Цяжка ўспомніць сустрэчы, каб наша зборная каманда па хакеі гуляла ў адкрыты, атакуючы хакей з прадстаўнікамі «вялікай шасцёркі». Беларусы некалі мелі перамогі над Расіяй, Фінляндыяй, Швецыяй, але гэта былі гульні, дзе нашы цэлы матч гераічна абараняліся, рэдка думаючы пра атаку. Сёння ж у матчы з ЗША на чэмпіянаце свету ў Чэхіі нашы прадэманстравалі зусім іншы хакей.

На кожны кідок амерыканцаў мы адказвалі сваім, на кожны выхад на браму Кевіна Лаланда быў прапарцыйны адказ. Карацей кажучы, беларусы зусім не баяліся аўтарытэтных амерыканцаў, якія за пару дзён да таго перамаглі леташніх чэмпіёнаў свету з Расіі.

Першы перыяд прынёс панылыя нулі, хаця амерыканцы былі і бліжэйшыя да таго, каб адкрыць лік. Але аднойчы самаахвярны абаронца Явенка вынес шайбу практычна з пустых варот.

Палова другой трэці таксама праходзіла без шайб. І цяжка было ўявіць, што ў выніку гледачы пабачаць такую колькасць галявых атак.

Беларусы ўдарна правялі пяціхвілінку паміж 31-ай і 36-ай, калі змаглі тройчы засмуціць ЗША. Дзве першыя шайбы былі закінутыя нібыта пад капірку. Перадачы са сваёй паловы пляцоўкі праз правы борт і Гаўрус з Волкавым выходзілі адзін на адзін з брамнікам – 2:0.

Трэцяя шайба нарадзілася пасля таго, як Аляксандр Кітараў толькі-толькі выйшаў з бокса штрафнікаў. І атака праходзіла праз усё той жа правы фланг.

У пачатку трэцяга перыяда беларусы нарэшце ўпершыню на чэмпіянаце свету рэалізавалі колькасную большасць. Адзначыўся Аляксей Калюжны, дакладней быў аўтагол, але самастрэлы ў хакеі, у адрозненне ад футбола, не ўлічваюцца. Апошнюю пятую шайбу закінуў зноў Аляксей Калюжны.

Добрым словам зноў варта адзначыць Кевіна Лаланда, які сваёй упэўненай гульнёй у браме натхняў атаку і абарону.

На трыбунах сёння зноў было шмат бел-чырвона-белых сцягоў. Гэта першая ў гісторыі перамога беларусаў над ЗША.

Пасля чатырох тураў зборная Беларусі займае ў групе першы радок, маючы на рахунку 10 пунктаў!

Наступная сустрэча пройдзе 9 мая супраць зборнай Расіі. Пачатак а 13:15.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?