Аляксандр Лукашэнка патрабуе прыняцця мер па захаванні працоўных калектываў на прадпрыемствах. Такую задачу ён паставіў 5 мая, прымаючы з дакладам міністра працы і сацыяльнай абароны Мар'яну Шчоткіну, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

«Гэта праблема больш за ўсё датычыць міністра прамысловасці. Але хацеў бы і вас папярэдзіць, каб вы ва ўрадзе за гэтым пытаннем паназіралі і ажыццявілі кантроль. У нас на некаторых даволі буйных прадпрыемствах па пэўных прычынах, не буду іх называць, мы ўжо не раз аб гэтым гаварылі, склалася вельмі напружаная сітуацыя, абстаноўка, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Мы ні ў якім разе не павінны дапусціць таго, каб іх страціць. Гэта выключана».

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, тут трэба прыняць комплекс мер.

«Але самая галоўная мера, і вы павінны за гэтым сачыць, — захаваць працоўныя калектывы. Крызісы некалі скончацца, рана ці позна, мы гэтыя крызісы перажывалі ўжо не раз, але калі выходзіш з крызісу і на тваю прадукцыю ёсць попыт, а няма рабочага люду, няма рабочага класа, які вырабляў гэту прадукцыю, тады бяда. Таму любымі спосабамі і сродкамі трэба захаваць працоўныя калектывы, зрабіць усё для таго, каб людзі працавалі», — падкрэсліў ён.

У той жа час Лукашэнка падкрэсліў, што гэта не датычыцца «так званых п'яніц і разгільдзяяў». «Калі яны сёння не разумеюць сітуацыю і працягваюць гэта разгільдзяйства, ім не месца ў працоўных калектывах. Але, зноў жа, я папярэдзіў кіраўнікоў і міністра: пад гэту катэгорыю асоб заганяць невінаватых людзей катэгарычна забараняю!», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?