Віктар Марахін

На пытаньні журналістаў адказаў старшыня Сталай камісіі палаты прадстаўнікоў па бюджэце, фінансах і падатковай палітыцы Віктар Марахін.

Пра бюджэт

Па выніках першага месяца году бюджэт выконваецца ў рамках прагнозных паказчыкаў, запэўніў народны абраньнік.

Адказваючы на пытаньне, ці адносяцца да крыніцаў фармаваньня бюджэту сродкі ад продажу дзяржаўнай маёмасьці, дэпутат адказаў станоўча і дадаў, што мінулы год у гэтым сэнсе быў няўдалым. На дадатковае пытаньне, ці не мае ён на ўвазе продаж Velcom’у, адказаў так:

«Па шэрагу прададзеных аб’ектаў мы атрымалі менш, чым плянавалі».

Адмена ільготаў прынесла ў бюджэт дадатковыя 400 мільярдаў рублёў.

Наконт кампэнсацыі ўкладаў дэпутат выказаўся наступным чынам: сёлетні бюджэт гэтага сапраўды не прадугледжвае, але парлямэнт вернецца да пытаньня ў хуткім часе.

АЭС у крэдыт

Сп. Марахін запэўніў журналістаў, што за права будаваць АЭС у Беларусі, найверагодней, будуць змагацца Францыя і Расея, хоць і не выключаецца магчымасьць удзелу Нямеччыны. Расея і Францыя заявілі, што гатовыя вылучыць нам крэдыты на будоўлю, паведаміў дэпутат.

«Ад Расеі мы атрымалі паўтара мільярда крэдыту і яны нам гатовыя яшчэ два вылучыць — вось вам і грошы на станцыю. Увогуле, мы гатовыя самастойна збудаваць такі стратэгічны аб’ект. Раней такім аб’ектам была Нацыянальная бібліятэка, цяпер станцыя» — сказаў ён.

«Інвэстары стаяць у чарзе»

«Ці не баіцеся, што расейскі капітал нас возьме пад кантроль?» — было пытаньне сп. Марахіну. Ён адказаў, што, па‑першае, беларускае заканадаўства ня дасьць расейцам навязаць нам свае правілы ды звычкі — захоп прадпрыемстваў і дзікунскую прыватызацыю, а па‑другое — «у нас інвэстары ў чарзе стаяць і нам застаецца толькі выбіраць лепшых». Па яго словах, ужо падрыхтаваны сьпіс аб’ектаў дзяржмаёмасьці, гатовых да продажу.

«І гэта дарагія прадпрыемствы» — адзначыў чыноўнік. Пры гэтым ён адмовіўся назваць іх пайменна, спаслаўшыся, што сьпіс пакуль знаходзіцца на зацьвярджэньні і толькі пасьля будзе апублікаваны.

Падаткі

Задачай заканадаўцаў у гэтай сфэры ёсьць спрашчэньне падатковай сыстэмы і падатковага цяжару. Дэпутат парадаваў інфармацыяй пра адмену 14 падаткаў і плацяжоў. Фізычныя асобы могуць уздыхнуць з палёгкай — падатак на заробак ад дадатковай працы будзе вылічвацца аўтаматычна з дадатковага заробку, што адмяняе патрэбу зьвяртацца ў падатковую інспэкцыю. Аўтааматары таксама атрымалі падарунак: дэпутаты не задаволілі просьбу Міністэрства транспарту ўкласьці страты ад адмены дарожнага падатку ў кошт бэнзіну.

Турызм у нас квітнее

Дэпутат парлямэнту ўпэўнены, што ўсе сродкі, што вылучаюцца на разьвіцьцё турызму, засвойваюцца. У прыклад прывёў рэканструкцыю замку і палацу ў Міры і Нясьвіжы. Акрамя таго, зазначыў Віктар Іванавіч, у нас вельмі шмат гісторыка‑культурных аб’ектаў у глыбінцы, пра якія клапоціцца дзяржава. Адзін зь іх асабліва ўразіў яго ў часе леташняга парлямэнцкага туру па Беларусі:

«Заехалі мы ў адну вёску, а там вельмі прыгожы касьцёл. Нас сустрэў ксёндз. Вакол касьцёлу ўсё нагадвае Францыю — прыгожыя газоны, кусты».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?