеты прадавацца ўжо не будуць. Пры папярэднім продажы білетаў наведвальнікам будзе рэкамендавана прыйсці на «Ноч музеяў-2015. «Ціхая» ноч» да пэўнага часу: 19:00, 20:00, 21:00, 22:00. Гэта зроблена для зручнасці наведвальнікаў, каб пазбегнуць вялікіх чэргаў і масавага скопішча людзей у залах музеяў. Папярэдні продаж білетаў ажыццяўляецца з 1 мая.

Камерны фармат акцыі «Ноч музеяў-2015. «Ціхая» ноч» зусім не значыць, што інтэрактыўныя пляцоўкі ўступяць месца традыцыйнаму агляду экспазіцыі. Змест застанецца па-ранейшаму нечаканым, захапляючым, крэатыўным.

Акцыя праходзіць пры падтрымцы генеральнага партнёра музея замежнага ўнітарнага прадпрыемства «Брытыш-Амерыкан Табака Трэйдынг Компані».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?