08.02.2008 / 13:31

45 гадоў «Беларускай маладзёжнай» 5

У пачатку лютага споўнілася 45 гадоў з моманту адкрыцьця легендарнай радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная», адной з самых яркіх старонак у гісторыі беларускага радыё.


У пачатку лютага споўнілася 45 гадоў з моманту адкрыцця легендарнай радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная». Гвалтоўна расфармаваная ў 1994 годзе, рэдакцыя не толькі засталася адной з самых яркіх старонак у гісторыі беларускага радыё, але і запачаткавала некалькіх іншых удалых медыяпраектаў, стала стартавай пляцоўкай для шэрагу вядомых беларускіх журналістаў.

«Беларуская маладзёжная» (галоўная рэдакцыя праграм для моладзі) была створана ў межах дзяржаўнага беларускага радыё ў 1963 годзе. Гэта была другая па ліку на тэрыторыі Савецкага Саюзу рэдакцыя са статусам радыёстанцыі — пасля радыё «Юность», утворанай годам раней. («Маяк» стартаваў у 1964 г.).

У сярэдзіне 1980‑х году кіраваць «маладзёжкай» прызначылі 30‑гадовую журналістку Жану Літвіну — сённяшнюю старшыню ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

«Мой прыход як кіраўніка супаў з пераўтварэннямі, што пачаліся тады ў краіне — найперш з перабудовай», — узгадвае Ж. Літвіна.

Яшчэ ў канцы 1980‑х радыёстанцыя запісала «круглы стол» з удзельнікамі руху «Талака», якія ўпершыню загаварылі аб нацыянальнай валюце, нацыянальнай арміі, суверэнітэце і незалежнасці Беларусі. Стужкі з запісам у той жа дзень забрала КДБ, ускрыўшы мантажную, але пасля скандалу на ўзроўні кіраўніцтва Дзяржтэлерадыё запісы вярнулі.

«Наколькі я ведаю, пасля выхаду ў эфір гэтай праграмы Генадзя Бураўкіна (старшыню Дзяржтэлерадыё з 1978 па 1990 гг.) выклікалі ў ЦК партыі. Але я тады зразумела, што ён як кіраўнік заняў прынцыповую грамадзянскую пазіцыю і падтрымаў нас», — кажа Ж. Літвіна.

Менавіта «БМ‑аўцы» першымі ў беларускай радыёпрасторы пачалі асвойваць працу ў жывым эфіры — як вядома, раней да «адкрытага мікрафона» дапускалі толькі дыктараў. Рэдакцыя ўздымала ў эфіры самыя вострыя тэмы, што абмяркоўваліся палітыкамі новай дэмакратычнай фармацыі — пошукі праўды пра Чарнобыль, стварэнне Свабоднага прафсаюзу, незалежнасць краіны і г.д.

«БМ» актыўна асвятляла падзеі ў моладезвай культуры, рок‑музыцы. Як ні складана гэта сёння ўявіць, пераважная большасць супрацоўнікаў размяўляла ў эфіры тагачаснага дзяржаўнага радыё на «тарашкевіцы».

«Гэта было дзёрзка, таленавіта і неабачліва, — узгадвае Жанна Літвіна. — Рэдакцыя была сапраўднай прасторай вальнадумства і маладосці».

У пачатку 1990‑х у складзе рэдакцыі працавалі Уладзімір Дзюба, Валянціна Стэльмах, Анатоль Груша, Алена Сцяпанава, Інэса Студзінская, Таццяна Мельнічук, Алена Радкевіч, Віталь Сямашка, Ігар Ганчарук, Уладзімір Давыдоўскі, Лявон Вольскі, Дзмітрый Лукашук, Алесь Дайнэка. З «БМ» cупрацоўнічалі гукарэжысёры Уладзімір Сакульскі, Дзмітрый Новікаў, Анатоль Додзь. У 1992—1993 гг. да рэдакцыі далучылася генерацыя зусім маладых супрацоўнікаў: Алесь Хмяльніцкі, Іван Кобзік, Ганна Харужая, Генадзь Кеснер, Ірына Курапаткіна, Вольга Бабак. Сярэдні ўзрост журналістаў «БМ» на той момант складаў каля 30 гадоў.

Вясной 1994 г., напярэдадні першых прэзідэнцкіх выбараў, кіраўніцтва Дзяржаўнага камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні аддало распараджэнне расфармаваць рэдакцыйны калектыў «Беларускай маладзёжнай» нібыта ў звязку з чарговай зменай арганізацыйнага статусу Дзяржкамітэта.

Нягледзячы на тое, што фармальна ў супрацоўнікаў «БМ» была магчымасць працягнуць працу ў структуры дзяржаўнага радыё ў іншых рэдакцыях, большая частка калектыву напісала заявы аб звальненні па ўласным жаданні.

«Нас пазбавілі месца працы, але не пазбавілі прафесіі, — зазначае Жанна Літвіна. — Найлепшы доказ гэтага — тое, што галасы «БМ» і сёння нікуды не зніклі. Кожны з журналістаў «Беларускай маладзёжнай» адбыўся як прафесіянал».

Прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»

0
lolik / Адказаць
08.02.2008 / 15:24
а запіс з прэс-канфэрэнцыі з нагоды закрыцьця БМ-кі прагучаў на радыё "Сталіца" у праграме "Кола", якую вялі lolik i filifionka. На гэтым скончылася нашае супрацоўніцтва са "Сталіцай" але ў сьвятле пазьнейшых бурных падзеяў факт дробнай рэпрэсіі дзьвюх стажорак застаўся па-за ўвагай гісторыкаў :)
0
Стары шалудзівы чалавек / Адказаць
08.02.2008 / 21:41
Вясною 1994-га, калі яшчэ кіраваў Кебіч, ягоныя прыхвасьні тыпу Сталярова etc ўдушылі БМ. Зараз Кебіч кніжкі піша. Лепш бы ён зноў запіў. Потым было \"Радыё 101,2\". Пратрымаліся да верасьня 1996г. Душылі ўжо прыхвасьні Айца людзей на чале з Замяталіным. Да БМ і \"Радыё 101,2\" якраз дакладна пасуе зашмальцаванае піларамшчыкамі з БТ слова \"легендарныя\". Галасы вядучых помняцца да гэтае пары, асабліва ўступ:\"Прывітаньне, тут Алена Радкевіч\". Хоць да раны прыкладай той залаты голас. Хлопцы былі добрыя, але дзяўчаты ну проста супэр! Усім вам шанаваньне, асабліва Алене, Валянціне, Вользе, Іне, Таццяне і Жанне. 45 - пост\'ягадны ўзрост, усё яшчэ наперадзе. Пачуемся! Хай вас шчасьце не абміне.
0
Halina von Leipzig / Адказаць
08.02.2008 / 22:18
Dagetul sumuju pa Radyjo 101.2
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру