Беларускі Чырвоны Крыж выступіў з заклікам аб дапамозе жыхарам Непала, якія пацярпелі ад землятрусу, паведаміла галоўны спецыяліст па сувязях са СМІ і грамадскасцю Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) Настасся Зайцава.

У Непале 25 красавіка адбыўся землятрус магнітудай 7,9, следам за асноўным ударам адбылося больш за сотню афтэршокаў. Землятрус прызнаны самым разбуральным у гісторыі Непала за апошнія 80 гадоў. Да гэтага часу працягваецца разбор завалаў пасля ўдару стыхіі. Паводле даных Міністэрства ўнутраных спраў Непала, колькасць ахвяр землятрусу перасягнула 7,2 тыс. чалавек. Яго наступствы так ці інакш закранулі 8 млн чалавек з 28-мільённага насельніцтва Непала.

Для дапамогі пацярпелым Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа аб'явіла аб зборы грашовых ахвяраванняў ад насельніцтва, арганізацый і прадпрыемстваў рэспублікі ўсіх форм уласнасці. Іх можна пералічыць на разліковы рахунак 3015740099012 ЦБУ нумар 539 ААТ «Белінвестбанк», БІК (МФО)153001739, код 739 з абавязковай паметкай «Помощь Непалу». 

Акцыя прадоўжыцца да 31 мая 2015 года. Усе сабраныя грошы будуць перададзеныя Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. Дапамога федэрацыі будзе ісці па некалькіх напрамках: прадастаўленне прытулку, медыцынскай дапамогі, аднаўленне сямейных сувязей і пошук зніклых, забеспячэнне чыстай вадой і ежай, псіхалагічная дапамога і іншая праца, звязаная з ліквідацыяй наступстваў землятрусу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?